Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноСельская жизньСельская жизнь

Паўзабыты пах сырадою

Паўзабыты пах сырадою04 сентября 2013 — 10:00

 Нашы суседзі Ў Мікелеўшчыне - сям’я Лішко— сёння трымаюць у гаспадарцы аж шэсць кароў.  Штодня да іх дому  раніцай  пад’язджае малакавоз, сігналіць, і гаспадыня  Лілія Чаславаўна  спяшаецца да яго  з поўнымі вёдрамі. Ёй іншы раз дапамагаюць сыны і нявестка. Летам да ста літраў малака прадае гэтая працавітая сям’я дзяржаве. За літар здадзенага малака  да нядаўняга часу плацілі  2550 рублёў. “Малочны бізнес”—значная прыбаўка ў сямейны бюджэт.

Кожную раніцу старэйшае і малодшае  пакаленне Лішко  выводзяць кароў на пашу. Іншы раз прагулку з каровамі на луг даводзіцца рабіць два, а то і тры разы. У гэтай вялікай сям’і сёння пад адным дахам  мірна ўжываюцца  тры пакаленні. Якраз гэта і дапамагае хутка ўпраўляцца з  немалым дамашнім  статкам.

  Рэакцыя вяскоўцаў на гэтую выяву неадназначная. “Навошта так выжыльвацца, калі ўсе малочныя прадукты можна купіць  у мясцовым магазіне”,— разважаюць адныя. Другія ім пярэчаць: “Хіба можна параўнаць магазіннае масла ці тварог з дамашнімі, з якіх, здаецца, ніколі не зможа  выветрыцца пах лугавых кветак і траў! Сенам і саломай забяспечвае мясцовая сельгасгаспадарка, не трэба самому касіць, як раней”. Слухаю спрэчку аднавяскоўцаў, а ў памяці паўстае ўжо паўзабыты, але такі   памятны з  маленстве пах прывезенага з лугу сена.  Сенавал на цэлае лета станавіўся для вясковых дзяцей любімым месцам для начлегу. Сырадоем ранкам, днём і вечарам  стараліся  напаіць нас мамы. Пазней сырадоем яны частавалі  ўжо гарадскіх унукаў. У горад яны ад’язджалі не толькі загарэлымі, але і прыкметна пакруглелымі і пасвяжэлымі. “Гэта ад малачка яны такія пухленькія і румяныя”, —  радаваліся бабулі за ўнукаў, перадаючы іх бацькам.

   А вось праўнукам паспытаць на смак духмянага сырадою ўжо не давялося. Вясковыя дзядулі адышлі ў нябыт,  бабулі пастарэлі, упраўляцца з  каровамі ім стала не пад сілу. А маладзейшыя вяскоўцы  занадта прагматычныя, яны  скурпулёзна падлічваюць затраты і прыбытак ад “малочнага бізнесу” і робяць вывад, што выгадней купляць малочныя прадукты ў магазіне. Вытворчасць малака на  сучасных малочнатаварных комплексах больш рэнтабельная, чым ва ўласным хляве.       З  гэтым цяжка  і няварта  спрачацца. Рэдка якая карова  ў падсобнай гаспадарцы дасць за год восем-дзевяць тон малака. На сучасных комплексах такі надой стаў ужо нормай.

Многае залежыць і ад псіхалогіі чалавека. Сялянская псіхалогія з цягам часу мяняецца.   У Мікелеўшчыне і суседніх вёсках гадоў дваццаць назад прыватны статак налічваў больш за 300 кароў, сёння ж  на тэрыторыі сельскага Савета 41, а ў Мікелеўшчыне ўсяго  23 рагулі. Раней  іх на пашу  выганялі пастухі.  Амаль з кожнага вясковага двара выходзілі адна, а то і больш кароў. Пасвілі іх вяскоўцы па чарзе, кожнаму ў ролі пастуха даводзілася выступаць раз у паўтара,  а то і два месяцы.

  У час летніх канікул пастухамі даводзілася быць і дзецям. Колькі кніг мы з сяброўкай перачыталі, ходзячы  ў маленстве і юнацтве доўгімі летнімі днямі за статкам!.. Мы з ёй нават своеасаблівы конкурс ладзілі, хто больш прадэкламуе вершаў на памяць. Пакуль каровы скублі траву, мы да самазабыцця  чыталі свае любімыя вершы. Нас перабівалі сваім клёкатам бясконцыя чароды буслоў, якія хадзілі за каровамі, здабываючы сабе на корм жабаў, не звяртаючы ніякай увагі на нашы літаратурныя дэбаты.

Сустрэўшыся  не так даўно з сяброўкай дзя-цінства, яна цяпер мінчанка,    са светлай настальгіяй  успаміналі тыя лугавыя літаратурныя чытанні. І нам да слёз зноў захацелася  апынуцца на той  вясковай пашы. Толькі гэта немагчыма, бо ўжо не першы год стаяць пустымі  хлявы  не толькі ў нашых бацькоў, але і ў многіх  маладзейшых вяскоўцаў.

Такая вялікая падсобная гаспадарка, як у Лішко,  сёння для вяскоўца  хутчэй выключэнне. Некаторы час сям’я абыходзілася без каровы. Ініцыятарам купіць рагулю выступіў   сын Іван. Ён ажаніўся, нядаўна ў маладых нарадзілася дачушка. Пакуль што яны жывуць з бацькамі, але мараць пра ўласны дом. Свае планы Іван прывык ажыццяўляць самастойна, спадзеючыся  толькі на ўласныя  працавітыя рукі і розум. Выручаны рубель за здадзенае малако, дастойную прыбаўку да зарплаты вадзіцеля раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях мяркуюць ахвяраваць для ажыццяўлення  гэтых планаў. Спачатку ў сям’і Лішко не думалі заводзіць такі вялікі статак, разлічвалі набыць дзве ці, у крайнім выпадку, тры каровы.

Прадавец  мясцовага магазіна Марына Валяр’янаўна Якусік разумее гаспадарлівага і працавітага Івана і нават салідарна з ім. Яны  з мужам Вячаславам Міхайлавічам трымаюць трох кароў.— На зарплату вясковага прадаўца сёння не вельмі разгонішся. Трэба сыноў вучыць, іх у нас тры. Грошы за здадзенае малако якраз і ідуць на гэта. За прададзеных цялят атрымліваем збожжа, якое пазней выкарыстоўваем на корм дамашняй  жывёле. Сёння ўпраўляцца з каровай лягчэй, чым  было раней,  гатовыя кармы выдзяляе мясцовая гаспадарка. Уцягнуліся мы  з мужам у гэтую нялёгкую сялянскую працу і ўжо не ўяўляем свайго жыцця без яе. У нас  рагуля з’явілася практычна адразу пасля  вяселля. Праўда, я разумею і тых, хто пазбавіўся па нейкай прычыне ад каровы і, значна аблегчыўшы сабе жыццё,   не хоча зноў  узвальваць на свае плечы такі цяжар,—  робіць вывад Марына Валяр’янаўна.

  Па тры каровы ўтрымліваюць у сваіх падсобных гаспадарках Іван Іосіфавіч і Наталля Леанідаўна Лісай, Уладзімір Уладзіміравіч і Марыя Адамаўна Воранавы.   Сітуацыя такая, што хутка нават вясковыя дзеці, не гаворачы пра гарадскіх, карову  змогуць убачыць толькі на комплексах. Павярнуць назад час немагчыма. Можна толькі ўспамінаць ...           Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧ


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио