Нездарма ў народзе кажуць, што здароўе не купіш ні за якія грошы. А зберагчы, умацаваць здароўе можна. Гэтай справай займаюцца ўсе ўстановы адукацыі. У дзіцячых садах дзяцей прывучаюць да зарадкі, у школах вялікая роля адводзіцца ўрокам фізічнай культуры і здароўя.
Урокі фізічнай культуры і здароўя дазваляюць вучням задаволіць свае рухальныя патрэбы. Ёсць магчымасць развучыць новыя практыкаванні, новыя гульні, паўдзельнічаць у шматлікіх спаборніцтвах. Патрэбна адзначыць, што спаборніцтваў праводзіцца шмат па самых розных відах спорту. А вось дні здароўя – гэта сапраўдныя святы. Адно з такіх яркіх спартыўных свят адбылося ў нашай школе. Сярод вучняў старэйшых класаў прайшла сяброўская сустрэча па валейболе пад дэвізам “Мы выбіраем здаровы лад жыцця” і прысвечана Году якасці. Падрыхтаваная спартыўная зала, музыка, балельшчыкі чакалі нашых спартсменаў. На пляцоўку выйшлі дзве зборныя каманды хлопчыкаў і дзяўчынак. І пачалася гульня, як у сапраўдных прафесіяналаў пад дзяржаўным сцягам Рэспублікі Беларусь. Гульня аб’яднала ўсіх: і дарослых, і дзяцей. Малодшыя хваляваліся за старэйшых. Паміж вучнямі панаваў дух спаборніцтва. Час ад часу чуліся галасы вучняў у падтрымку сваіх сяброў ці аднакласнікаў: “Віка, малайчына!”, “Давай, Максім!” Цудоўна, што вучні любяць спорт, цудоўна, што ўсе разам. Малодшыя вучацца ў старэйшых, усё як у сапраўднай сям’і.
Скончылася гульня, сціхла музыка, усе пакінулі спартыўную залу. Але ва ўсіх прысутных засталіся прыемныя ўражанні ад спартыўнай баталіі, ад добрых адносін паміж вучнямі. Такія турніры абавязкова будуць мець працяг, бо нясуць яны дух сяброўства, бадзёрасці, узаемападтрымкі і дапамогі адзін аднаму, пазітыў і добры настрой.
На свяце прысутнічалі настаўнікі, кіраўніцтва школы, інспектар па справах непаўналетніх АУС Мастоўскага райвыканкама Ксенія Бельская.
Рэгіна Дравіца,
настаўнік дзяржаўнай установы
адукацыі “Азёркаўская сярэдняя школа”
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад