Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноОфициальноСоциумДуховность

Пасхальнае віншаванне высокапраасвяшчэннейшага Арцемія, архіепіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага

Пасхальнае віншаванне высокапраасвяшчэннейшага Арцемія, архіепіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага19 апреля 2020 — 12:39
Хрыстос уваскрэс!
 
Дарагія браты і сёстры, шчыра віншую вас з Пасхай Гасподняй – Светлым Хрыстовым Уваскрасеннем, якое, як кажа нам пра гэта Святая Царква, ёсць “свята са святаў” і “ўрачыстасць з урачыстасцяў”! Міласцю Божай мы дасягнулі гэтага сапраўды Вялікага дня.
 
Праходзячы разам з Царквой праз ачышчальны час Вялікага посту і падзеі Страстнога тыдня, у пасхальную ноч з благагавеннем мы набліжаемся да раскрытай магілы Хрыста – і бачым яе пустою. Са старонак Евангелля чуем мы словы вястуноў Божых – святых ангелаў, якія абвяшчаюць нам перамогу жыцця над смерцю: “Што вы шукаеце жывога сярод мёртвых? Яго няма тут, Ён уваскрэс” (Лк.24:5-6). Уваскрасенне Хрыстова напаўняе наша жыццё сэнсам, дае веру ў будучыню.
 
Сёлета перадпасхальны перыяд вызначаецца глабальным выклікам чалавецтву: распаўсюджаннем у сусветным маштабе згубнай пошасці – каронавіруснай інфекцыі, з’яўленне якой мы разглядаем як выпрабаванне нашай веры, нашай чалавечай годнасці. Але часы гісторыі нашай заўсёды былі складаныя: складаныя былі яны і тады, калі Збавіцель хадзіў па гэтай зямлі як уцеляснёны Богачалавек, і ў наступныя пасля гэтага стагоддзі былі войны, былі страшныя эпідэміі, быў голад, былі няшчасныя хворыя, былі старыя і нямоглыя. Людзям было страшна, людзям было складана, і ўсе яны ўсклікалі да Госпада, каб Ён пачуў іх і дапамог ім. Усё гэта было, і людзі спадзяваліся толькі на Бога.
 
Калі мы ад усёй сваёй душы шчыра звяртаемся да Бога з жаданнем пазбавіцца таго ці іншага няшчасця і шлях гэты праходзім да канца, мы атрымліваем нешта большае – радасць адзінства з Богам, нягледзячы ні на кога і ні на што. Вось чаму так важна было Хрысту паспець да сваёй крыжовай смерці і данесці да апосталаў гэту самую галоўную ісціну: адзінства з Богам – гэта шчасце, далучанасць да Бога – гэта радасць, дачыненні з Богам – гэта вырашэнне ўсіх нашых праблемаў, якімі б невырашальнымі ні здаваліся яны нам. Але для гэтага трэба прыйсці да Бога бескарысліва і з чыстым сэрцам. Для гэтага трэба перамяніцца, аднавіцца, адрадзіцца духоўна.
 
Віншую ўсіх вас са святам Святой Пасхі Хрыстовай і малітоўна жадаю вам і вашым блізкім светлай пасхальнай радасці, усёпераможнай надзеі, моцы душэўных і цялесных сіл!
 

Сапраўды ўваскрэс Хрыстос!


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио