“Талака, прысвечаная Году міру і стварэння” – пад такой назвай праходзіць у гэтым годзе Тыдзень лесу, галоўным дэвізам якога сталі словы “Пасадзі сваё дрэва!”
Стаць удзельнікам акцыі можа кожны. Дастаткова толькі праявіць ініцыятыву – звярнуцца ў лясніцтва і заявіць аб сваім жаданні. У гэтым годзе кампанія адбудзецца ў нестандартным фармаце: кожная вобласць самастойна вызначыць тэрмін яе правядзення.
Кожны год педагогі і навучэнцы ДУА “Мілявіцкая сярэдняя школа” ўдзельнічаюць у гэтай акцыі, таму вырашылі не парушаць традыцыю і ў гэтым годзе. Не дачакаўшыся пачатку акцыі (у Гродзенскай вобласці яна стартуе 15 красавіка), а кіруючыся прыроднымі ўмовамі, члены валанцёрскага атрада “Палымяныя сэрцы” ўстановы адукацыі звярнуліся да кіраўніцтва Курылавіцкага лясніцтва з прапановай распачаць акцыю першымі! Андрэй Якусік, ляснічы Курылавіцкага лясніцтва, з задавальненнем адгукнуўся на прапанову правесці сумесную акцыю і прадаставіў нам такую магчымасць: выдзелілі тэрыторыю пад пасадку, забяспечылі саджанцамі елкі і сасны.
Спачатку супрацоўнікі лясніцтва А.Э. Масюк і А.П. Рожка паказалі навучэнцам майстар-клас, а потым работа “закіпела”. Кожнаму хацелася ўнесці свой уклад у агульную справу і пасадзіць сваё дрэва, хацелася выканаць свой доўг перад самім сабой, перад прыродай. Вельмі стараліся Данііл Боб, Ангеліна Тарлецкая, Вячаслаў Дубатоўка, Аляксандр Сцецко, Алеся Заміроўская, Паліна Новік, Анастасія Заяц. Садзілі дрэвы ў пэўным парадку: сем радкоў сасны, тры радкі елкі. Дзецьмі кіравала пачуццё адказнасці, узаемадапамогі, таварыскасці, дапытлівасці. Побач з намі працавалі навучэнцы і настаўнікі ДУА “Азёркаўская сярэдняя школа”. Таму ўвесь час прысутнічаў дух спаборніцтва і вясёлы настрой.
Пасадка лесу разнастаіла штодзённыя вучэбныя будні дзяцей, адкрыла іх з іншага боку. Удзельнікі акцыі пашырылі свае веды пра карысць хваёвых дрэў, пра іх ролю для кожнага чалавека асабіста і для нашай дзяржавы ў цэлым.
У прадаўжэнне добрых спраў многія намерыліся абавязкова пасадзіць дрэва яшчэ і каля свайго дома.
Людміла КІСЛАЯ,
дырэктар ДУА “Мілявіцкая сярэдняя школа”
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад