Мінулая зіма, на радасць дзетвары і на засмучэнне дворнікам, выдалася снежнай і даволі марознай. Чысціць тратуары ад снегу даводзілася штодзённа, а іншы раз і некалькі разоў на дзень. Ідучы на работу, кожную раніцу даводзілася назіраць, як дворнікі змагаюцца са снежнай стыхіяй.
Марыя Міхайлаўна Садзюк дворнікам працуе нядаўна. І ўчастак ёй да-стаўся складаны—цэнтральная вуліца горада Савецкая. Каб падтрымліваць тратуар у належным стане, Марыі Міхайлаўне зімой давялоя браць на дапамогу мужа Анатолія Станіслававіча. Сямейны дворніцкі “дуэт” дружна і зладжана працаваў цэлую зіму. І раніцай і, ідучы на абед, мы, супрацоўнікі рэдакцыі, заставалі Садзюкоў за работай. Затое і тратуар на іх участку заўсёды быў вычышчаны да бляску, хоць ты блінцы на ім пячы. Пешаходы адразу ж адчулі ўсю выгоду і зручнасць ад працы старанлівых дворнікаў: ніхто на іх участку не паслізнуўся, не ўпаў.
Марыя Міхайлаўна з кагорты тых жанчын, якія паспяхова справяцца з любой работай, якую ні даручы. Яна выхоўвалася ў сялянскай мнагадзетнай сям’і, дзе дзеці з маленства прывучаліся да разнастайнай работы.
Работу дворніка да гэтага асвойвала ў суседняй Польшчы. А там патрабаванні і адносіны да чысціні і парадку зусім іншыя: —У нас маладая мама вязе ў калясцы немаўля і ва ўсе бакі плюецца лушпіннем ад семак. Малы раскруціў цукерку, засунуў у рот, а рознакаляровы фанцік паляцеў з яго ручкі проста на тратуар. Нездарма гаворыць, што дзіця пераймае звычкі ад маці, і добрыя, і дрэнныя. Пазней ніякі дворнік не прымусіць яго кідаць смецце ў спецыяльныя скрынкі, якія ўжо і ў Мастах стаяць уздоўж тратуараў. У Польшчы я ні разу не назірала такой карціны. А ў Мастах я ўжо нават перастала рабіць заўвагі падобным мамам, бо ў адказ іншы раз пачуеш такое, што хоць вушы затыкай. На вялікі жаль, у нас усе хочуць хадзіць па чыстых і акуратных вуліцах. Але ніхто не цэніць працу тых, хто наводзіць парадак. А ісціна простая: чыста не там, дзе прыбіраюць, а там, дзе не смецяць,— разважае Марыя Міхайлаўна.
З наступленнем вясны дворнікі ўзяліся за пасадку кветак, каб зрабіць наш горад прыгожым. Усё-такі важная ў горадзе фігура дворнік у яркім, аранжавым, як сонца, касцюме!
Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧ
На здымку: дворнік РУП ЖКГ М.М. САДЗЮК.
Фота М. ПАВЯДАЙКІ
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад