… Асабліва, калі яно такое жудаснае. Вялікая Айчынная вайна – найвялікшая трагедыя ў гісторыі нашай краіны. Усе ведаюць, колькі бед прынесла яна беларускаму народу. Да жудасных вынікаў вайны трэба дабавіць трагічныя лёсы мірных жыхароў, мужчын, жанчын і дзяцей, прымусова вывезеных у Германію з акупіраванай немцамі тэрыторыі. У іх была свая вайна. Яны не пайшлі на фронт, не трымалі ў руках зброі, аднак смерць была побач. Гэта ў іх вайна ўкрала дзяцінства, уварвалася ў маладосць, адарвала ад Радзімы і блізкіх людзей, зрабіла рабамі. За асобнымі лёсамі гэтых людзей бачыцца трагедыя тысяч беларусаў, якія не па сваёй волі апынуліся ў Нямеччыне.
Нездарма 11 красавіка штогод адзначаецца Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцэнтрацыйных лагераў. Навучэнцы нашай установы адукацыі прынялі непасрэдны ўдзел у мерапрыемствах, прысвечаных гэтай трагічнай старонцы, арганізаваных у школьным музеі “Гісторыя нашага краю”. Менавіта праз школьны музей ажыццяўляецца сувязь часоў і пакаленняў. Тут абноўлена экспазіцыя па генацыдзе беларускага народа “Памяць і боль беларускай зямлі”, якая расказвае аб фактах злачынстваў на мастоўскай зямлі. Адна з трох частак называецца “Апошнія сведкі той страшнай вайны” і расказвае аб земляках, вывезеных у Германію на прымусовыя работы. Мандзік Надзея Аляксееўна, Стасевіч Таццяна Васільеўна, Кучэўскі Міхаіл Міхайлавіч – гэта ў іх вайна ўкрала дзяцінства, так як трапілі яны на чужыну ў малалетнім узросце.
Кіраўнік музея пазнаёміла з успамінамі жывой сведкі ваенных падзей Марыі Пятроўны Лудзіч, ураджэнкі Зэльвенскага раёна, а цяпер жыхаркі аграгарадка Вялікая Рагозніца, якая была адпраўлена ў Германію, будучы ўжо дарослай, перанесла ўсе нягоды і ў 2020 годзе адзначыла свой стогадовы юбілей.
Памяць не дае забыць мінулае… Ціхае, размеранае жыццё Марыі Пятроўны закончылася ў адно імгненне, калі пачалася вайна. “Помніцца, колькі страху было ў людзей, калі па вуліцы роднай вёскі загрукаталі нямецкія танкі”, – успамінае М.П. Лудзіч Не ведала маладая дзяўчына, якое выпрабаванне чакала яе наперадзе. Цёплым чэрвеньскім днём 1943 года нямецкі стараста прынёс у сям’ю страшную вестку: адна з дачок, Марыя, павінна з’явіцца праз два дні на зборны пункт для адпраўкі ў Германію. Давялося жыць і працаваць Марыі Пятроўне на хутары каля горада Сэнсбург. У памяці засталася праца з 4 гадзін раніцы да 24 гадзін ночы. Даводзілася рабіць усё, што загадаюць, а спаць – у невялікай прыбудоўцы, есці – што давядзецца. Звычайна вечарам – гэта кубак малака і кусок прыцвілага хлеба. Успамінаецца не толькі цяжкая праца, але і жорсткія адносіны з боку гаспадара.
Зразумела дзяўчына, што вызваленне прыйшло, калі раніцай на хутар уварваліся трое савецкіх салдат, і пачула яна на рускай мове: “Войне – конец! Вы – свободные!” Далей была доўгая дарога дадому, ды няветліва сустрэла Марыю Пятроўну родная вёска: вярнулася яна на папялішча. Але Марыя Пятроўна вытрывала ўсё, што выпала на яе долю, не страціла лепшыя чалавечыя якасці, працавала шчыра, сумленна. І сёння жыве ціха, спакойна, знаходзіць радасць у дзецях, унуках.
Валанцёры, вучні Рагозніцкай сярэдняй школы, часта наведваюць Марыю Пятроўну Лудзіч, каб павіншаваць з дзяржаўнымі святамі, днём нараджэння, дараць на памяць падарункі, зробленыя сваімі рукамі. Гэты дзень таксама не стаў выключэннем. Члены цімураўскага атрада “Клопат” і валанцёрскага атрада “Добрыя сэрцы” прынялі ўдзел у акцыі “Жывая памяць пакаленняў” у рамках акцыі “Хваля памяці”, каб яшчэ раз павіншаваць яе, пачуць асобныя эпізоды з мінулага жыцця. Марыя Пятроўна шчыра выказвае словы падзякі і адно, на яе думку, самае галоўнае пажаданне: “Каб вы не зведалі ў жыцці такога, каб вы не зналі ніколі вайны”.
І таму я ўпэўнена, што пасля такіх сустрэч нашы вучні добра разумеюць: каб мець шчаслівую будучыню, неабходна памятаць мінулае, даражыць мірным жыццём, выказваць словы ўдзячнасці і павагі тым, хто яшчэ жыве сярод нас, бо яны маюць права на людскую памяць і пашану.
Антаніна Лудзіч, кіраўнік музея ДУА “Рагозніцкая сярэдняя школа”
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад