Пад разгалістымі векавымі дрэвамі, якія вальготна адчуваюць сябе ў цэнтры Котчына, што на тэрыторыі Курылавіцкага сельскага Савета, сабраліся яе жыхары на свята вёскі. Прыйшлі ўсе, хто змог па стану здароўя, прыехалі тыя, хто тут нарадзіўся і вырас, але ў свой час пакінуў родныя мясціны.
На працягу больш за дзве гадзіны гучалі песні, многа добрых слоў у свой адрас пачулі вяскоўцы ад работнікаў сельскага клуба “Азёркі” Ірыны Мікалаеўны Шалястовіч і Галіны Антонаўны Шалястовіч, старшыні Курылавіцкага сельсавета Сяргея Валяр’янавіча Каспяровіча, намесніка старшыні СВК “Азяранскі” па ідэалагічнай рабоце Людмілы Паўлаўны Васілеўскай, якія выступілі арганізатарамі свята.
У Котчына, што ні хата, цудоўнымі людзьмі багата. Л. П. Васілеўская ўручыла сяльчанам граматы: каму за былыя працоўныя заслугі, а маладзейшым – і за сённяшнюю працу.
Удзельнікі вакальнага гурта “Азяраначка” Валянціна Мармыш, Алена Чудзілоўская, Наталля Жыткевіч, Ксенія Шалястовіч, Юлія Майсюк, Крысціна Тур, Яна Калядзіч і Валерыя Драздова святочны настрой стварылі задушэўнымі песнямі. Песні ў іх выкананні вяскоўцам вельмі спадабаліся. Як сведчанне гэтаму, букеты кветак, якімі ўсхваляваныя і задаволеныя вяскоўцы адорвалі артыстаў.
Вы нас быццам вярнулі ў маладосць, прымусілі ўспомніць перажытае. Прыязджайце да нас кожны месяц, дзякавалі артыстам за цудоўнае свята і запрашалі наведваць вёску часцей самыя старэйшыя жыхаркі Котчына 87гадовыя Надзея Іванаўна Касперская і Зінаіда Піліпаўна Філіповіч, якія нягледзячы на шаноўны ўзрост з задавальненнем прыйшлі на свята роднай вёскі.
Сёння ў Котчына пастаянна жывуць 52 вяскоўцы, пераважна бабулі шаноўнага ўзросту. А вось Марыі Іосіфаўне і Міхаілу Іванавічу Пашкевічам, Вользе Іванаўне і Цеафілію Іванавічу Грышко пашчасціла жыць у пары і адсвяткаваць залатое вяселле. Іх таксама не абышлі ўвагай на свяце. Калі Яна Калядзіч выконвала для мамаў песню “Ружакветка”, Марыя Іосіфаўна Пашкевіч, мама чатырох дзяцей і бабуля аж дзевяці ўнукаў, ад хвалявання не змагла стрымаць слёз.
Котчына славіцца не толькі сваімі жыхарамі, але і ганарыцца самабытным вясёлым задорным танцам “Котчынская кадрыля”, які беражліва захоўваецца і перадаецца з пакалення ў пакаленне і сёння занесены ў спіс нацыянальнай гісторыкакультурнай спадчыны. Не абышлося без кадрылі і свята вёскі. Танцавалі ўсе, хто меў жаданне і натхненне.
Таццяна Канстанцінаўна ад імя ўсіх котчынцаў падзякавала мясцовым артыстам за дастаўленыя прыемныя хвіліны.
Я пераканана, што такія святы вяскоўцам патрэбны, яны як глыток свежага паветра ў спакойным і размераным вясковым жыцці, яны яго ўпрыгожваюць, выказвае меркаванне акампаніятар сельскага клуба “Азёркі” Г. А. Шалястовіч.
Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧ
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад