Сёння ў утульным дворыку ля Гудзевіцкага літаратурна-краязнаўчага музея было людна. Да дзвюх гадзін каля імправізаванай сцэны сабраліся выканаўцы і госці не толькі з Гудзевічаў, але і з іншых мястэчак раёна і вобласці. Усяму віной славуты Гудзевіцкі тэкстыльны фэст, які з года ў год славіць майстэрства мясцовых ткачоў, якія некалі заснавалі нават сваю школу ткацтва.
Гэта пацвердзілі ўжо ў самым пачатку ўрачыстасці: пад музыку дзяўчаты вынеслі велізарны ручнік, на якім выткалі ўсе свае знакі і гербы майстра ткацтва з 17 раёнаў Гарадзенскай вобласці.
Далей увага гледачоў была прыкавана да сцэны, хоць некаторыя адразу пацягнуліся ледзь правей ‒ да панадворчыка, дзе размясцілася выстава «Прыгажосць тканая і вышываная». Тут можна было не толькі панаглядаць за працай майстроў, але і самому сесці за ткацкі станок.
Кацярына Басінская, былы дырэктар музея, лічыць сябе вучаніцай Веры Ігнатаўны Белакоз ‒ адной з захоўніц традыцый гудзевіцкай школы падвойнага ткацтва. Яна скарыстала ў сваіх дыванах галоўным чынам ніткі чырвоных і чорных колераў ‒ і гэтыя дываны сталі яе візітнай карткай. Кацярына ж выкарыстоўвае чырвоныя і сінія колеры ў сваім палатне.
‒ Перш за ўсё складанасць у тым, ‒ Кацярына растлумачвае сваю працу, ‒ што тут адразу тчэцца дзве тканіны, адначасова. І праз тое, што дзве тканіны, і праз складанасць працы дываны гэтыя былі не танныя, таму і ткалі іх у якасці падарунка на вяселле. Але ж яны былі шчэ і цеплыя, таму часценька дываны гэтыя выкарыстоўвалі ў якасці коўдры.
‒ А ці можа памыліцца ткач? ‒ пытаемся мы.
‒ На гэтым станку ‒ можа. Вось тут я якраз і зрабіла памылку, ‒ паказвае Кацярына. ‒ Але ж зараз мы зробім вось так… ‒ і яна робіць некалькі складаных (для чалавека, які вельма далекі ад ткацтва) маніпуляцый. ‒ І ўсё! Можна ткаць далей. Вось тут цана памылкі ‒ гэта час. Таму трэба гэтую справу насамрэч любіць ‒ каб не было марудна.
Свае работы прэзентавала і Алёна Феліксаўна Шунейка з Горадні, якая займаецца ткацтвам габеленаў. Яе працы ўпрыгожваюць Палац Незалежнасці, а спосаб ткання Алёны Феліксаўны з’яўляецца каштоўнасцю, якая ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.
Усіх гледачоў запрашаюць прыняць удзел у майстар-класах, але ж ткацкі станок, хай і зроблены нядаўна, выглядае вельмі складанай для асваення канструкцыяй. Асабліва бянтэжылі шматлікія педалі ўнізе ‒ быццам у нейкага дзіўнага раяля.
‒ Падыходзіце да нас, у нас лёгка! ‒ зазываюць да сябе Лілія Рэйшэль і Людміла Станеўская. У іх руках прасцейшыя ткацкія станкі ‒ у выглядзе прастакутнай рамы з нацягнутымі паміж імі струнамі нітак. ‒ Што значыць “не ўмееце?” Навучым, вядома ж!
Навучыцца можа і сапраўды кожны ахвотнік ‒ і ад дзесяцігадовай дзяўчынкі, што прарабляе ўсе рухі з нечаканым спрытам, і да трыццацігадовага гарадскога жыхара, які ў сваім жыцці са швівам сутыкаўся толькі ў арміі. Аднак пад чуйным кіраўніцтвам Ліліі і Людмілы рукі жывуць сваім жыццём ‒ і раптам апынаецца, што ты ўплёў ва ўзор ужо некалькі нітак!
‒ Майстар ткацтва! ‒ у голасе Лілія Рэйшэль, старэйшага навуковага супрацоўніка музея гучыць гонар. Яна тут жа прапануе паспрабаваць свае сілы на станку не для пачаткоўцаў, а на тым, дзе працуе Людміла Станеўская.
‒ Вось толькі там мыляцца няможна. Бачыце ўзор? Там трэба падбіраць патрэбную нітку штораз ‒ інакш сапсуяце малюнак, і гэта будзе вельмі заўважна, ‒ расказвае Людміла.
Адмаўляемся ‒ да гэтага узроўню нам бракуе яшчэ сотняў гадзін практыкі ‒ і адпраўляемся на пошукі трапезы зямной пасля ежы духоўнай. Добра, што на іншым баку палянкі разгарнулі невялікую страўню прадстаўнікі ЗАТ «Гудзевічы». Заваблівалі да сябе грачанай кашай з мясам, аднак пагляд усё адно губляўся ад колькасці іншых присмаков: дранікі, клёцкі, кілбаскі, палендвица, невялічкія бліны ‒ увогуле, усё, чым толькі славіцца беларуская кухня.
Крыху далей размясцілася рэтра-фотаатэлье «Часоў злучная нітка», дзе кожны ахвотнік мог пераапрануцца ў беларускае народнае адзенне і сфатаграфавацца на фоне аўтэнтычнай хаткі. Трошкі пазней там асталяваліся і музыканты, што ўжо адыгралі свой нумар ‒ пераапранацца пад акампанемент баяна і ручнога барабана было дакладна весялей.
Дзеці ж таксама знайшлі сабе забаўку па гусце: пасля пачатку канцэрта яны перавандравалі ў самы пачатак лакацыі. Там яны маглі памерыць сіламі ў настольным футболе і аэрахакеі, зрабіць сабе аквагрым ‒ ну ці проста паваляцца на гіганцкіх мяккіх крэслах.
І дзеці, і сталыя пасля вярнуліся да сцэны: мабыць, іх прыцягнуў шум песень і скокаў. Там ужо напоўніцу разаграваў гледачоў народны фальклорны калектыў “Жывіца” з аг. Квасоўка. Вакальныя нумары, што перамяжоўваліся жартамі і прымаўкамі, змяніліся танцамі. Перш калектыў паказваў рухі, а потым шукаў ахвотнікаў паўтарыць. Як і заўсёды, жадаючых не знаходзілася:
– Эх, – уздыхнуў зазывала. – Ну тады – культуры ў масы!
Яго калегі тут жа панесліся да гледачоў, імкнучыся знайсці сабе сярод іх пары. На здзіўленне, адмаўляліся нешматлікія, а тыя, хто ўсё ж адмовіўся, усё адно апыналіся на сцэне. Раз-два-тры, раз-два-тры, раз! – і вось ужо наступны танец з наступнымі гледачамі. Тут ужо падцягнуліся і чальцы іншых народных ансамбляў. Неўзабаве сцэна ператварылася ў імправізаваны танцпляц, дзе адначасова танцавалі пяць-шэсць пар. Прыгажосць!
Вось у якой атмасферы прайшоў Гудзевіцкі фэст: з пачуццём святочнай радасці, настроем добразычлівасці ды неверагоднай адданасці сваёй справе, памножаныя на мяккасць беларускай гаворкі, якія панавала паўсюль: ад сцэны да размоў паміж людзьмі. Праз гэты фэст мы і захоўваем нашыя традыцыі, мову ды спадчыну ‒ словам, усё тое, што і робіць нас дзяцьмі сваёй зямлі.
Віктар МОХАНЬ
Фота аўтара
Гудзевіцкі тэкстыльны фэст-2024
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад