Першы дзень вясны сёлета выдаўся надзвычай запамінальным. І не толькі таму, што ён быў вельмі сонечным і цёплым! Першага сакавіка нам, настаўнікам і вучням 10-х класаў Азёркаўскай, Мілявіцкай і Курылавіцкай сярэдніх школ, назаўсёды запомніцца цудоўнай экскурсіяй. Яна была арганізавана ў рамках пілотнага праекта – праграмы вучэбных экскурсій для вучняў старэйшых класаў, распрацаванага Міністэрствам адукацыі для далучэння падрастаючага пакалення да гісторыка-культурнай спадчыны роднага краю. Мэтай нашай паездкі стала наведванне Жыровіцкіх святынь у Слонімскім раёне, і гэта было вельмі актуальна: літаральна нядаўна ў курсе гісторыі Беларусі для 10-х класаў пачалося вывучэнне раздзела “Рэлігійнае становішча на беларускіх землях”.
Архітэктурны ансамбль Жыровіцкага Свята-Успенскага мужчынскага манастыра, які склаўся ў ХVІІ – ХVІІІ ст., уключае ў сябе тры храмы, будынак семінарыі, жылы корпус, трапезную, бальніцу і гаспадарчыя пабудовы. З першых крокаў па тэрыторыі святыні тут уражвае ўсё: чысціня і ўтульнасць, дагледжанасць і акуратнасць, а яшчэ ў большай меры – незвычайная цішыня, спакой і размеранасць жыцця, якія пануюць тут! Вось дзе сапраўды пачынаеш разумець, што ў жыцці галоўнае не матэрыяльнае багацце і даброты, а багацце духоўнае, дабрата чалавечых адносін і чысціня памкненняў! Такія думкі яшчэ больш узмацніў малады прыгожы семінарыст, які правёў для нас цікавую пазнавальную экскурсію. Назаўсёды ў памяці застанецца яго аповед пра абраз – маленькі авал з яшмы, на адным баку якога рэльефная выява Маці Божай тыпу Замілавання з дзіцём на правай руцэ. Менавіта ў гонар яе, знойдзенай мясцовымі пастушкамі ў 1470 г. на грушы-дзічцы, была пабудавана спачатку драўляная царква Прасвятой Багародзіцы, а пасля яе пажару – каменны Свята-Успенскі сабор. Цудатворны абраз, які захоўваецца там і зараз, прадаўжае вылечваць многіх людзей. За сваю доўгую гісторыю сабор быў і уніяцкай, і праваслаўнай святыняй, якая прыцягвала да сябе тысячы веруючых.
Яшчэ адзін храм вельмі здзівіў і ўразіў нас – Крыжаўздзвіжанская царква. Не, не веліччу і памерамі, як Свята-Успенскі сабор, а незвычайным архітэктурным вырашэннем. Ад самага ўваходу ўверх вядуць 28 стромкіх драўляных ступеняў лесвіцы, якая сімвалізуе пакутны апошні шлях Хрыста. Аналаг такой лесвіцы ёсць толькі ў Рыме! Многія шчырыя вернікі падымаюцца па гэтых прыступках на каленях!
Нарэшце, калі дадаць, што на тэрыторыі манастыра мы змаглі набыць розныя святыні (іконкі, крыжыкі, свечкі), паесці сапраўднага манастырскага хлеба, набраць святой вады і зазірнуць у купель, то ўражанне будзе амаль што поўным. “Амаль” таму, што наш цудоўны вадзіцель на зваротным шляху згадзіўся завезці нас яшчэ і ў Сынкавіцкую царкву. Гэта і стала апошняй кропляй перапаўняўшых нас уражанняў! Справа ў тым, што гэта не проста царква, а царква-крэпасць, якая з часу свайго заснавання з канца ХV cт. выконвала ролю абаронцы ад ворагаў. І сёння яна здзіўляе трываласцю і магутнасцю сваіх сцен і байніц-машыкуляў. У Беларусі толькі два такіх храмы абарончага тыпу: другі знаходзіцца ў в. Мураванка Шчучынскага раёна. Спадзяёмся ў хуткім часе пазнаёміцца таксама з ім не толькі па старонках школьных падручнікаў.
Аднак наша цудоўнае падарожжа было б проста немагчыма без падтрымкі і арганізацыі з боку раённага аддзела адукацыі. Таму мы хочам выказаць словы шчырай падзякі асабіста начальніку ўпраўлення адукацыі Мастоўскага райвыканкама Валянціну Ціхановічу, галоўнаму спецыялісту Людміле Маскевіч і нашаму вадзіцелю Васілію Сарока. Мы – гэта трынаццаць вучняў 10-х класаў трох суседніх школ і настаўнікі гісторыі М.У. Андала, І.М. Панок і І.А.Гарбацэвіч.
Ірына ГАРБАЦЭВІЧ, настаўнік
гісторыі дзяржаўнай установы
адукацыі “Азёркаўская сярэдняя школа”
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад