У сярэдняй школе №2 г. Масты шосты школьны дзень праходзіць з карысцю для хлопчыкаў і дзяўчынак. У гэтым цвёрда пераканана намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Валянціна Міхайлаўна Александровіч. Педагогі ставяць мэту -- развіваць у дзяцей інтэлектуальныя, творчыя, спартыўныя і іншыя здольнасці.
У суботу рабяты ахвотна накіроўваюцца у школу, бо кожны мае магчымасць заняцца ў гэты дзень тым, што яму сапраўды цікава і да чаго ляжыць душа і ёсць здольнасці. Тых, хто любіць спяваць, запрашае да сябе аматарскае аб’яднанне -- “Тэатр песні”. У каго залатыя рукі і хто не любіць ся-дзець без справы, той з цікавасцю наведвае аматарскае аб’яднанне “Юны майстар”. Некаторыя здолелі праявіць свае здольнасці ў інтэлектуальным клубе “Сакрат”, якім кіруе І.М. Панок. Яны станавіліся неаднаразовымі пераможцамі раённага этапа гульняў “Што? Дзе? Калі?”.
Прыхільнікаў здаровага ладу жыцця запрашаюць спартыўныя секцыі па валейболе, баскетболе, атлетычнай гімнастыцы.
З пачатку гэтага навучальнага года ў школе ажыццяўляецца праект шостага школьнага дня гістарычна-патрыятычнага накірунку “Падарожжа белакрылага бусла”. Гэты праект -- адметная “фішка” ў агульнашкольным выхаваўчым працэсе, над якім працуюць вучні, класныя кіраўнікі і нават бацькі вучняў.
-- Лічу, што патрыятычнае выхаванне моладзі ў нашы дні актуальна і важна як ніколі. Праект, па якім мы працуем, накіраваны на тое, каб паглыбіць і сістэматызаваць веды вучняў па краязнаўстве, пазнаёміць рабят з таямнічым і нязведаным, што знаходзіцца побач з намі, з цікавымі людзьмі, якія праславілі Мастоўшчыну, пакінулі яркі след у гісторыі роднага краю і памяці землякоў, -- разважае В.М. Александровіч.
Сцвярджаюць, што лепш адзін раз убачыць, чым некалькі пачуць. Толькі ў першым паўгоддзі бягучага навучальнага года вучні 26 разоў пабывалі ў паходах і экскурсіях па памятных мясцінах Мастоўшчыны. Таксама наведалі школьнікі Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, музей Э. Ажэшкі ў Гродне, многа ўражанняў засталося ў хлопчыкаў і дзяўчынак ад наведвання падчас навагодніх свят рэзідэнцыі Дзеда Мароза, што ў Белавежскай пушчы.
Юныя экскурсаводы праводзяць экскурсіі ў школьным гісторыка-краязнаўчым музеі. Члены аб’яднання па інтарэсах “Музейная справа” пад кіраўніцтвам Н.У. Ганцэвіч стварылі ў музеі этнаграфічны куток “Свет старых рэчаў”. Экспанаты для яго рабятам прапаноўвалі дзядулі, бабулі, суседзі.
Самыя дапытлівыя разам з настаўнікамі праводзяць пошукава-даследчую работу: сустракаюцца з удзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны, ветэранамі працы, вядомымі жыхарамі нашага горада, запісваюць іх успаміны. Паспяхова выступілі члены аб’яднання “Музейная справа” ў рэспубліканскім конкурсе “Шчаслівы той, хто продкаў з чыстым сэрцам паважае”.
А ўдзельнікі аб’яднання па інтарэсах “Юны журналіст”, якім кіруе Л.В. Андала, сталі пераможцамі рэспубліканскага конкурсу на лепшы фота-здымак “Мая чароўная Беларусь”.
Патрыятызм для вучняў другой гарадской школы не гістарычнае паняцце, а прынцып жыцця і паводзін.
Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧ
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад