У дзень нараджэння Хрыста, 7 студзеня, як толькі загараецца першая зорка на небе, жыхары аграгарадка Вялікія Азёркі заўсёды чакаюць калядоўшчыкаў.
Абрад калядавання стаў ужо добрай традыцыяй, і на гэты раз калядоўшчыкам прырода паспрыяла, праўда не хапала снегу. Ясны месяц і мноства зорак на цёмным небе, як і людзі, радаваліся нараджэнню Божага сына.
“Дзе каза нагой, там шчасце гарой” – так шчыра жадалі калядоўшчыкі сваім сяльчанам, з добрым, святочным настроем зычылі шчасця і здароў’я.
Гаспадары з радасцю адкрывалі дзверы сваіх дамоў. Адзначым, што некаторыя сем’і кожны год запрашаюць, каб Каляда зайшла да іх у хату, бо як кажуць: ”Каляда прыйшла і радасць у хату прынясла”.
У гэтым годзе ў ролі Казы быў Сяргей Ткачэнка, Мядзьведзь -- Максім Шалястовіч, а ў вобразе Цыганкі прадстала Юля Майсюк. Іншыя ўдзельнікі аматарскай творчасці сельскага клуба “Азёркі” таксама з задавальненнем прынялі ўдзел у такім вясёлым і радасным дзеянні. Ішлі з Калядкамі па аграгарадку – жадаючы ўсім шчодрага і багатага вечара, шчаслівых святаў, здароў’я і дабрабыту.
І. ШАЛЯСТОВІЧ
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад