
Мова…Наша родная мова… Колькі мілагучнасці, таемнасці ў гэтым слове.
Праблема развіцця гаворкі і навучання беларускай мове з’яўляецца для нас, педагогаў, актуальнай. У сувязі з гэтым напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы прайшоў тэматычны тыдзень “Па старонках роднай мовы”. У кожнай групе з выхаванцамі праводзіліся тэматычныя заняткі і мерапрыемствы. Дзеці актыўна гулялі ў беларускія гульні, чыталі беларускія казкі, вучыліся называць прадметы на роднай мове ў паўсядзённасці.
Выхаванцы старэйшай групы №1 наведалі Мастоўскі цэнтр рамёстваў, дзе разам з майстрамі стваралі “Венік-абярэг”. Для дзяцей была арганізавана выстава работ мастоўскіх рамеснікаў.
У сярэдняй і інтэграванай групах прайшлі адкрытыя заняткі па тэме “Развіццё маўлення і культура маўленчых зносін”. Дзеці атрымалі магчымасць пачуць прыгажосць і багацце моўнай спадчыны беларускага народа. Для выхаванцаў старэйшага ўзросту прайшло музычнае мерапрыемства “Свята роднай мовы”. Не засталіся без увагі маленькія выхаванцы. Для іх была арганізавана фізкультурная забаўка “Вясёлыя гульні дзяцей беларусаў”.
Выхавацель дашкольнай адукацыі Таццяна Патоніч, правяла для дзяцей дзіцячага сада экскурсію ў міні-музей “Беларуская хатка”. Там дзеці пазнаёміліся з прадметамі побыту, іх назвамі, прызначэннем, спосабамі дзеянняў з імі. У музеі дзеці мелі магчымасць выступіць у ролі экскурсавода. У працэсе такой дзейнасці ў дзяцей удасканальваецца моўная дзейнасць, папаўняецца слоўнікавы запас, фарміруецца каштоўнаснае стаўленне да роднай мовы, жаданне размаўляць на ёй.
Тэматычны тыдзень завяршыўся конкурсам шматфункцыянальных дапаможнікаў па навучанні выхаванцаў беларускай мове. Конкурс зацікавіў усіх педагогаў. Выхавальнікі дашкольнай адукацыі праявілі крэатыўнасць у падрыхтоўцы да конкурсу. Кожны створаны дапаможнік адрозніваўся арыгінальнасцю, прадуманасцю, эстэтычным афармленнем. Самымі арыгінальнымі былі работы выхавацелей дашкольнай адукацыі ”Каб родну мову вывучаць, трэба ў хатцы пабываць”, “З лялькай гуляем, родную мову вывучаем”(Таццяна Варабей), ”Дары восені” (Валянціна Лупач).
Таццяна Варабей, выхавацель дашкольнай адукацыі
ДУА “Дзіцячы сад №1 г. Масты”
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад