Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноОбществоНаука и образованиеДень белорусской письменности

Інтэрактыўныя пляцоўкі, чытанне кніг на свежым паветры. Што падрыхтавалі ў Слоніме для юных чытачоў

Інтэрактыўныя пляцоўкі, чытанне кніг на свежым паветры. Што падрыхтавалі ў Слоніме для юных чытачоў01 сентября 2019 — 21:31

Шмат цікавага прапануе юным гасцям свята дзіцячая пляцоўка “Вясёлка дзяцінства”, якая разгарнулася ў гарадскім парку Слоніма.

Чытанні ў парку

Выдавецтвы краіны прадстаўляюць шырокі асартымент дзіцячай кнігі – тут можна знайсці і набыць падручнікі, розную дапаможную літаратуру для вучняў, а таксама мастацкія творы беларускіх аўтараў. Многія з іх юным чытачам самі аўтары і прэзентуюць, расказваючы пра свае апавяданні, аповесці і вершы і пакідаючы кнігі аўтографамі.

23230021.JPG

– Казкі жывуць побач з намі. Ідэю для сюжэта можна ўбачыць практычна кожны дзень і паўсюль: зорка, кветка – усё гэта можа стаць прататыпам героя, казку можна разглядзець нават у паветры, – упэўнена пісьменніца Кацярына Хадасевіч-Лісавая, член Мінскага саюза пісьменнікаў, якая прэзентавала сёння сваю кнігу з элементамі інтэрактыву “Вухуцік/ВасільВася”. – А сённяшняе свята ў Слоніме дае яшчэ больш нагод для нараджэння казак. Паветра горада прасякнута літаратурай, прасякнута гісторыяй. Пасля такіх святаў, цудоўных знаёмстваў з чытачамі абавязкова знойдуцца новыя сюжэты і новыя героі.

53758aadb1d2debac440f712746d6c93.jpg

Дзеці з цікавасцю слухаюць расказ пісьменніцы і выказваюць пажаданне, каб па яе кнізе знялі мультфільм. Знойдуць штосьці цікавае і карыснае для сябе і падлеткі. Напрыклад, серыю кніг “Вконтакте” педагога і пісьменніцы Ліны Багданавай, якую аўтар прэзентавала ў павільёне выдавецтва “Народная асвета”. Яе выданні пазначаны ўзроставым цэнзам 16+, і гэта невыпадкова: тут разглядаюцца ўжо “больш дарослыя” пытанні. Як расказала сама аўтар, яна шмат гадоў прысвяціла педагагічнай дзейнасці, таму праблемы сучасных падлеткаў ёй выдатна вядомы. І ў кнігах Ліны Багданавай праз меркаванні розных персанажаў чытачы могуць паспрабаваць знайсці адказы на свае пытанні.

f8c551b0aeed542a26ce06a3423b4dde.jpg

Алея з кніг і малюнкі на асфальце

Школы Слонімшчыны стварылі алею інтэрактыўных пляцовак “Кнігам-юбілярам прысвячаецца…”. “ТВТ” Янкі Маўра, “Дрыгва” Якуба Коласа, “Чорны замак Альшанскі” Уладзіміра Караткевіча, “Альпійская балада” Васіля Быкава – сёлета адзначаюцца юбілейныя даты з моманту з’яўлення гэтых і іншых легендарных твораў беларускай літаратуры, і калектывы школ прадстаўляюць на сваіх пляцоўках інсцэніроўкі іх сюжэтаў.

IMG_7485.JPG

На сцэне ў гарадскім парку выступілі лепшыя дзіцячыя калектывы Слонімскага, а таксама госці з суседніх раёнаў. А каля сцэны сюжэтна-гульнёвыя і анімацыйныя праграмы для дзяцей правялі народны гульнёвы тэатр роставых лялек “Лялькі для ўсіх”, народны тэатр гульні “100 сяброў”, народны тэатр студыі гульні “Гульнёвы кірмаш”, народны тэатр “Вясёлы дворык”, народны тэатр гульні “Анфас” і іншыя калектывы. Побач з паркам адбыўся конкурс малюнка на асфальце “Малюем мір”.

IMG_7538.JPG

Скарбы бібліятэк

Цікавыя экспазіцыі стварылі на прэзентацыі “Жамчужына дзіцячай літаратуры” дзіцячыя бібліятэкі Гродзеншчыны. Напрыклад, Мастоўская раённая бібліятэка прапануе наведвальнікам пазнаёміцца з кнігамі пра Масты і са створаным макетам адной са славутасцяў горада – самага доўгага ў Беларусі пешаходнага маста. На экспазіцыі Ваўкавыскай раённай бібліятэкі дзеці і іх бацькі могуць убачыць прэзентацыю раёна, пазабаўляцца на гульнёвай пляцоўцы, стварыць карціны з пяску, пачытаць папулярныя дзіцячыя кнігі і энцыклапедыі. Калектыў Лідскай бібліятэкі праводзіць для жадаючых майстар-клас па мастацтве пісьма “па-даўнейшаму”: з дапамогай друкарскай машынкі, гусінага пяра, на камені, берасце, пергаменце і іншымі спосабамі. Пра тэхніку і сімвалізм пісьма вузельчыкамі цікава расказвае наведвальнікам галоўны бібліёграф Галіна Курбыка.

 


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио