
Дыпломам I ступені ў намінацыі “За навацыі ў галіне бібліятэчнай справы” адзначана ДУК “Мастоўская раённая бібліятэка”, якая стала пераможцам XXXIII рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”.
Зараз нікога не здзівіш тым, што бібліятэка – гэта месца, дзе кіпіць жыццё, віруюць цікавыя падзеі, нараджаюцца і рэалізуюцца незвычайныя ідэі. Для прафесійнай бібліятэчнай супольнасці стала відавочным, што толькі тыя бібліятэкі, якія выбіраюць інавацыйны шлях, маюць перспектывы далейшага развіцця. Усвядомілі гэта і ў Мастоўскай раённай бібліятэцы, дзе на працягу апошніх гадоў пад мудрым кіраўніцтвам дырэктара Таццяны Стэльмах паспяхова рэалізуюць некалькі інавацыйных праектаў.
Адзін з іх – “Гісторыі з кніг ажываюць у тэатры ценяў”, дзе крэатыўнай і інтэрактыўнай формай работы з чытачамі быў абраны тэатр ценяў, удала сумясціўшы незабыўнае відовішча і загадкавыя адчуванні. Цёмная зала… Белая шырма… Фігуркі, што снуюць на экране… Такое чараўніцтва сапраўды запамінаецца надоўга!
Прэм’ерны паказ казкі «Теремок» адбыўся ў сакавіку 2023 года і адразу пакарыў сэрцы маленькіх гледачоў.
– Галоўная задача тэатра ценяў у бібліятэцы – гэта захапіць гледача, зацікавіць яго ўдумлівым і ўсвядомленым чытаннем. Гульні з ценем стымулююць фантазію дзіцяці, развіваюць яго ўяўленні. Думаю, мы патрапілі ў патрэбную кропку, бо за 2023 год падтрыхтаваныя нашымі бібліятэкарамі пастаноўкі тэатра ценяў паглядзелі каля 450 дзяцей і амаль 100 дарослых наведвальнікаў, – адзначае намеснік дырэктара раённай бібліятэкі Вольга Бісерава.
Трэба дадаць, што пасля спектакля гледачам прапануецца паўдзельнічаць у майстар-класе. Дзеці спачатку выразна чытаюць твор па ролях, а пасля пераўвасабляюцца ў акцёраў тэатра ценяў. Эмоцыі толькі станоўчыя!
Прычым не толькі ў самых юных чытачоў, але і ў дарослай аўдыторыі. Пацвярджэннем таму стаў спектакль “Цені вайны”, дзе няма ніводнага слова – толькі цені двух хлапчукоў, мары якіх перакрэсліла вайна, і добра падабраны гукавы рад. Цэлае жыццё ўмясцілася ў некалькі хвілін, што застаюцца ў памяці гледачоў надоўга, даюць імпульс да разважанняў і высноў.
– На новы ўзровень, які прадугледжваў як правядзенне спектакляў тэатра ценяў з пашыраным рэпертуарам і майстар-класамі, так і развіццё пальчыкавага, настольнага і лялечнага тэатраў, праект выйшаў, дзякуючы падтрымцы фонду «Русский мир», – канстатуе Вольга Іванаўна.
Яшчэ адным паспяховым інавацыйным праектам у дзейнасці раённай бібліятэкі з’яўляецца бібліякараван “Кнігі будуюць МАСТЫ”. Брэндавае мерапрыемства з сімвалічнай назвай на працягу некалькіх апошніх гадоў становіцца значнай падзеяй у культурным жыцці Мастоўшчыны. Творчыя сустрэчы з цікавымі людзьмі, захапляльныя квэсты, пазнавальныя выставы, бібліятэчныя падворкі, канцэрты мэтраў беларускай эстрады, дэгустацыі і майстар-класы – складана нават пералічыць тыя інтэрактыўныя “фішкі”, якімі напоўнены чатыры дні бібліякаравана.
Усе гэтыя мерапрыемствы не толькі здзіўляюць і аб’ядноўваюць чытачоў розных пакаленняў, “ажыўляюць” жыццё бібліятэкі і горада, але і спрыяюць далучэнню падрастаючага пакалення да кнігі, садзейнічаюць эстэтычнаму і духоўнаму выхаванню моладзі.
– Несумненна, наш дружны, творчы і працавіты калектыў будзе і далей шукаць і актыўна выкарыстоўваць у сваёй дзейнасці самыя разнастайныя і крэатыўныя формы работы, перадавыя тэхналогіі. Гэта неабходна, па-першае, каб пры такім моцным уплыве інтэрнэт-прасторы захаваць цікавасць да кнігі, па-другое, каб бібліятэка па-ранейшаму заставалася скарбніцай ведаў і набыла статус месца, дзе цікава бавіць час. Такой мэце садзейнічае і ўдзел у творчых конкурсах, дзе мы дэманструем вынікі сваёй працы па тым ці іншым накірунку. Словы ўдзячнасці адрасую ўсім, хто плённа працаваў над праектамі і меў дачыненне да падрыхтоўкі творчай справаздачы на конкурс “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”. Гэта наша сумесная перамога і стымул для новых смелых задумак і ідэй, – падсумавала дырэктар Мастоўскай раённай бібліятэкі Таццяна Стэльмах.
Наталля ШЭЎЧЫК
Фота аўтара і Мастоўскай раённай бібліятэкі
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад