22 марта 2026 — 10:55
У верасні я атрымала свой галоўны дакумент. Не ў выглядзе дыплома, а ў выглядзе класнага журнала. Побач з маім прозвішчам стаяла запаветная пазнака: класны кіраўнік 1 «В» класа. У руках – 19 далонек, у вачах – бязмежны давер, а ў галаве – лёгкая паніка. Дзе тая інструкцыя, у якой напісана, як быць ідэальным настаўнікам?
Калі я прыступіла да працы, мой універсітэцкі чамаданчык быў набіты пад завязку: інавацыйныя методыкі навучання, схемы фармавання УНД, канспекты па ўзроставай псіхалогіі. Але ўжо на другі дзень стала зразумела, што сапраўдная педагогіка пачынаецца там, дзе канчаюцца гэтыя схемы. Яна пачынаецца з дробязяў, пра якія не пішуць у падручніках. Як знайсці адну страчаную шкарпэтку пасля ўрока фізкультуры, калі званок на матэматыку празвінеў пяць хвілін таму. Як адказаць на пытанне "Вікторыя Віктараўна, а вы замуж выходзілі?" так, каб не расплюхаць аўтарытэт, але і не зманіць. Як суцешыць таго, хто рыдае не з-за двойкі, а з-за зламанага алоўка «самага прыгожага, сонечнага колеру», таму што для яго гэта сапраўдная трагедыя. Аказалася, што самае важнае – не бліснуць методыкай на адкрытым уроку, а цярпліва, у 101-ы раз, паказаць, як трымаць ручку. І зразумець, што поспех – гэта калі сёння дзіця напісала палачку раўней, чым учора.
Мы, маладыя спецыялісты, прыходзім у школу з ідэальнымі канспектамі ўрокаў-квэстаў, а першыя месяцы вучымся самаму простаму і самаму складанаму: быць. Быць побач. Быць дарослай, якая не спалохаецца дзіцячых слёз, не збянтэжыцца няёмкіх пытанняў і не забудзе, што за непаслушэнствам часта хаваецца страх, а за дзёрзкасцю – крык аб увазе.

Самым нечаканым іспытам стаў не першы бацькоўскі сход, а імгненні пасля яго. Калі падыходзілі мамы, таты і бабулі, каб не пра праграму паразмаўляць, а пра сваё дзіця. «Ён у нас вельмі сарамлівы», – і ў вачах маці чытаецца маленне не зламаць гэтую далікатнасць. «Яна дома такая бойкая, а вы кажаце маўчыць», – і ў словах бацькі гучыць лёгкі недавер. Я навучылася слухаць не словы, а тое, што паміж імі: трывогу, надзею, стомленасць. І зразумела, што мая роля – быць не суддзёй і не кантралёрам, а мостам. Мостам паміж дзіцячым светам, поўным умоўнасцяў і сімвалаў, і дарослым светам, які патрабуе вынікаў. Мостам, па якім можна перапраўляць не толькі скаргі і заўвагі, але і маленькія перамогі: «Ведаеце, сёння ваш Арцём сам прачытаў услых заданне! Вы б бачылі яго вочы!»
Вядома, былі хвіліны роспачы, калі здавалася, што сіл няма, што ідэі скончыліся, а стос неправераных сшыткаў на стале вырастае да памераў Эверэста. Метадычныя дапаможнікі ў гэтыя крызісныя моманты маўчалі. Загаварылі людзі. І гэта была зусім іншая мова – не мова прадпісанняў, а мова падтрымкі. Калегі і кіраўніцтва, без ценю папроку, уключаліся ў сітуацыю: нехта знаходзіў дакладнае слова-падказку, нехта проста даваў магчымасць выгаварыцца, выслухоўваючы да канца. Іх цярплівы ўдзел быў тым практычным дапаможнікам, якога няма ні ў адным падручніку.

Цяпер, падводзячы вынікі свайго першага года, я гартаю не афіцыйную справаздачу, а тоўстую папку з дзіцячымі малюнкамі, смешнымі запіскамі, фатаграфіямі нашых маленькіх свят. І разумею, што інструкцыю я ўсё ж знайшла. Дакладней, мы пішам яе разам з маім першым «В» кожны дзень. Пішам не чарнілам, а крэйдай на дошцы, усмешкамі пры сустрэчы, цярплівым тлумачэннем адной і той жа тэмы на розных прыкладах, пакуль не загарыцца ў вачах таго самага, самага незаўважнага вучня, іскрынка разумення: «А, зараз ясна!».
Гэтая інструкцыя не мае тыражу і не будзе выдадзена. Яна існуе ў адзіным экзэмпляры, і яе галоўныя сааўтары – дзевятнаццаць чалавек, якія навучылі мяне простай рэчы: быць настаўнікам – значыць не проста вучыць. Гэта значыць, кожны дзень нанова адкрываць свет, трымаючы за руку таго, хто бачыць яго ўпершыню. І ў гэтым адкрыцці ўся наша ўзнагарода, уся наша стомленасць і ўсё наша бясконцае, вялізнае настаўніцкае шчасце.

Вікторыя Прэдка, настаўнік пачатковых класаў
ДУА “Сярэдняя школа № 2 г. Масты імя Героя Савецкага Саюза В. П. Жукава”
Фота з архіва СШ №2
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад