Так ужо павялося, што пасля надыходу каляндарнага Новага года, праваслаўныя вернікі сустракаюць Стары Новы год. Дзяржаўная ўстанова адукацыі “Пескаўскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа” працуе ў інавацыйным рэжыме па духоўна-маральным выхаванні. У сувязі з гэтым незвычайная ёлка заняла сваё месца на выставе “Новы год у стылі рэтра”, арганізаванай ў народным гісторыка-краязнаўчым музеі. Штучная ёлка сярэдзіны дваццатага стагоддзя ўпрыгожана цацкамі таго ж часу. Саму ялінку, як і некаторыя цацкі, прадаставіла для выставы былая выпускніца школы, зараз дацэнт кафедры беларускай мовы ГрДУ М. А. Якалцэвіч. Іншыя экспанаты сабраны навучэнцамі і настаўнікамі ў рамках акцыі “Ёлкі маёй бабулі”. Кожная з іх мае свой лёс, сваю гісторыю.
Валерыя Дзямідзік прынесла на выставу маленькую жоўценькую птушачку. Гэтую цацку купіла яе бабуля Соф’я Адамаўна Дзямідзік дзесьці ў шасцідзясятым годзе, калі атрымала прэмію за добрасумленную працу, як лепшая даярка былога калгаса “Чырвоная зорка”. Вясёлы Санта Клаус трапіў у сям’ю Свярток з далёкага Лондана ў канцы дваццатага стагоддзя разам з навагоднімі падарункамі ад родзічаў.
Старыя шышкі, шарыкі, ледзяшы… . Некалькі аблупленыя, пацертыя ад часу. Але колькі цяпла, радасці і простага чалавечага шчасця захоўваюць яны на сабе. Колькі пакаленняў беражліва бралі іх у свае рукі і вешалі на яловыя галінкі. Так і хочацца пагладзіць і прытуліць іх, як кагосьці роднага і блізкага.
Побач з ялінкаю на выставе размясціліся старыя віншавальныя паштоўкі, высланыя ў розныя гады, з розных гарадоў і краін. У наш імклівы час іх даўно замяняюць кароткія СМС, якія не захоўваюцца і не жывуць. А паштоўка! Яна праз гады пранесла навагоднія віншаванні і пажаданні. Часта няма ўжо тых, хто іх напісаў, і тых, каму яны адпраўлены. Але жыве памяць, і гэта галоўнае.
У сямідзясятыя гады мінулага стагоддзя вельмі папулярнымі былі гукавыя музычныя віншаванні. Некалькі такіх паштовак знаходзіцца на выставе.
“З Новым годам, дарагія рабяты!” - пасылае ўсім сваё віншаванне трыццацігадовая газета “Піянерская праўда”, якая таксама займае пачэснае месца.
Глядзяць на нас старыя цацкі і паштоўкі, глядзяць вачамі нашых продкаў. І здаецца, што кожная з іх шэпча: “Шчасця вам, людзі!”
Р. ВЯЛІЧКА,
кіраўнік народнага
гісторыка-краязнаўчага музея ДУА “Пескаўскі вучэбна-педагагічны комплекс д/с-СШ”
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад