4 снежня 2020 года адбыўся заключны (вочны) этап абласнога конкурсу даследчых работ і творчых праектаў “Я пазнаю свет” установы адукацыі “Гродзенскі дзяржаўны абласны эколага-біялагічны цэнтр дзяцей і моладзі”, які прынёс перамогу навучэнцам нашай школы Ганне Семянчук і Паліне Якімчык, а таксама іх кіраўніку Ганне Муха.
Даследчая работа “Плоскаступнёвасць: прычыны і прафілактыка” адзначана Дыпломам І ступені ў секцыі “Здаровы лад жыцця”.
Пад кіраўніцтвам Ганны Мар’янаўны навучэнцы штогод з’яўляюцца пераможцамі навукова-практычных і даследчых праектаў. У 2018 годзе даследчая работа “Дубы і Дубна”, якую прадстаўляла Паліна Несцерава, адзначана Дыпломам ІІ ступені на адкрытай навукова-практычнай канферэнцыі “Новыя філаматы”, дыпломам І ступені на навукова-практычных канферэнцыях “Ступені да навукі” і “Пошук. Творчасць. Пазнанне”.
Выпадковасць? Не, заканамернасць! Вынік штодзённай, мэтанакіраванай, карпатлівай працы настаўніка і вучня. Хочацца адзначыць уменне Ганны Мар’янаўны адчуваць кожнае дзіця, заўважаць яго індывідуальныя магчымасці і асаблівасці, уменне прывіць ім мастацкі густ, любоў да творчасці, даць магчымасць праявіць сябе.
Як падкрэслівае Ганна Мар’янаўна, заняткі даследчай дзейнасцю з навучэнцамі спрыяюць не толькі фарміраванню даследчых, пошукавых навыкаў, развіццю логікі, крытычнага мыслення, але і выхоўваюць станоўчыя асабістыя якасці навучэнцаў: адказнасць, працавітасць, дысцыплінавасць, імкненне да агульнага станоўчага выніку. У творчай дзейнасці фарміруецца таварыскасць, навык работы ў пары і групе, індывідуальная і агульная адказнасць за сумесную справу.
Творчы пошук і стратэгічнае мысленне, добрасумленнасць і самастойнасць, асабістая адказнасць і настойлівасць – адметныя рысы характару і прафесіянальнай дзейнасці Г.М. Мухі. Менавіта такія людзі, як Ганна Мар’янаўна, – уважлівыя, чулыя, працалюбівыя, – патрэбны сёння школе.
Душэўная дабрыня Ганны Мар’янаўны, яе высокі прафесіяналізм, патрабавальнасць, прынцыповасць, працаздольнасць, уменне дасягаць пастаўленых мэт заўсёды былі і застаюцца прыкладам для калег.
Лілія Пусь,
дырэктар дзяржаўнай установы адукацыі
“Дубненская сярэдняя школа”
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад