Вось і скончылася лета... Сёлета яно выдалася цёплым і сонечным, падаравала ўсім усмешкі і добры настрой. А яшчэ вясёлы адпачынак, цікавыя сустрэчы і падарожжы.
У гэтым перакананы выхаванцы выхаваўча-аздараўленчага лагера “Займальны экспрэс”, які адчыніў свае дзверы на базе дзяржаўнай установы адукацыі “Гімназія №1 г. Масты”. 15 юных пасажыраў атрада “Паравозік” адправіліся на цягніку ў захапляльнае падарожжа, расквечанае ўсімі колерамі адыходзячага лета, па гарадах.
Падарожжа доўжылася з 10 па 29 жніўня. Кіравалі гэтым падарожжам дырэктар выхаваўча-аздараўленчага лагера А.Ю. Рахунак і яе намеснік С.Л. Панькова. За час вандроўкі на “Займальным экспрэсе” дзеці пабывалі ў горадзе Патрыётаў, горадзе Творчасці, горадзе Правоў і Абавязкаў, горадзе Бяспекі, горадзе Адкрыццяў, горадзе Традыцый і многіх іншых гарадах. У кожным горадзе выхаванцы-пасажыры рабілі прыпынак на станцыі і акуналіся ў цікавы свет інтэрактыўных гульняў, віктарын, спартыўных спаборніцтваў, квэстаў, анлайн-падарожжаў. А дапамагалі ім у гэтым вопытныя выхавацелі-праваднікі: М.Л. Масюк, І.Л. Жвірбля, А.І Саламах., У.А. Дужык.
Пасажыры сумесна з праваднікамі стварылі карту свайго падарожжа, на якой кожны дзень адзначалі, у якім горадзе яны пабывалі. Падчас адпачынку ў лагеры юныя выхаванцы атрымлівалі праязныя білецікі. Дзеці імкнуліся зарабіць як мага больш білецікаў, каб атрымаць ганаровае званне “Лепшы пасажыр”. А таму яны з вялікай ахвотай, прагай да перамогі і энтузіязмам прымалі ўдзел у мерапрыемствах, якія праводзіліся ў атрадзе.
Кожны юны пасажыр меў магчымасць праявіць сябе, прадэманстраваць свае веды, паказаць сваю творчасць і здольнасці. Але нават не гэта галоўнае.
Галоўнае – магчымасць правесці вольны час весела і з карысцю, каб апошнія дзянькі лета расквеціліся ўсімі колерамі вясёлкі і запомніліся ўсім пасажырам “Займальнага экспрэса” як цікавае захапляльнае падарожжа.
Ірына Жвірбля,
выхавацель выхаваўча-аздараўленчага лагера “Займальны экспрэс”
дзяржаўнай установы адукацыі “Гімназія №1 г.Масты”
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад