«Партызанскія сцежкі» менавіта пад такой назвай прайшло спартыўнае мерапрыемства з удзелам бацькоў у ДУА “Правамастоўскі дзіцячы сад”, прысвечанае 70-годдзю Вялікай Перамогі.
З раніцы выхавацелі дашкольнай установы сустракалі маленькіх выхаванцаў пад гукі чароўнай мелодыі ваенных песен. Вакол адчуваўся святочны настрой, цвілі бялюткія яблыні, усміхаліся шчаслівыя бацькі і дзеці. А шчаслівымі яны адчувалі сябе сапраўды, бо не прыйшлося ім зведаць страшэнныя жахі вайны, не прыйшлося глядзець смерці ў вочы, чуць жудасны плач дзяцей.
Напэўна, кожны дарослы чалавек успамінаў і сваё шчаслівае дзяцінства. Успамінаў, як у піянерскім гальштуку стаяў ля помніка загінуўшым воінам. Як ветэраны з бялявымі скронямі, стрымліваючы слёзы, расказвалі пра тое, што прыйшлося ім перажыць у гады вайны.
Каб давесці да свядомасці маленькага чалавечка, што за свята Дзень Перамогі, каб выхаваць у дзяцей павагу, спагаду, патрыятызм да Айчыны, яе абаронцаў і ветэранаў, у дашкольнай установе праводзілася мноства мерапрыемстваў. Выхавацелі чыталі дзецям вершы і апавяданні, разглядвалі ваенныя ілюстрацыі, малявалі малюнкі. Была зроблена выстава ваенных атрыбутаў.
Але самым цікавым было спартыўнае свята для дзяцей з удзелам бацькоў, дзе праз лес трэба было адвезці прадукты харчавання воінам, перабрацца праз балота да ваеннага лагера, незаўважанымі перайсці праз раку. Бацькі выконвалі ролю медыцынскіх работнікаў, якім трэба было хутка аказаць першую дапамогу і перабінтаваць параненых воінаў, у ролі якіх апынуліся выхаванцы.
Вельмі цікавым было і тое, што і бацькі, і дзеці былі апрануты ў аднолькавыя спартыўныя футболкі з надпісам “Партизанские тропы”, прысвечаныя 70-годдзю Вялікай Перамогі. Іх дашкольнай установе падарыў гродзенскі клуб “Полный привод”, які штогод праводзіць спаборніцтвы на УАЗах і пазадарожніках па мясцінах баявой славы ў нашым раёне таксама пад назвай “Партызанскія сцежкі”. І сёння мы выказваем ім словы вялікай удзячнасці ад сябе, бацькоў і дзяцей.
Незабыўным для дзяцей засталося і тое, што яны прысутнічалі на мітынгу ля помніка загінуўшым воінам, дзе потым усклалі кветкі, дзякуючы за шчаслівае дзяцінства і спакой на зямлі.Мы спадзяёмся, што зможам прывіць сваім выхаванцам пачуццё патрыятызму, любоў і павагу да Айчыны, яе абаронцаў і ветэранаў на аснове яркіх уражанняў і гістарычных падзей. З. ПЯЦЭВІЧ, загадчык ДУА “Правамастоўскі дзіцячы сад”
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад