Жыццё не мяккі ложак з пялёсткаў ружаў. Каб яго пражыць, неабходна быць падрыхтаваным да самых неспадзяваных паваротаў лёсу, умець дастойна прыняць і перанесці ўсё тое, што ён табе паднясе. Гэтую ісціну жыхарка Мастоў Яніна Альбінаўна Якімчык засвоіла на сваім уласным жыцці і неаднойчы пераконвалася ў яе справядлівасці. Ды і хіба мог сумнявацца ў гэтым і быць шчаслівым той чалавек, дзяцінства якога прыпала на суровыя ваенныя гады, а маладосць на не менш складаныя пасляваенныя, калі трэба было аднаўляць разбураную вайной гаспадарку, падымаць усё з руін і папялішчаў...
Пра свой дзень нараджэння, а нарадзілася яна дзесятага мая 1937 года і была першынцам у сям’і, Яніна Альбінаўна прыгожа напіша пазней вершаванымі радкамі: Нарадзілася я, як чаромха, цвіла, Матуля мне долі шчаслівай жадала, А яна нешчаслівай часамі была, Вельмі рана дарослай я стала...
-- З вершамі, кнігамі я сябрую ўсё жыццё. Вершы складаюцца ў радасныя і самотныя хвіліны, ад вялікага ўзрушэння. Наша вёска Азярніца, што на Слонімшчыне, на той час была вялікая, і слыла мястэчкам. Жыло ў ёй многа яўрэяў. Яны трымалі гандлёвыя крамы і гандлявалі, у крамах можна было купіць усё неабходнае. Калі ў каго з вяскоўцаў не было грошай, тавар давалі напавер, -- ужо прозай пачынае свой аповяд Яніна Альбінаўна.
Мова прыгожая, вобразная. Калі яна напярэдадні свайго дня нараджэння пазваніла ў рэдакцыю і запрасіла ў госці, каб расказаць пра сваё ваеннае дзяцінства, мне падумалася, што так граматна можа размаўляць толькі былы настаўнік роднай мовы. І была прыемна здзіўлена, калі даведалася, што Яніна Альбінаўна па прафесіі эканаміст. У свой час яна закончыла Гродзенскі кааператыўны тэхнікум, і ўсё сваё свядомае жыццё адпрацавала эканамістам у спажывецкай кааперацыі. Каб падзяліцца ўражаннямі ад пражытага і перажытага, час ад часу дасылала свае заметкі да нас у рэдакцыю.
У час нашай сустрэчы Яніна Альбінаўна ў думках пераносіцца ў сваё далёкае дзяцінства. Дзіцячая памяць трывалая, да драбніц захавала ўсё значнае і нават нязначнае з тых часоў. Помніцца нават тое, аб чым хацелася б забыць. Яе маці Станіслава Іосіфаўна расказвала, што не пражыла дзяўчынка і месяца, як цяжка захварэла. Да гэтага бацькі не паспелі ахрысціць дзіця. Ад страху, каб дачушка не памерла нехрышчанай, бо вельмі была слабая, тэрмінова пачалі рыхтаваць дзіця да хрысту. Дамовіліся з ксяндзом, за хрышчоных бацькоў ўзялі тых з суседзяў, хто на той час быў дома, бо якраз была пара пасадкі бульбы, і ўсе шчыравалі на полі. З Божай дапамогай Яніна, на радасць бацькам, выздаравела.
Дзяўчынка, як і ўсе вясковыя дзеці, любіла бавіць час на невялікай рачулцы, якая працякала за вясковымі агародамі. Яся любіла часцяком босай стаяць у вадзе і збіраць са дня гладкія каменьчыкі. Спякотны чэрвеньскі летні дзень, а халодная вадзіца так прыемна абмывае ногі... Гэта былі хвіліны сапраўднага дзіцячага шчасця, але яно было нядоўгім.
-- Аднаго разу, калі я пераходзіла рачулку, у небе раздаўся страшны гул, раскат і выбухі. Я вельмі баялася ў маленстве грому і навальніцы. Стоячы пасярэдзіне рачулкі, моцна спалохалася, пачала плакаць і крычаць:”Мама!” Я тады яшчэ не ведала, што гэта быў не гром, а пачалася вайна, што нямецкія самалёты ўжо бамбілі чыгуначную станцыю, якая знаходзілася за паўтара кіламетра ад нашай вёскі, -- расказвае Яніна Альбінаўна, а голас яе дрыжыць ад хвалявання, у думках яна ўжо ў далёкім страшным сорак першым...
Так чатырохгадовая Яся адна пасярод рачулкі сустрэла вайну. Стаяла ў вадзе і плакала ад страху, пакуль не прыбегла мама, якая ў роспачы схапіла на рукі малую і подбегам панесла дамоў. А дома ў калысцы ляжаў і мірна пасопваў яе маленькі брацік Юзік. Калі Яся, назіраючы за паводзінамі дарослых, ужо крыху разумела, што пачалося нешта страшнае, дык брацік быў для гэтага яшчэ малы. Абое яны жахі вайны пазнаюць і ўсвядомяць крыху пазней.
-- З самых першых дзён на беларускай зямлі нямецкія акупанты пачалі ганенні на яўрэяў. Яны хаваліся ад ворагаў, як маглі. Аднаго разу і ў нашу невялічкую хатку забеглі некалькі яўрэяў і схаваліся ў запечку. Мы пачалі маліцца, разам з намі маліліся і яўрэі. Якраз у гэты час у хату зайшлі немцы. Яны паглядзелі, што людзі стаяць на каленях, моляцца і выйшлі. Так першы раз у нашай хаце былі выратаваны некалькі яўрэяў. Як склаўся іх далейшы лёс, я не ведаю, але тата гаварыў, што малітва да Бога памагла ў гэтым. Сёння я і сама так мяркую, -- робііць вывад Яніна Альбінаўна.
А ў мясцовых лясах пачалі гаспадарыць партызаны, якія не давалі фашыстам спакойнага жыцця. Альбін Іосіфавіч, бацька Яніны Альбінаўны, быў вядомым на ўсю акругу шаўцом. Да вайны ён шыў абутак жахарам навакольных вёсак, а ў часы ваеннага ліхалецця рамантаваў абутак партызанам, а каб гэта не выклікала падазрэння ў немцаў, рамантаваў і ім боты. Партызаны падрывалі варожыя эшалоны. Чыгунка была паблізу Азярніцы. Пасля кожнай такой дыверсіі фашысты лютавалі як драпежныя звяры. Яны прыязджалі ў вёску, «хапалі» маладзейшых жыхароў, каб вывезці на прымусовыыя работы ў Германію.
-- Аднойчы ледзь не вывезлі ў Германію і майго тату. Зайшлі ў хату ў той час, калі тата рамантаваў абутак, і загадалі яму збірацца. Мама стала плакаць, а за ёю і мы. Малодшы брацік Юзік, якога мама трымала на руках, выцягнуў сваю босенькую ножку і сказаў: “Пан, не забірай тату, я яшчэ босенькі, няхай ён мне зробіць боцікі». Напэўна, у свядомасці немцаў нешта варухнулася чалавечае, бо пасля гэтых слоў малога яны пайшлі з хаты. Так малы Юзік, сам таго не разумеючы, выратаваў бацьку ад вывазу ў Германію, -- працягвае свой не надта вясёлы расказ Яніна Альбінаўна.
Вайна закончылася. Патрэбна было аднаўляць разбураную гаспадарку. Пачалася калектывізацыя, якая сялянамі была ўспрынята неадназначна. З недаверам да гэтага аднёсся і Альбін Іосіфавіч. Цяжка было змірыцца з тым, што давядзецца аддаць уласным потам і рукамі нажытае дабро.
Аднаго разу тата нават плакаў ад роспачы. Было гэта тады, калі ён прынёс дамоў торбачкі, у якіх было насыпана па некалькі кілаграмаў збожжа. плата за ўвесь год працы ў калгасе. Ад злосці на самога сябе ён высыпаў усё гэтае зерне курам. Тут любы заплакаў бы, бо цэлы год нечым трэба было карміць сям’ю, у тым ліку трох малых дзяцей, з сумам успамінае Яніна Альбінаўна тыя нялёгкія часы.
Крыху лягчэй стала, калі яна паступіла вучыцца ў Гродзенскі кааператыўны тэхнікум. Там спазнала радасць кахання да свайго аднакурсніка Вікенція Якімчыка. Маладыя людзі неўзабаве пажаніліся. Падрасталі сыны Валерый і Віталій. Тады шчаслівая Яніна Альбінаўна яшчэ не ведала, што жыццё наша не мяккая пасцель, усыпаная палёсткамі руж. Наперадзе яе чакала яшчэ ні адно выпрабаванне лёсу: смерць мужа і сыноў. Прайшоўшы і перажыўшы ўсе нягоды, чалавек прыходзіць да веры, да Бога. Сёння Яніна Альбінаўна просіць у Бога здароўя для сябе і ўнукаў, для ўсіх нас, зноў пераходзіць на вершаваную мову: Я шчаслівая, што бачу сонца, бачу неба, Што бачу кветкі ў лузе і раннюю расу. І сваю ўдзячнасць, о, Вялікі Божа, Да апошніх дзён сваіх табе я панясу! Як запавет маладым, яе вершаваныя радкі: Я радуюся, што жыву,Кожны дзень я бачу неба...
Сёння Ў Яніны Альбінаўны ёсць хлеб і да хлеба, а ў ваенным дзяцінстве яна з братам і сястрой прасілі ў бацькоў не цукерак, а радаваліся кожнаму кавалачку хлеба, якога не заўсёды хапала, каб наесціся ўдосталь. .. Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧФота В. ДЗЕГЕЛЕВІЧА
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад