У раённым цэнтры культуры ў мінулую нядзелю адбыўся канцэрт дзіцячай вакальнай студыі эстрадных спеваў “Фартуна” дзяржаўнай установы адукацыі “Лунненская сярэдняя школа імя Героя Савецкага Саюза Івана Шарамета”.
Вакальная студыя “Фартуна” пад кіраўніцтвам Ірыны Сідар з 2013 года заваёўвае сэрцы слухачоў і прыхільнікаў, прызавыя месцы на конкурсах і фестывалях раённага і абласнога ўзроўню, а таксама шматлікія ўзнагароды ў скарбонку сваіх дасягненняў. Цяперашні склад гэтага творчага калектыву нядаўна адзначыў пяты дзень нараджэння.
- Мы рыхтуемся да атрымання звання “ўзорны”, таму любы конкурсны і канцэртны вопыт для нас з’яўляецца каштоўным, - адзначае Ірына Іванаўна. – Ужо не першы раз мы выступаем і ў Мастах, аднак такі самастойны гадзінны канцэрт наш калектыў даваў упершыню. Спадзяёмся, што нам удалося стварыць і падараваць мастаўчанам свята сустрэчы з чароўным светам музыкі.
Са сцэны раённага цэнтра культуры гучна і звонка гучалі народныя, патрыятычныя і эстрадныя музычныя творы. Дзякуючы таленту выканаўцаў, прыгожым касцюмам, што гарманічна дапаўнялі кожны вобраз, а таксама танцавальным калектывам дзіцячай школы мастацтваў, кожны канцэртны нумар нагадваў яркую і відовішчную пастаноўку.
- Песні для выканання мы з дзяўчатамі заўсёды выбіраем разам, каб кампазіцыя, так бы мовіць, лягла на душу. Да кожнага нумара падбіраем адпаведныя рухі і рыхтуем касцюмы, каб вобраз быў завершаны. У гэтым нам вялікую дапамогу аказваюць бацькі, за што ім вялікі дзякуй, - дапаўняе кіраўнік калектыву.
Песня ў рэпертуары “Фартуны” пачынае “жыць” адразу пасля выбару, але для таго, каб яна загучала са сцэны ў поўную моц, каб артысты змаглі перадаць гледачам свае пачуцці і эмоцыі, неабходны доўгі і напружаны працэс падрыхтоўкі. У гэты час ад дзяўчат патрабуецца вялікая працаздольнасць, мэтанакіраванасць, стараннасць, руплівасць і адказнасць. Але калі ты жывеш музыкай, калі адчуваеш яе ўсёй сваёй натурай, дык нават у самых складаных кампазіцыях можна дасягнуць дасканаласці, упэўнены Марыя і Дар’я Сідар, Валерыя і Крысціна Пабежка, Аляксандра Яцэвіч, Марта Трахімовіч, Настасся Дубіцкая, Наталля Алізар, Юлія Каранеўская, Надзея Багданец, Вікторыя Савіцкая і Дзіяна Мелех.
Дружнымі апладысментамі віталі мастаўчане таленавітых выканаўцаў. Падтрымаць сваіх выхаванцаў і сябровак у Масты прыехалі таксама педагогі і школьнікі Лунненскай сярэдняй школы. З добрымі ўражаннямі і настроем пакідалі гледачы глядзельную залу раённага цэнтра культуры – “Фартуна” падаравала ім незабыўную сустрэчу з музыкай і “запаліла” ў сэрцах чароўны агонь захаплення і натхнення.
Н.ШЭЎЧЫК
Фота аўтара
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад