На беразе Нёмана, побач, быццам абняўшыся, раслі два дрэвы. Яна – тонкая бярозка, успешчаная ласкавым сонейкам і цёплым дожджыкам. Ён – магутны дуб, які прызвычаіўся разлічваць толькі на свае сілы і ніколі не апускаць галавы перад жыццёвымі нягодамі...
У суседніх дамах на радасць бацькам падрасталі дзяўчына і хлопец. Яна – мілае, сціплае дзяўчо з доўгімі, падобнымі на лён валасамі. Усе ласкава называлі яе Светкай, Свецікам, Святланай. Ён – высокі прыгожы хлопец з выразнымі, быццам намаляванымі, карымі вачамі і чорнымі валасамі. Ён падабаўся ўсім дзяўчатам без выключэння. Яшчэ б: сур’ёзны, вучыцца на юрыдычным факультэце сталічнай ВНУ, выдатна іграе на гітары. Яго зналі і паважалі ўсе. Нават больш сталыя суседзі раіліся з ім і паважліва называлі Уладзімірам.
Света і Валодзя раслі і выхоўваліся разам. Яны сябравалі, як сябруюць брат і сястра, сусед і суседка. Толькі вось чамусьці апошнім часам яго погляд больш звычайнага затрымліваўся на яе мілым твары, прыгожай постаці. Ды і яе сэрца пачынала моцна калаціцца, калі чула яго прыемны голас, здалёк пазнавала яго паходку...
Моладзь з навакольных хатаў любіла збірацца ў доме Валодзіных бацькоў, дзе, акрамя яго, падрасталі яшчэ двое сыноў. Хлопцы і дзяўчаты спявалі песні пад гітару, гулялі, жартавалі – адным словам, адпачывалі. Так было і на гэты раз. І, здавалася, нішто не можа пера-шкодзіць спакойнаму ходу падзей.
Святлана ў гэтым годзе заканчвала адзінаццаты клас. Дзяўчына марыла паступіць у інстытут культуры і прафесійна заняцца музыкай і спевамі. Света мела добры голас і нават птушкі, здавалася, замаўкалі, калі яна заво-дзіла песню. А яе бацькі чакалі канца вучэбнага года, каб пераехаць на новае месца жыхарства, дзе бацьку прапанавалі высокую пасаду.
У гэты вечар Святлана чамусьці не спяшалася да суседзяў, куды (яна бачыла праз акно) ужо збіраліся рабяты і дзяўчаты. Сёння яна асабліва старанна выбірала сукенку, доўга стаяла перад люстэркам і нарэшце рашыла ісці. Першае, што ўбачыла дзяўчына, адчыніўшы дзверы ў пакой, адкуль чуліся вясёлыя галасы, гэта Валодзіны вочы. Яны глядзелі на яе неяк незвычайна, быццам пранікалі ў самую душу, чытаючы яе патаемныя думкі. Паміж дзяўчынай і юнаком быццам працягнулася якаясьці нябачная нітачка, што моцна звязала іх сэрцы.
А тым часам пачалася гульня ў “Фанты”, якую Святлана вельмі любіла. Так атрымалася, што ў яе не было больш фантаў і яна адрэзала невялікую пасму сваіх валасоў. Гэты незвычайны “фант” аказаўся ў Валодзі, а ёй, каб атрымаць яго назад, трэба было пацалаваць хлопца. Таго патрабавалі правілы гульні. Света не помніла, як падышла да юнака, як нахілілася і зноў поглядам сустрэлася з яго вачамі...
Яны сустракаліся толькі па выхадных, і ўсе ночы напралёт гулялі па гораду, дзяліліся ўражаннямі, накопленымі за тыдзень, назіралі за зоркамі і марылі аб будучым. Але час нельга спыніць. Наступіла лета – пара выпускных і ўступных экзаменаў у адзінаццацікласнікаў, пара экзаменацыйнай сесіі ў студэнтаў. Святлана і Уладзімір амаль не бычыліся, бо рупліва рыхтаваліся да іспытаў, каб рэалізаваць кожны сваю мару: займацца любімай справай. І ён, і яна ведалі што ўсё гэта нішто ў параўнанні з тым, што іх чакала наперадзе: Света разам з бацькамі пераязджала ў іншую краіну. Але ці ж можа адлегласць стаць перашкодай для маладых любячых сэрцаў?!
...Чулыя, трапяткія, поўныя кахання і дабрыні пісьмы Святлана перачытвала зноў і зноў, калі ў пакоі інтэрната наступала цішыня. Яны так даўно не бачыліся, што, здавалася, прайшла цэлая вечнасць з таго моманту, як яны развіталіся. Дзяўчыне заставалася здаць толькі два экзамены.
Валодзя таксама чакаў іх сустрэчы. Сесія ў яго ўжо закончылася, і ён праводзіў канікулы дома, дапамагаючы бацькам па гаспадарцы. Вось і зараз яны з бацькам ехалі касіць траву. Насустрач ім нечакана выехаў трактар, вадзіцель якога быў з моцнага пахмелля. Імгненне, і матацыкл трапляе ў кювет...
Света прачнулася ад таго, што нехта ў сне клікаў яе па імені. Трывожнае пачуццё не пакідала яе і ўвесь наступны дзень. А бяда пастукалася ў дзверы два дні апасля разам з паштальёнам. Тэлеграма, у якой паведамлялася аб Валодзінай смерці, спазнілася роўна на суткі...
Святлана доўга стаяла, гледзячы пустымі, поўнымі слёз вачыма на пясчаны ўзгорак, дзе спачываў яе Валодзя. Яна ведала, што ён памёр не адразу: клікаў яе і вельмі прасіў даць яму ў рукі пасму яе валасоў, якую захоўваў з таго самага дня, калі паміж імі ўспыхнула каханне.
... У тую ж ноч, калі памёр Валодзя, была моцная навальніца. Здавалася, нябёсы раскрыліся, кідаючы гнеўныя гром і маланкі на грэшную зямлю. Ад моцнага напору ветру і дажджу не вытрымаў, зламаўся дуб. Не стала таго, хто аберагаў кволую бярозку. Па-трэбна было вучыцца самой быць моцнай...Н.СВЯТЛОВА
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад