Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноМестное управление и самоуправлениеСоциумОбщественная жизньСоциумКультураБлоги наших журналистовНаталья ШевчикНовости МостовщиныЧто? Где? Когда?Люди нашей МостовщиныЛюди нашей МостовщиныБеларусь - ЭТО МЫ!Нам есть чем гордитьсяГод качестваГод качества

“Не злаваць і не зайздросціць, любіць людзей і жыццё” – парада ад 90-гадовай імянінніцы з Гудзевіч, народнага майстра Беларусі Веры Ігнатаўны Белакоз

“Не злаваць і не зайздросціць, любіць людзей і жыццё” – парада ад 90-гадовай імянінніцы з Гудзевіч, народнага майстра Беларусі Веры Ігнатаўны Белакоз03 февраля 2024 — 17:53

У суботу ў Гудзевіцкім дзяржаўным літаратурна-краязнаўчым музеі было шматлюдна. А падставай для сустрэчы стаў важкі і прыгожы юбілей паважанага чалавека – народнага майстра Беларусі, носьбіта ўнікальнага элемента духоўнай спадчыны нашай краіны Веры Ігнатаўны Белакоз.

Павіншавалі імянінніцу з 90-годдзем, выказалі ёй шчырыя словы падзякі за плённую працу, адраджэнне тэхналогіі ткацтва падвойных дываноў, далучэнне моладзі да культурных традыцый беларусаў прадстаўнікі раённай і мясцовай улады, культурнай супольнасці Панямоння, аднавяскоўцы, сябры, былыя калегі, вучні і прыхільнікі яе творчасці.

Ад імя Мастоўскага раённага выканаўчага камітэта павіншавала юбіляршу і ўручыла ёй Ганаровую грамату намеснік старшыні райвыканкама Марына Давыдзік.

– Паважаная Вера Ігнатаўна, па-першае, хочацца падзякаваць Вам за педагагічную працу, за выхаванне падрастаючага пакалення, а таксама за той вялікі ўклад, які Вы ўнеслі ў справу адраджэння складанай тэхналогіі ткацтва падвойных дываноў. І тое, што сёння дадзеная тэхналогія з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю, а значыць, багаццем не толькі Гудзевіч і Мастоўскага раёна, але ўсёй Беларусі, – гэта дарагога каштуе, – падкрэсліла Марына Осіпаўна, перадаючы імянінніцы ўзнагароду і кветкі.

Пра тое, што ў дзяржаве і на Гродзеншчыне шмат робіцца для таго, каб не толькі захаваць, але і развіваць ткацкія традыцыі, гаварылі і прадстаўнікі Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці. Яны ж перадалі Веры Ігнатаўне добрыя пажаданні з нагоды юбілею ад усіх ткачых вобласці.

– Сваім жыццём і талентам, кожным сваім дываном, што можна смела далучыць да твораў мастацтва, Вы, Вера Ігнатаўна, быццам гаворыце нам, сваім нашчадкам, як трэба любіць свой край, сваю малую радзіму, як душой і сэрцам трэба быць побач са сваёй сям’ёй. Наперадзе нас чакае яшчэ нямала цікавых сустрэч і важных спраў, дзе без Вашых парад, Вера Ігнатаўна,  вопыту і мудрага настаўлення не абысціся. Таму жадаем Вам моцнага здароўя, бадзёрасці і творчых памкненняў, – звярнулася да юбіляршы намеснік дырэктара цэнтра Наталля Рамановіч. Да добрых слоў далучыліся  і яе калегі Алена Шунейка і Вольга Шлавянец.

Таленавітая, добрая, сціплая, спагадлівая, руплівая – такія эпітэты гучалі на працягу ўрачыстасці ў адрас Веры Ігнатаўны. А яшчэ за дасціпны розум і фенаменальную памяць аднавяскоўцы часта называюць яе “хадзячай энцыклапедыяй”.

Нарадзілася майстрыха 3 лютага 1934 года ў вёсцы Ляткі, што недалёка ад Гудзевіч. З маленства дзяўчынка была прывучана да сялянскай працы, дапамагала бацькам па гаспадарцы.

Пасля заканчэння Гудзевіцкай сямігодкі, Вера паступіла ў Гродзенскае дзяржаўнае педагагічнае вучылішча. Гэты выбар быў зроблены невыпадкова: любоў да дзяцей і моцныя веды былі тым падмуркам, каб стаць добрым настаўнікам. Пацверджаннем прызнання яе педагагічнага майстэрства з’яўляюцца шматлікія ўзнагароды за дасягнутыя поспехі ў навучанні, сярод якіх і Ганаровая грамата Міністэрства асветы БССР (1978 год).

Яшчэ ў 1970 годзе ў Гудзевіцкай школе стараннямі Веры Ігнатаўны і яе мужа Алеся Мікалаевіча быў створаны ткацкі гурток для дзяцей. Мясцовая дзетвара з задавальненнем асвойвала тэхніку ткацтва паяскоў, закладачак і гальштукаў на невялікіх ручных кроснах. Пазней гурток змяніў адрас на музейны, а за час яго існавання сотні мясцовых дзяўчынак і хлопчыкаў атрымалі навыкі ткацкай справы.

З выхадам на заслужаны адпачынак Вера Ігнатаўна перайшла на працу ў музей, дзе дзейнічала ткацкая майстэрня. Атрымаўшы майстар-клас па ткацтву падвойных дываноў ад майстрыхі з Адэльска Ядвігі Райскай, жанчына стала дасканала ўнікаць у сутнасць складанай тэхнікі. Асвоіўшы рамяство, яна перадавала свой вопыт іншым. Так паслядоўнікамі яе справы сталі дачка Марына, якая зараз вядзе ткацкі гурток у абласным Палацы творчасці дзяцей і моладзі, праўнукі Данік і Максім, а таксама супрацоўнікі музея і мясцовыя жанчыны.

– Я памятаю Веру Ігнатаўну яшчэ як сваю першую настаўніцу. Яна ж навучыла мяне ткацкай справе, – расказала Кацярына Басінская. – Самае важнае ў жыцці – пакінуць след. Важкі, ёмісты, якім можна ганарыцца. Дык вось Вера Ігнатаўна пакінула яго. Хочацца, каб наша моладзь падхапіла гэты вопыт, каб носьбітаў ткацкіх традыцый станавілася больш, а гэты від мастацтва не стаў забытым.

І яшчэ некалькі важных для юбіляршы дат і падзей. У 2011 годзе традыцыйная тэхналогія ткацтва падвойных дываноў в. Гудзевічы была ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. У 2013 годзе за захаванне і развіццё традыцый падвойнага ткацтва Веры Ігнатаўне Белакоз было прысвоена званне “Народны майстар”. У 2016 наша зямлячка стала лаўрэатам прэміі імя А. І. Дубко “За творчыя дасягненні  ў галіне культуры і мастацтва”.

Шчырыя віншаванні з нагоды прыгожага і значнага юбілею майстрыхі  прагучалі ў гэты дзень ад старшыні Гудзевіцкага сельвыканкама Вікторыі Палойка, педагогаў школы, сябра сям’і Мікалая Іваноўскага і членаў аматарскага аб’яднання “Залаты ўзрост” мясцовай бібліятэкі. Цёплымі ўспамінамі напоўнілася зала, калі слова прадаставілі сяброўцы імянінніцы Алене Пятроўне Хомка. Разам жанчыны раслі, хадзілі ў школу, выходзілі замуж і гадавалі дзяцей, разам працавалі і дзялілі жыццёвыя нягоды. Цудоўны музычны падарунак падрыхтавалі для Веры Ігнатаўны фальклорная група “Рэчанька” і работнікі Гудзевіцкага цэнтра вольнага часу і культуры.

Пасля  ўрачыстых слоў і фатаграфання мы запыталіся ў Веры Ігнатаўны, ці ёсць які-небудзь сакрэт яе даўгалецця? На што яна адказала:

– Не трэба злаваць і зайзросціць.  Любіце людзей, любіце жыццё, любіце тую справу, якой займаецеся, – вось і ўвесь сакрэт! Пражыць 90 гадоў – гэта як дыван выткаць: трэба і працы шмат прыкласці, і старання, бо без гэтага нічога не бывае; і любові пабольш дадаць ды душы, каб прыгожа было; і цярпенне праявіць, веды і ўменні свае прымяніць, каб вынік станоўчым быў.

Што і казаць, мудрасць жыцця гаворыць вуснамі нашай знакамітай зямлячкі.

Наталля ШЭЎЧЫК

Фота аўтара


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио