Трэба працаваць на вынік! Такую задачу паставіў перад работнікамі адукацыі, праваахоўных органаў, аддзелаў МНС і іншых службаў намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама В.А. Лісковіч падчас відэаканферэнцыі.
Пасяджэнне абласной камісіі па справах непаўналетніх праходзіла ў фармаце непасрэднай сувязі з раённымі камісіямі. Тэма размовы была настолькі вострай і злабадзённай, што знаходзіла актыўнае абмеркаванне ўдзельнікаў канферэнцыі ў раённых студыях. Усе разам спрабавалі знайсці адказы на пытанні: як прадухіліць прычыны, што пагражаюць здароўю і жыццю дзяцей, прыводзяць юных грамадзян да адчайных учынкаў? Сапраўды, ці можна спакойна рэагаваць на факты, калі гінуць ці траўміруюцца дзеці, калі падлеткі рашаюцца на самы жудасны крок – развітацца з жыццём, калі яны ўчыняюць правапарушэнні?!
Супрацоўнікі пракуратуры і медработнікі, прадстаўнікі аддзела ўнутраных спраў і адукацыі, якія выступілі на пасяджэнні, агучылі многа выпадкаў, звязанных з няшчасцямі дзяцей, што адбыліся з-за абыякавасці, безадказнасці, халатнасці дарослых. Калі дзеці застаюцца без нагляду, не адчуваюць бацькоўскага цяпла і клопату, не маюць каму даверыцца, расказаць, што іх трывожыць, – часта здараецца непапраўнае. Так, 13-гадовы хлопчык у стане алкагольнага ап’янення купаўся ў вадаёме і стаў ахвярай вады, яшчэ адзін падлетак спрабаваў развітацца з жыццём з-за школьнай бойкі. А які жудасны выпадак адбыўся ў Гродне: падлетак забіў свайго меншага брата і зрабіў замах на жыццё матулі… Важна падкрэсліць, што гэтыя дзеці жылі не ў пустыні. Дзе ж тады настаўнікі, псіхолагі, прафілактычныя органы? Чаму яны бяздзейнічаюць? Такая бяздзейнасць недапушчальная, і на гэта звярнуў увагу ўдзельнікаў відэаканферэнцыі Віктар Андрэевіч Лісковіч. На пасяджэнні ішла размова пра летні адпачынак дзяцей, працоўную занятасць падлеткаў. Сёлета ў вобласці было аздароўлена 44 тысячы школьнікаў. Сем тысяч юнакоў і дзяўчат працавалі ў складзе студэнцкіх атрадаў, працоўных брыгад. Было рэкамендавана больш увагі ўдзяляць занятасці дзяцей, у тым ліку і працоўнай, павялічыць колькасць профільных лагераў. Прычым, важна забяспечыць бяспеку дзяцей, захаванне санітарных норм і правіл. Дзеці – наша галоўнае багацце. Іх трэба берагчы, ствараць усе ўмовы для паўнацэннага жыцця і ўсебаковага развіцця. А гэта задача дарослых. Таму важна, каб усе зацікаўленыя службы працавалі зладжана і плённа, на вынік. Ала УЛАДЗІМІРАВА.
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад