Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноНаука и образованиеНаука и образование

Навуковае даследаванне як сродак папулярызацыі літаратуры

Навуковае даследаванне як сродак   папулярызацыі літаратуры31 января 2017 — 11:03

 

Нікому не сакрэт, што моладзь сёння не любіць чытаць. У той жа час педагагічнай навукай сёння накоплены багаты вопыт для рашэння гэтай праблемы. Адным з дзейсных сродкаў для заахвочвання да чытання, думаецца, можа быць даследчая работа. А для большай зацікаўленасці варта выбіраць неардынарныя творы, незвычайнай формы, з загадкавай інтрыгай і даступным зместам. Такімі якасцямі ў дастатковай меры валодаюць творы, якія адносяцца да жанру гістарычнага дэтэктыва. Яны заінтрыгуюць, здзівяць маладога чалавека, таму што ў іх прысутнічае таямніца, якая патрабуе разгадкі, абуджае фантазію чытача.
Сёння навукоўцамі прызнана, што першая спроба ў напісанні гістарычнага дэтэктыва належыць Уладзіміру Караткевічу. Для многіх сучасных і чытачоў, і аўтараў нацыянальным узорам гэтага жанру стала яго аповесць “Дзікае паляванне караля Стаха”. Гэтаму праграмнаму школьнаму твору навукоўцы дастаткова ўдзялялі ўвагі, належную ацэнку яму далі А.Верабей у сваіх кнігах”Жывая повязь часоў”(1988), “Абуджаная памяць” (1997), А. Мальдзіс ў манаграфіі “Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча: партрэт пісьменніка і чалавека” (2010) і іншыя.


Але большую ўвагу даследчыкі скіроўвалі на ідэйна-мастацкі бок твора, а не на яго жанравую прыроду. У школьнай праграме пры вывучэнні творчасці У.Караткевіча падрабязна разглядаецца канкрэтна-гістарычная аснова аповесці “Дзікае паляванне караля Стаха”. Разглядаючы сюжэт аповесці, даказваем, што ў творы асуджаецца сацыяльны прыгнёт і ўціск, ставіцца пытанне аб прызначэнні чалавека на зямлі, аб лёсе беларускага народа. Сапраўды, гэты твор шматпраблемны. Аўтар закранае праблемы дабра і зла, кахання, мужнасці, гераізму. І ў той жа час нас зацікавіла пытанне: да якога жанру адносіцца згаданы твор? У школьным падручніку пра гэта пішацца мала. У крытычных артыкулах сустрэлася цікавае жанравае азначэнне аповесці – гістарычны дэтэктыў. Так узні-кла жаданне даведацца, у чым спецыфіка гэтага жанру, ці сапраўды адпавядае твор Караткевіча такому вызначэнню. Разабрацца ў гэтым дапамагла даследчая праца “Жанр гістарычнага дэтэктыва ў творчасці беларускіх пісьменнікаў”.


Пазнаёміўшыся з меркаваннямі навукоўцаў, мы прыйшлі да высновы, што пазнавальнымі жанравымі адзнакамі гістарычнага дэтэктыва можна назваць наступныя: пастаноўка ў творы трох знакавых пытанняў, якія ствараюць пэўны стандарт пабудовы сюжэту (Хто? Як? Чаму?); наяўнасць таямніцы, загадкавага здарэння, чатырохэтапнай кампазіцыйнай структуры, цесная ўзаемасувязь інтрыгі, фабулы, сюжэта; стварэнне ў чытача напружання, адпаведнага эмацыйнага стану; кола характэрных персанажаў (Вышукнік, Злачынец, Ахвяра);апісальнасць як адзін са знакавых прыёмаў гістарычнага дэтэктыва; наяўнасць гістарызму.


Назіранні над аповесцю У. Караткевіча “Дзікае паляванне караля Стаха” дазволілі зафіксаваць у творы ўсе вышэйназваныя элементы і даказаць, што ён з’яўляецца ўзорам гістарычнага дэтэктыва.


Аўтар паказвае асноўныя канфлікты далёкага часу, канца ХІХ ст., выкарыстоўвае сапраўдныя факты, дакладна перадае каларыт эпохі. На такі гістарычны фон накладзена дэтэктыўная схема.


У якасці загадкавага здарэння, абставіны якога не вядомы, выступае само дзікае паляванне. У творы маем тыповых персанажаў дэтэктыва: следчы (Беларэцкі), злачынца (Дубатоўк), пацярпелы (Надзея Яноўская), сведкі, памочнік следчага (Свеціловіч), падазроныя. Усе героі дзейнічаюць строга па законе дэтэктыўнага жанру. Канфлікт пабудаваны згодна з патрабаваннямі дэтэктыва – сутыкненне справядлівасці з беззаконнем.


Гістарычны дэтэктыў не трымаецца зададзенай формы. На сучасным этапе мы назіраем не толькі працэс пераемнасці традыцыі Караткевіча, але і яе далейшае развіццё. Прыкладам гэтага служыць творчасць Л. Рублеўскай і непасрэдна раман “Золата забытых магіл”. Гераіня твора ў сучаснасці разгадвае даўнейшае злачынства. У творы пераплятаюцца падзеі мінулага і сучаснага, якія апісваюцца паралельна. Да мінулага часу адносяцца падзеі паўстання 1863-1864 гадоў. У творы праводзіцца разгадка даўняй таямніцы: чаму напрыканцы ХІХ стагоддзя быў забіты былы паўстанец, паплечнік Кастуся Каліноўскага Вінцэсь Рашчынскі, і якую згадку захоўваюць каменныя жабкі з яго надмагілля. Такім чынам, у рамане дакладна дэманструецца адна з асноўных адзнак дэтэктыўнага жанру – апісанне расследавання загадкавага здарэння з мэтай высвятлення яго абставін і развіцця загадкі.
У творы дзейнічаюць тыповыя персанажы дэтэктыва. Важна, што Л.Рублеўская ставіць у цэнтры свайго твора выпадак, а не лагічнае развіццё падзей. Таму ў сюжэце шмат авантурнага, нечаканага. У фінале гераіня рамана, як следчы – аматар, з дапамогай сваіх сяброў раскрывае асноўную таямніцу надмагілля.


Калі параўнаць мастацкі стыль Л. Рублеўскай і У. Караткевіча ў жанры гістарычнага дэтэктыва, то нельга не заўважыць, што гэта пісьменнікі розных эпох. Яны ставілі перад сабой розныя задачы. Перад Караткевічам стаяла задача заінтрыгаваць чытача мінулай гісторыяй, і таму ў творах ён дасканала перадаваў аблічча канкрэтнага гістарычнага перыяду. Л. Рублеўская большы акцэнт робіць на займальнасць, на арыгінальную мастацкую форму. У яе рамане прысутнічаюць плынь часу і плынь гісторыі, якая паўтарае сама сябе праз некаторы тэрмін у новай якасці. Пісьменніца праз такую форму паказвае чытачу пераемнасць духоўных каштоўнасцей мінулага і сучаснага. Раман Л. Рублеўскай “Золата забытых магіл” наватарскі.


Праведзеныя назіранні сведчаць, што гістарычны дэтэктыў – арыгінальная з’ява ў літаратуры і ўтрымлівае ў сабе шмат загадак. Ён развіваецца і ў наш час.


Наша навуковае даследаванне ставіць на мэце звярнуць увагу на арыгінальныя жанравыя формы ў беларускай літаратуры, паказаць разнастайнасць мастацкіх пошукаў сучасных пісьменнікаў і ў той жа час праца папулярызуе жанр гістарычнага дэтэктыва сярод сучаснай моладзі. Хочацца верыць, што яна пераглядзіць свае адносіны да твораў нашых пісьменнікаў і зацікавіцца імі.
Сучасная літаратура – з’ява шматаблічная і разнастайная, таму, на наш погляд, даследчая праца павінна быць важным сродкам абуджэння цікавасці да яе набыткаў.


Л. Эйсмант,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры,
К. Пабежка,
вучаніца 11 класа
Лунненскай сярэдняй школы


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио