Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноГод исторической памятиГод исторической памятиНаука и образованиеНаука и образованиеНовости МостовщиныНовости Мостовщины

Наведалі мемарыяльны комплекс «Шавулічы»

Наведалі мемарыяльны комплекс «Шавулічы»10 апреля 2022 — 09:30

Вучні і настаўнікі Пескаўскага дзіцячага сада-сярэдняй  школы наведалі мемарыяльны комплекс “Шавулічы” (на сайт). Усё далей і далей ад нас падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Здавалася б, з часам боль  сціхне, раны на сэрцы чалавечым  зарубцуюцца, і памяць забудзе ўвесь жах тых гадоў. Але  раны на сэрцы не рубцуюцца, памяць не забывае.  Немагчыма забыць: вельмі шмат бед  перанёс наш народ.

Вось адзін з трагічных прыкладаў – у Беларусі спалена 619 вёсак, 136 так і не адрадзіліся да жыцця. Вёска Шавулічы стала сястрой Хатыні. Дзеці падчас экскурсіі даведаліся, што   да  лета 1943 года на гэтым месцы была шматлюдная беларуская вёска, вельмі прыгожая. Хаты былі з жасцянымі дахамі, а гумно і хлявы – з саламянымі. Вуліца з вішнямі па адзін бок, па  другі –  са слівамі, а  заквітнеюць вясной – усе жыхары радаваліся такой прыгажосці. Былі і   дабротны ветраны млын з моцнымі крыламі, і  двухпавярховая школа з вялікімі вокнамі, пабудаваная напярэдадні вайны. На жаль, усяго гэтага няма.

Толькі сумная карціна  адкрылася нашаму  погляду: невялікія драўляныя зрубы – сімвалы на месцы згарэлых дамоў. На кожным з іх нумар дома і прозвішча сямейства, якое тут пражывала. У дзвюх зрубах сваякамі ўстаноўлены помнікі. На адным ёсць невялікая фатаграфія членаў сям’і і імёны з датамі нараджэння. Глядзім на фотаздымак і болем шчыміць сэрца   – тата, мама і іх  цудоўная дачка, якой на момант трагедыі было ўсяго 11 гадоў. Моўчкі   ідзем далей.  У цэнтры – бронзавы  колакал памяці і смутку з  зялёнай стужкай. Яго сумны звон болем адклікаецца ў сэрцах  кожнага з нас. Крыху наводдаль – помнік з гранітнай плітой, на якой імёны загінуўшых, каля падножжа – кветкі. Яшчэ адзін помнік – “Воін і падпольшчыца”. Два паклонныя крыжы – праваслаўны і каталіцкі, мірна жылі тут людзі розных канфесій. Вуліца, выбрукаваная каменем, –  гэта па ёй ішлі ў свой апошні шлях старыя, дзеці, жанчыны.  Дзве брацкія магілы – у пачатку і ў канцы вёскі. І зноў зрубы, зрубы, зрубы ...  Чорнага колеру зрубы. І   тонкія, стройныя і  маладыя бярозы. Яны сумна схілілі свае  галіны і ціхенька шалясцяць, быццам баяцца парушыць  пакой гэтага  журботнага месца.

Расстралялі  366 чалавек, з іх 120 дзяцей, самаму маленькаму дзіцяці было ўсяго два дні…. Пасля расстрэлу жыхароў вёскі ўсе пабудовы і  хаты  падпалілі, яны гарэлі цэлыя суткі. Відавочцы ўспаміналі, што пасля карнай аперацыі абпаленая зямля ў Шавулічах варушылася яшчэ некалькі дзён… Гэты боль немагчыма зразумець і прыняць. Застаецца толькі памятаць і не забываць, якім коштам нашаму народу дасталася Вялікая Перамога. 

Галіна ГАЛАВЕНКА,

класны кіраўнік 9 класа

Пескаўскага дзіцячага сада-сярэдняй школы


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио