Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноСоциумОбщественная жизньСоциумКультураНовости МостовщиныНовости МостовщиныНовости МостовщиныНаш крайНовости МостовщиныЧто? Где? Когда?Беларусь - ЭТО МЫ!Нам есть чем гордиться

“Нашы вытоки”

“Нашы вытоки”06 сентября 2023 — 09:49

У ДУК “Гродзенскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці” адкрылася справаздачная выстава аддзела традыцыйнага мастацтва і рамёстваў  ДУ “Мастоўскі РЦК”, якая будзе  працаваць да 30 верасня.

На выставе прадстаўлены ўсе накірункі працы майстроў народнай творчасці Мастоўскага раёна.

Дзякуючы спецыялістам абласнога цэнтра, якія пастаянна даюць свой майстар-клас для раённых аддзелаў і цэнтраў народных рамёстваў Гродзеншчыны  па прэзентацыі кожнага экспаната  любой выставы ў іх сценах, нашы работы таксама зазіхацелі новымі гранямі і адценнямі, і стала бачна, што майстры народнай творчасці  – людзі асабліва прывабныя не толькі талентам, але і духоўнасцю, адкрытасцю, шчырасцю, вялікай  цеплынёй і добразычлівасцю.  

Доўгія гады свайго жыцця прапагандавала ткацтва майстар ад Бога і жыццёвай практыкі Кацярына Аксаміт, працуючы за станком ў Гудзевіцкім музеі і перадаючы свой вопыт і вопыт спадарыні Веры Белакоз дзяўчынкам з Гудзевіцкай школы, а таксама шматлікім наведвальнікам Гудзевіцкага музея. На выставе “Нашы вытокі” ёсць дываны і ходнікі абедзвюх знакамітых майстрыц. А сям’я Веры Ігнатаўны – дачушка і два ўнукі, якія прынялі ўдзел у адкрыцці выставы і таксама займаюцца падвойным ткацтвам,  – толькі пацвердзіла памылковы погляд на тое, што прырода адпачывае на дзецях. Не адпачывае генетычны код беларускай нацыі, працуе як найлепш, каб не загубіць тую спадчыну, якую мы атрымалі з умелых рук продкаў.

Гудзевіцкая школа ткацтва прадстаўлена і паясамі, якія выкананы Людмілай Станеўскай у традыцыйных для Беларусі арнаментах і колерах. Гэтыя вырабы адзначаны абрэвіятурай НКС – нематэрыяльная культурная спадчына.

Работы Алены Садаўнічай, загадчыка аддзела традыцыйнага мастацтва і рамёстваў, па выцінанцы таксама носяць характар НКС. Пра тэматыку работ  вядомай выцінаншчыцы гавораць іх назвы: “ Папараць-кветка”, “Купалле”, “Гуканне вясны”, “Жніво”, “Пастушкі” і шмат іншых.

Адной з найбольш вядомых майстрыц народных рамёстваў не толькі ў вобласці, але і ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляецца майстар нашага аддзела Вольга Вайтовіч. Спіральнае травапляценне – тое ўменне, якое адкрыла для сябе і шчыра дзеліцца на шматлікіх майстар-класах з усімі жадаючымі гэтая сціплая і вялікая   ўмеліца.

Пра Вольгу Юр’еўну можна гаварыць бясконца. Па прафесіі яна выкладчык працоўнага навучання і выяўленчага мастацтва. Яшчэ вучаніцай у Струбніцкай сярэдняй школе пачала займацца ў гуртку саломапляцення Тамары Рагацэвіч.

Наведвальнікаў выставы вабяць такія вырабы Вольгі Вайтовіч, як гаршчочкі-шаптуны, спарышы (ад слова “пара” – два), падносы, бочачкі розных памераў, кошыкі, цукерачніцы, талеркі і біжутэрыя.

Усе гэтыя вырабы зроблены з балотных альбо рачных траў з выкарыстаннем лазовай стужкі. Пры гэтым трава, нарыхтаваная ўлетку, мае зялёны колер. Тая, што нарыхтоўвалася восенню, мае колер сена. Вырабы з травы ўпрыгожваюць жыллё, часцяком выкарыстоўваюцца для захоўвання ежы, асабліва хлеба. Наогул,  гэта зручныя і якасныя рэчы для хатняга побыту. У дадатак скажу, што навукоўцы  даказалі: пах свежаскошанай травы супакойвае галаўны боль! Дзе можна набыць іх? У нашай сувенірнай “Краме”!

Не ведаю, наколькі гэта праўда, што сёння тэхналогіяй спіральнага пляцення валодаюць усяго чатыры майстры ў Беларусі. Сярод іх яшчэ адна наша чарадзейка – Ірына Славута, якая ў маі 2023 года атрымала дыплом II ступені за вырабы з травы на рэспубліканскім свяце “Веснавы букет”.

Вырабы майстроў саломапляцення – гэта каштоўнасць не толькі для нашай краіны, але і для ўсяго свету, менавіта так адзначыла   ў мінулым годзе сесія  ЮНЭСКА ў Марока. Рамяству столькі ж часу, як і вырошчванню зерня для хлеба. Саломапляценне на выставе ў Гродне прадстаўлена скарбонкамі, падносамі, куфрамі, бочачкамі, какошнікамі, капелюшамі, кепі, абручамі, абярэгамі ў тэхніцы спіральнага пляцення і аб’ёмнай (альбо “зубаткай”).Экспанаты  зроблены майстрам аддзела Аленай Карпук і аматарам  Лідзіяй Каскевіч, ветэранам педагагічнай працы, якая на працягу 20 гадоў вяла гурток па саломапляценні ў цэнтры творчасці дзяцей і моладзі г. Масты.

Сапраўдным адкрыццём апошняга 2023 году стала майстар-аматар па вязанні і вышыўцы Клаўдзія Грыб. Яна прымала ўдзел у некалькіх выставах нашай выставачнай залы, дэманстрыруючы вязаныя на прутках і шыдэлкам рэчы: сурвэткі, цацкі, шкарпэткі, вышываныя крыжыкам і бісерам карціны, іконы, дарожкі. Работы майстрыцы прадстаўлены асобным і вельмі ўтульным кутком.

Славянскія лялькі-абярэгі, якія знаходзяцца таксама на выставе, зроблены Таццянай Вангул.  Гэта “Траўніца”, “Зернавушка”, “Шчаслівіца”, “Лялькі-неразлучнікі” (для вясельнага абраду).

Ёсць на выставе і рушнікі таленавітага майстра па вышыванні крыжыкам Ірыны Фядзюк. На апошнім свяце “Бацькава булка” Ірына атрымала дыплом II ступені за сваё майстэрства.  Яе работы пазітыўныя, пяшчотныя, з традыцыйным беларускім арнаментам.

Вырабы з керамікі прадстаўлены непаўторнымі работамі Кліма Панка. Ён былы супрацоўнік цэнтра рамёстваў  г. Масты і добры сябар нашага аддзела. Чаму не працуе ў аддзеле? Марская душа – мора яго кліча! І гліна не адпускае. Калі не ў моры – значыць зноў нешта творыць. Работы  Кліма Канстанцінавіча носяць адметны знак майстра: яны выкананы ў розных тэхніках: стужачнае жгутаванне, малачэнне, глазураванне, з дабротным роспісам, які майстар робіць сам.

Настасся Шынгель – малады спецыяліст аддзела, таксама кераміст. За год працы Насця  навучылася рабіць сувеніры, званочкі, падкоўкі і шмат іншага, што таксама знаходзіцца на выставе.

Разьбу па дрэве на выставе “Нашы вытокі” прадстаўляе гонар Мастоўскага раёна, майстар “залатыя рукі” Мікалай Ярац. Мікалай Вячаслававіч не толькі таленавіты майстар-аматар, але і настаўнік Божай міласцю – дырэктар Правамастоўскай сярэдняй школы.

Вырабы з дрэва на гэтай выставе Мікалая Ярца быццам складаюць добры вечны сюжэт. Вось хлопчык з дзяўчынкай цалуюцца вельмі чыстым дзіцячым пацалункам. За імі з усмешкай назірае працавітая жанчына, можа, маці, можа, проста суседка ці аднавяскоўца. Было…  так было і будзе вечна! Нашы вытокі… За гэта моліцца жанчына-маці, маці сусвету – наша заступніца Багародзіца – разам з іншымі небажыхарамі. За цішыню і спакой на зямлі адказвае Святы Фларыян: пажараў не павінна быць, пакуль ён вартуе людзей. Круглыя драўляныя  амфары  нагадваюць пра Зямлю і Вечнасць, якую адлічваюць зробленыя з дрэва ходзікі з фігурамі жывёл. Вечны сюжэт:  толькі б быў мір і не было ніякіх жахаў!

Лідзія ПАРАМОНАВА,

метадыст аддзела традыцыйнага мастацтва і рамёстваў

ДУ “Мастоўскі РЦК”


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио