Сёння амаль ў кожнай школе існуе музей, створаны намаганнямі вучняў, іх бацькоў, настаўнікаў, проста неабыякавых людзей. У іх захоўваюцца рэчы, якія адлюстроўваюць жыццё нашых продкаў у розныя гады мінулых стагоддзяў. І часам можна знайсці ўнікальныя экспанаты, якіх няма нават у буйных дзяржаўных музеях.
Некалькі гадоў назад на адным з заняткаў гуртка “Музейная справа” вучні так захапіліся гісторыяй дзейнасці партызанскага атрада пад кіраўніцтвам П.І. Булака, які дзейнічаў у гады Вялікай Айчыннай вайны ў лясах, што размяшчаліся за вёскамі Азёркаўскага сельсавета. Многія вучні – нашчадкі былых ветэранаў, франтавікоў, партызанаў, таму вырашылі ўсур’ёз заняцца вывучэннем і захаваннем гісторыі роднага краю, адраджэннем і зберажэннем матэрыяльнай, духоўнай і культурнай спадчыны. Так, дзякуючы агульным намаганням, у 2005 годзе ўпершыню свае дзверы адкрыў пакой Баявой славы. Прайшоў час і ён пашырыў сваю плошчу, таксама павялічылася колькасць экспанатаў. А першага снежня 2017 года пакой набыў статус музея “Наша спадчына”. У хуткім часе ён стаў сапраўдным цэнтрам грамадска-патрыятычнага выхавання маладога пакалення.
Сёння кіраўніком школьнага музея з’яўляецца настаўніца Ірына Аляксандраўна Гарбацэвіч, якая на працягу вось ужо некалькіх гадоў сумесна з саветам музея праводзіць работу па вывучэнні роднага краю, збору краязнаўчага матэрыялу, правядзенні вучэбных і пазапраграмных экскурсій. Кожны год музей папаўняецца новымі экспанатамі, і сёння яго фонды складаюць больш за 440 адзінак . І хоць экскурсіі для наведвальнікаў заўсёды праводзяць вучні – члены аб’яднання па інтарэсах “Юны экскурсавод”, у гэты дзень Ірына Аляксандраўна з радасцю згадзілася стаць гідам, расказаць пра мінулае і падзяліцца планамі на перспектыву.
Ёсць чаму падзівіцца ў музеі “Наша спадчына”. Поўнасцю функцыянуе аддзел “Беларуская сялянская хатка”, які абсталяваны пад вясковы інтэр’ер. Тут сабраны калекцыі прадметаў, якія наглядна адлюстроўваюць жыццё і побыт нашых продкаў: чырвоны кут, покуць, драўляныя лавы, печ з качагернікам, куфар, на стол льецца цьмянае святло лучыны, дзіцячая калыска з лазы і люлька, дзе спіць дзіцё – самае дарагое ў гэтым доме. Асаблівае месца займае калекцыя прадметаў па апрацоўцы льну, пачынаючы ад церніцы і заканчываючы кроснамі.
Аддзел партызанскай дзейнасці чакае папаўнення ў калекцыі і новых стэндаў і вітрынаў.
Адметна, што прадметы хатняга ўжытку, прылады працы, вопратку, посуд сабралі падчас этнаграфічных экспедыцый вучні школы, настаўнікі школы, частка экспанатаў перададзена з музея ДУА “Галубоўская СШ”, у сувязі з яе закрыццём. Ёсць у гэтым пакоі цікавыя прадметы з бяросты і лазы: плеценыя кошыкі, лапці і іншае. Затрымлівае погляд наведвальнікаў нацыянальная вышыванка, прыгажосць якой надаюць не толькі арыгінальна і таленавіта выкананыя малюнкі, але і багатая расфарбоўка, характэрная для нацыянальнай вышыванкі. Прывабліваюць увагу гасцей музея і кросны сярэдзіны XIX стагоддзя, якія займаюць цэнтральнае месца ў экспазіцыі, выклікаючы пытанні ў наведвальнікаў-вучняў: “А што гэта?”, “А для чаго?”
На кроснах раней жанчыны ткалі прыгожыя дываны, ходнікі, ручнікі, паясы і іншыя вырабы. Гэта была цяжкая і карпатлівая праца, якая патрабавала не толькі цярпення, але і ўмення скласці прыгожы ўзор, падабраць фарбы па густу. Мы даведаліся шмат цікавага аб нацыянальным беларускім арнаменце. Лічыцца, што толькі ў беларусаў атрымалася захаваць нязменнымі ўзоры, якія існавалі яшчэ з часоў старажытнаславянскіх плямёнаў. Белы колер азначае чысціню і адкрытасць, а агніста-чырвоны сімвалізуе кроў, сонца і жыццёвую сілу. Чорны колер у невялікай колькасці пачалі ўжываць толькі ў канцы пазамінулага стагоддзя. Іншыя колеры практычна не выкарыстоўваліся. Геаметрычны матыў вышыўкі - самы папулярны выгляд. Ён уключае кругі, зоркі, ромбы, кропкі, стужкі, лініі (прамыя, ламаныя або зігзагападобныя), шасцікутнікі, крыжы. Кожная з фігур і ліній, а таксама месца іх размяшчэння, маюць пэўнае сімвалічнае значэнне, выконваюць ролю абярэга.
-Дарэчы, прадметы народнага побыту – частка этнакультуры, – расказвае Ірына Аляксандраўна. – Менавіта ў ёй – адметнасць народа. Не зможа вырасці сапраўдны грамадзянін Беларусі, які не ведае гісторыі сваёй краіны і продкаў. І школьных урокаў гісторыі, нават суперсучасных, для гэтага недастаткова. Тут на дапамогу прыйдзе музей.
За ўвесь час знаходжання ў музеі злавіла сябе на думцы: як цудоўна, што на нашай зямлі ёсць такія неабыякавыя, апантаныя і энергічныя людзі, як Ірына Аляксандраўна Гарбацэвіч. Гэта жанчына – сапраўдны знаўца народных традыцый. Імкнецца да духоўнасці, стараецца быць патрэбнай людзям. Гэта вельмі пазітыўны і кантактны чалавек. Заўсёды ў руху, пошуку, з ідэямі і верай у іх ажыццяўленне. Сёння яна думае аб правядзенні ў музеі рамонтных работ, абнаўленні і папаўненні некаторых экспазіцый. Зразумела адно, гісторыка-краязнаўчы музей вельмі дарагі для школы. Маладому пакаленню ён наглядна дэманструе “справы даўно мінулых дзён”, быт і заняткі нашых продкаў. А ў сваю чаргу вучні ўпэўніваюцца, што без ведання мінулага няма будучыні. Я пакідала музей з думкай аб тым, што прыду сюды яшчэ не раз, каб адчуць подых даўніны і дакрануцца да гісторыі нашага краю.
В. ПАЛОЙКА
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад