Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноНовости МостовщиныНаш крайНовости МостовщиныНовости Мостовщины

Народны музей аграгарадка Пескі

Народны музей аграгарадка Пескі23 августа 2017 — 14:12

8 жніўня 2017 года рашэннем калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь гісторыка-краязнаўчы музей дзяржаўнай установы адукацыі “Пескаўскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа” атрымаў новы статус – “народны”. Першымі наведвальнікамі народнага музея сталі вучні і настаўнікі ДУА “Навучальна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа п. Юбілейны” Ваўкавыскага раёна.

 

… Гарачы жнівеньскі дзень. На палетку паміж Пескамі і Струбніцай працуюць камбайны. Вадзіцелі, што заняты перавозкай зерня, заўважылі групу падлеткаў, якія ішлі па дарозе.


--Гэтыя дзеці з Ваўкавыскага раёна,-- сказаў адзін з вадзіцеляў,-- я іх сустрэў каля Маісеевіч. Цікава, што яны хочуць убачыць на Мастоўшчыне?


Гэтае пытанне мы задалі настаўніцы Н.І.Гук, якая ішла разам з вучнямі.
--Мы даведаліся, што школьны музей у Песках атрымаў статус народнага,--адказала яна.-- Вось і ідзем паглядзець, што там ёсць цікавага, мы ж суседзі, у нас жа агульная гісторыя.


Разам з дзецьмі мы зазірнулі ў музей. Падлеткаў адразу зацікавілі экспанаты, размешчаныя тут. Дзяўчынак -- больш прадметы побыту, звязаныя з мінулым, а хлопцаў – артэфакты ваеннай гісторыі. Яны іх разглядвалі, трымалі ў руках, што незразумелае – пыталіся ў кіраўніка музея Р. С. Вялічка. Рэгіна Станіславаўна расказала, што цяпер ў музеі больш за 1200 экспанатаў і кожны цікавы, у кожнага свая гісторыя.


Потым мы папрасілі ў Рэгіны Станіславаўны падрабязней расказаць пра гісторыю стварэння музея, якія тут ёсць экспанаты, ці шмат наведвальнікаў. Вось што паведаміла Р.С.Вялічка:


--Мы – багатыя людзі. Усё, што нам засталося ў спадчыну, выклікае захапленне ў нашых суседзяў. Самі беларусы не хваліліся і не хваляцца гэтым – не ў нашым характары. Але нельга ні на хвіліну забываць пра каштоўнасць таго, што цяпер у нашых руках.
Сувязь сённяшніх дзён з сівой мінуўшчынай дае магчымасць аднавіць перарваную повязь часоў,адрадзіць еднасць са сваімі каранямі. Важна паказаць школьнікам нацыянальныя асаблівасці, самабытнасць з’яў беларускай культуры, каларыт роднай мовы.


Якімі маральнымі каштоўнасцямі валодае сённяшні вучань? Што з’яўляецца для яго духоўным скарбам? Ці ўсведамляе сучасны школьнік асноўныя маральныя прынцыпы, якія з пакалення ў пакаленне перадавалі нашы продкі? Гэтыя пытанні вельмі актуальныя для цяперашняй школы, дапамагчы ў вырашэнні якіх немалая роля адводзіцца музею. Служэнне людзям – вось асноўны сэнс існавання музея.


У сакавіку 1985 года ў Пескаўскай сярэдняй школе быў адкрыты Пакой баявой і працоўнай славы. Экспанаты былі размешчаны ў дзвюх экспазіцыях: “Яны змагаліся за Радзіму” і “Беларуская хатка”. На працягу наступных гадоў фонды Пакоя папаўняліся новымі экспанатамі, што дало магчымасць у сакавіку 2005 года на яго базе адкрыць гісторыка-краязнаўчы музей.


Зараз музей з’яўляецца структурнай адзінкай дзяржаўнай установы адукацыі “Пескаўскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа”. Музейныя фонды налічваюць больш за 1200 экспанатаў. Фонды музейнай калекцыі штогод папаўняюцца з ліку прадметаў, зной-дзеных у час экспедыцый, прапанаваных і здадзеных мясцовым насельніцтвам. У музейных фондах маецца калекцыя манет ВКЛ і Рэчы Паспалітай, нямецкіх манет часоў Вялікай Айчыннай вайны; кнігі ХІХ – ХХ стагоддзяў; дакументы (сапраўдныя і архіўныя копіі); тэматычныя калекцыі фотаздымкаў (“Гісторыя школы”, “Гісторыя Мастоўскага рамонтнага завода”, “Пескі: час, падзеі, людзі”). За апошнія тры гады ў музейных мерапрыемствах прынялі ўдзел 3152 наведвальніка і экскурсанта, праведзена 97 аглядных і тэматычных экскурсій, прачытана 22 лекцыі, арганізавана 7 выстаў, арганізавана і праведзена 108 культурна-асветніцкіх мерапрыемстваў .


У жніўні рашэннем калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь наш гісторыка-краязнаўчы музей стаў народным.
Першымі наведвальнікамі народнага музея сталі вучні і настаўнікі сярэдняй школы п. Юбілейны Ваўкавыскага раёна. Свае ўражанні аб пачутым і ўбачаным яны пакінулі ў кнізе водгукаў. “Мяне вельмі зацікавіла гісторыя, якой пранізана Пескаўская зямля. Я адкрыла для сябе многа новых і невядомых рэчаў, якія выстаўлены ў экспазіцыі музея. Таму мне хочацца пажадаць, каб яшчэ больш людзей пабывала тут”, - піша вучаніца 10 класа На-дзея Тарасевіч. “Шчыра дзякуем вам за тое, што не рвецца танюсенькая нітачка, якая звязвае нас з нашай даўніной”, - такі запіс зрабіла настаўніца Н. І. Гук.


Хочацца адзначыць, што наш музей сёння з’яўляецца вынікам сумеснай дзейнасці настаўнікаў і вучняў, бацькоў і ветэранаў, грамадскасці і ўсіх тых, каму неабыякава гісторыя нашага аграгарадка і нашага краю.


Пасля музея рабяты з п. Юбілейны пазнаёміліся з Пескамі, убачылі, чым жыве вёска, паназіралі за краявідамі мясцовай прыроды.

С.ЗВЯРОВІЧ

Фота аўтара




 


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио