Месяц таму, 11 сакавіка 2017 года, пайшоў з жыцця наш зямляк Петрашэвіч Яўген Канстанцінавіч – вядомы на Гродзеншчыне культурны дзеяч, музыкант, кампазітар, паэт. Наш артыкул – даніна памяці сыну Прынёманскага краю, які праслаўляў сваю малую радзіму ў вершах і заўсёды з асаблівым пачуццём любові наведваў Мастоўшчыну, дзе прайшло яго дзяцінства.
Яўген Канстанцінавіч Петрашэвіч нарадзіўся 18 чэрвеня 1930 года ў вёсцы Падбараны Лунненскага сельскага Савета Мастоўскага раёна. Скончыў Мінскае музычнае вучылішча, дзе вучыўся ў такіх прафесараў, як Мікалай Аладаў, Яўген Глебаў. Тут жа пазнаёміўся з прафесарам Генрыхам Вагнерам. Ужо ў студэнцкія гады пачаў пісаць песні. Першай была “Нарачанскія сосны” на словы паэта Авяр’яна Дзеружынскага.
У розныя часы кіраваў аркестравымі групамі пры народных ансамблях “Нёман” і “Вянок”. Быў кіраўніком дзіцячага ўзорнага фальклорнага ансамбля “Гарадзенскія дударыкі”, які неаднаразова выступаў у Польшчы, Літве, Францыі, Нарвегіі, Швецыі.
За сваю шматгадовую педагагічную працу Яўген Канстанцінавіч атрымаў званне “Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь”, узнагароджаны шматлікімі дыпломамі пераможцы рэспубліканскіх і міжнародных фестываляў і конкурсаў народнай музыкі, нагрудным знакам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь “За ўклад у развіццё культуры Беларусі”.
У творчым багажы самабытнага паэта і кампазітара, творчасць якога адрозніваецца асаблівым лірызмам і меладычнасцю, знаходзіць жывы водгук у кожным сэрцы, -- зборнікі вершаў “Пасынкі”, “Віншаванкі”, “Байкі-непазяхайкі”, “Балада пра Грунвальд”, “Сказ пра Каложу”, зборнікі песень на словы Яна Чачота, “Беларускі вясёлкавы край”, “Пяшчотнасць”, “Спявайце, хлопцы, спявайце!” і многія іншыя.
Добра ведаюць свайго земляка і на яго малой радзіме, у вёсцы Падбараны, куды ён прыязджаў найчасцей на свята Яна. Днямі мы наведаліся ў Лунненскую сярэднюю школу, дзе Яўген Канстанцінавіч вучыўся ў пачатковых класах. Яго здымак і інфармацыя аб ім размешчаны ў экспазіцыі “Імі ганарыцца школа”, а таксама на сайце ўстановы адукацыі ў інтэрнэце. У школьным музеі беражліва захоўваюцца зборнікі вершаў і музычных твораў, падараваныя і ўласна падпісаныя аўтарам.
Дырэктар школы В.М.Чэрнік расказаў, што Я.К. Петрашэвіч быў запрошаны на ўрачыстасць, прысвечаную 150-гадоваму юбілею Лунненскай школы. Яўген Канстанцінавіч у сваім выступленні выказаў шчырыя словы падзякі адміністрацыі школы і педагагічнаму калектыву за запрашэнне. Падзяліўся ўспамінамі аб дзіцячых гадах, прачытаў оду, прысвечаную лунненскаму краю і настаўнікам школы. В.М.Чэрнік, у сваю чаргу, падзякаваў былому вучню, які стаў заслужаным чалавекам, за чулыя адносіны да Лунненскай школы, за творы, якія перададзены музею, што будуць свята захоўвацца і стануць сімвалам таленту лунненскіх вучняў.
Вось што мы даведаліся пра Яўгена Канстанцінавіча з рамана-хронікі Аляксея Сазанчука “Там, дзе Нёман рве берагі”, што таксама з’яўляецца каштоўным падарункам школе і музею:
“Сям’я Петрашэвічаў была самай малазямельнай у вёсцы. У час польскай улады Канстанціну Петрашэвічу не давалі пасады паштовага служачага, і ён быў вымушаны са сваім старэйшым братам працаваць цеслярамі. У 1939 годзе, з прыходам Савецкай улады, бацька Яўгена пайшоў працаваць у Лунна на пошту, а падчас акупацыі Гродзеншчыны нямецкімі захопнікамі сям’я Петрашэвічаў была вывезена ў Гродна, так як прадпрыемствы мелі патрэбу ў рабочай сіле. Там сям’я засталася жыць і ў пасляваенны час.
У 1949 годзе Яўген скончыў дзевяць класаў школы № 6, адначасова ён вучыўся ў Гродзенскай музычнай школе па класе баяна.
Яўген Канстанцінавіч успамінаў: “У мяне з дзяцінства існавала вялікая цяга да музыкі, якую я пранёс праз ўсё жыццё. Прага да музыкі, напэўна, перадалася мне ад радні, таму што памятаю, як мой прадзед – Піліп Мілашэвіч – іграў на скрыпцы. Ды і ўвогуле, у маім родзе спявалі ўсе: і мая прабабуля Аўдоля, яе дачка Зіна, Люда, мая мама Вольга. Дзядзька Грыша іграў на гармоніку.
Памятаю, дзяўчаты збіраліся ў нашай хаце і нават плакалі, слухаючы песні і музыку. Я разам са сваёй сястрой Ірынай, можна сказаць, хутчэй навучыўся спяваць, чым хадзіць. Мяне вельмі хвалявалі і ўражвалі навакольныя гукі. Напрыклад, іду я ў дзяцінстве са школы, нешта мурлыкаю сабе пад нос, зубамі ў такт шчоўкаю – акампаную...”
На Мастоўшчыне Яўгена Канстанцінавіча Петрашэвіча ведаюць і памятаюць як таленавітага, рознабакова адоранага, сціплага, шчырага і добразычлівага чалавека, гатовага заўсёды падзяліцца часцінкай сваёй шчодрай душы, што працягвае гучаць у яго вершах:
У мясціны твае закаханы,
Тут радзіўся і рос я ў цішы.
Вёска – выраю мой, Падбараны,
Мой надзейны прытулак душы...
Пранікнёна і шчыра гучаць і радкі, прысвечаныя Мастам:
Да цябе, гарадочак Масты,
Сэрцу так мілы,
Лячу, нібы на крылах.
Еду зноў па мясцінах знаёмых
Праз Жытомлю, Скідзель, Чарлёну.
У ваконцы вагона мільгаюць
Сасонкі, бярозкі, ляскі,
І ўспаміны кладуцца ў радкі...
Н.ШЭЎЧЫК
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад