Складанае і адначасова шчаслівае жыццё пражыла жыхарка аграгарадка Гудзевічы Аляксандра Міхайлаўна Бобрык, якая днямі адсвяткавала 90-гадовы юбілей.Сапраўднае свята, з песнямі і падарункамі, наладзілі для юбіляршы ў Гудзевіцкім сельскім Савеце. А павіншаваць Аляксандру Міхайлаўну сабраліся не толькі аднавяскоўцы, але і госці з раёна.
Аляксандра Міхайлаўна Бобрык нарадзілася 4 снежня 1924 года, у праваслаўнае свята Увядзення ў Храм Прасвятой Багародзіцы. Напэўна, гэты факт у некаторай ступені і вызначыў яе жыццёвыя і духоўныя арыентыры: Аляксандра Міхайлаўна глыбока веруючы чалавек, пастаянна наведвае царкву, спявае ў царкоўным хоры і нават у свой 90ы год нараджэння не прапусціла службу ў храме. Усё жыццё, пачынаючы з 1949 года, яна працавала ў мясцовай гаспадарцы паляводам.
-- Складана было, муж ваяваў, рана памёр, на руках засталося трое дзяцей. Але неяк пражылі, усё вытрымалі... Шмат працавалі, -- успамінае наша суразмоўца. У Аляксандры Міхайлаўны вялікая і дружная сям’я: трое дзяцей, што маюць свае сем’і, сямёра ўнукаў і адзінаццаць праўнукаў. За ўсіх турбуецца, а, часам, і моцна баліць яе шчодрае на любоў і ласку мацярынскае сэрца.Нягледзячы на сталы ўзрост, жыве Аляксандра Міхайлаўна адна ў сваім доме. Гаспадаркі, праўда, ужо не трымае, а вось некалькі курачак гадуе.
Наведваем пастаянна, дапамагаем у хатніх клопатах, а вось пераехаць да кагонебудзь ніяк не пагаджаецца, наракае нявестка юбіляршы Тамара Адамаўна. На што Аляксандра Міхайлаўна мае свой адказ:
-- Што ж я буду рабіць на тых этажах?! А тут і на вуліцу выйду, каб курэй пакарміць і з людзьмі пагутарыць. Яшчэ магу вады з паўвядра прынесці і дроў пару пален, каб печ распаліць. Пакуль трохі рухаешся, дык здаравейшым сябе адчуваеш. А ва ўласным доме і сцены дапамагаюць. Так што пакуль буду мець сілы, нікуды са свайго дома не паеду.
Дарэчы, і родныя Аляксандры Міхайлаўны, і шматлікія госці, што сабраліся ў Гудзевіцкім сельвыканкаме, каб павіншаваць яе са святам, у адзін голас адзначалі, што на выгляд юбіляршы ну, не больш за семдзесят! Жадаем Вам моцнага здароўя яшчэ на доўгія гады, каб Вас радавалі дзеці, унукі і праўнукі, паважалі суседзі і аднавяскоўцы, звярнуўся да юбіляршы старшыня Гудзевіцкага сельскага Савета Пётр Пятровіч Дзенісевіч, уручаючы ёй падарунак ад закрытага акцыянернага таварыства «Гудзевічы» і сельсавета.
Сёння ў вас цудоўны і значны юбілей, падкрэсліў галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Міхаіл Аляксандравіч Храпко. Усё сваё сумленнае і такое няпростае жыццё Вы былі прыкладам працавітасці і самаадданасці як для сваіх дзяцей, так і для аднавяскоўцаў. Любоў, павагу і прызнанне Вы здабылі руплівай працай. Дзякуй Вам за гэта! Жывіце яшчэ доўга ў здароўі і радасці. Шмат прыемных пажаданняў выказала юбіляршы загадчыца аддзялення цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Вікторыя Вацлаваўна Бабілевіч.
Мудрасцю і духоўным цяплом былі напоўнены словы настаяцеля храма Нараджэння Прасвятой Багародзіцы ў вёсцы Гудзевічы айца Мікалая. Ён падарыў Аляксандры Міхайлаўне вобраз Выратавальніка са словамі: Няхай і надалей аберагае Вас ад бед, смутку і хвароб.
Як гімн пражытым дзевяці дзесяткам Аляксандры Міхайлаўны Бобрык, і тым гадам, што яшчэ будуць пражыты, гучала заздраўнае і ўзнёслае «Многае лета».
Пасля шчырых віншаванняў Карыны Цыдзік і трэцякласнікаў Гудзевіцкай гімназіі, бабуля так расчулілася, што нават заплакала. Задушэўныя песні ў выкананні работнікаў Гудзевіцкага цэнтральнага Дома культуры Антаніны Мікалаеўны Чэрнік, Ліліі Анатольеўны Ценкуш і Таццяны Андрэеўны Эйсмант быццам вярнулі яе ў маладосць, калі яна і сама была не супраць заспяваць.
Па жыцці Аляксандра Міхайлаўна ідзе не толькі з песняй, але і з гумарам. Пасля чарговага падарунка яна трапна пажартавала: Пэўна, давядзецца самазвал выклікаць, каб дамоў усё адвезці...
Калі чарада віншаванняў і пажаданняў завяршылася, Аляксандра Міхайлаўна, у сваю чаргу, падзякавала ўсім за добрыя словы і пажадала арганізатарам і ўдзельнікам урачыстасці здароўя, ладу і дабрабыту. Кажуць, што словы, сказаныя ад усяго сэрца і ў добры час, абавязкова спраўджваюцца.
Н. ШЭЎЧЫК
Фота С. ЗВЯРОВІЧА
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад