Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноСельская жизньСельская жизнь

На такіх людзях зямля трымаецца

На такіх людзях зямля  трымаецца18 ноября 2013 — 10:00

Мала каму з мастаўчан даводзілася сустракацца ў Палацы Рэспублікі з Прэм’ер-міністрам  Беларусі  Міхаілам  Мясніковічам і яшчэ менш каму — атрымліваць медаль “За працоўныя заслугі” з яго рук.  Гэтая прыемная паездка ў Мінск з’явілася поўнай нечаканасцю  для механізатара РУСП “Мастаўчанка” Іосіфа Францавіча Лойкі. Хоць неспадзяванасцю яна стала, магчыма, толькі для яго самога.  Кіраўнік сельгасгаспадаркі  В.Б. Семяновіч сцвярджае, што такіх механізатараў, як Іосіф Францавіч, ён цэніць на вагу золата, на такіх хлебаробах зямля трымаецца.

—Мне  прывычней цэлы дзень адпрацаваць у полі на сяўбе, ці вывозіць угнаенне з фермы, чым гадзіну знаходзіцца пад  гмахамі  шыкоўнага палаца, падымацца на сцэну пад позіркамі мнагалюднай залы і тэлевізійных камер. Я не прывык да такой увагі.  Праўда, у душы прыемна, што менавіта тваю працу заўважылі і ацанілі на самым высокім узроўні,— дзеліцца ўражаннямі ад паездкі ў сталіцу Іосіф Францавіч.

  Нялёгкую, але ганаровую  хлебаробскую працу  Іосіф Францавіч Лойка засвоіў, лічы, з малаком маці. Нарадзіўся ён у Дашкаўцах, бацькі пастаянна трымалі вялікую падсобную гаспадарку: карову, а бывала,  і дзве, свіней, курэй, гусей. Без работы не сядзелі ні бацькі, ні малыя дзеці, а іх у сям’і было трое.  З гадоў дзесяці Іосіф ужо ўмеў касіць, араць, запрагаць і правіць канём, сястра  ў такім узросце магла падаіць карову. Маці, Марыя Аляксандраўна, якой споўнілася 84 гады, толькі нядаўна збыла карову. Жыла сям’я па адвечнаму сялянскаму прынцыпу: паміраць збірайся, а жыта сей. Паважлівыя адносіны да работы выхоўвалі  і ў дзяцей -- гэта быў самы важны і дзейсны сродак выхавання. Усе  яны былі заняты работай, і на заняткі глупствам у іх проста не хапала часу.

  Заканамерна, што пасля службы ў арміі, а  служыў  Іосіф Францавіч у Польшчы,  хлопец  вярнуўся ў родную вёску  і ўладкаваўся   на работу  у калгас.  —Гэта сёння маладыя хлопцы і дзяўчаты, ледзь паспеўшы закончыць школу,  ад’язджаюць у горад у пошуках  лепшай долі і большага заробку, а мае равеснікі амаль усе, вярнуўшыся з арміі,  засталіся  ў вёсцы.  Нас не  палохае работа ад зары да змяркання, асабліва ў час пасяўной. З траіх  нашых дзяцей застаецца  дома пакуль што  толькі малодшы  сын Аляксандр, які сёлета  заканчвае сярэднюю школу.  Старэйшыя — Дзмітрый і Марына -- жывуць у Гродне:  сын працуе інжынерам на “Азоце”, дачка пасля заканчэння Гродзенскага ўніверсітэта імя Я. Купалы зараз працягвае вучобу  ў аспірантуры. Нашы дзеці, хоць і выраслі ў вёсцы, не засталіся працаваць у сельскай гаспадарцы, у іх зусім іншы падыход да жыцця, іншыя планы, для дасягнення якіх больш падыходзіць вялікі горад,— разважае Іосіф Францавіч.

  А сённяшняя вёска жыве, як і раней, сваім размераным жыццём: устае  з першымі пеўнямі, спаць кладзецца далёка за поў-нач. Такі рытм для сяльчан, як прывычнае ціканне ходзікаў, калі ўсё ў норме, яго не заўважаеш.  Праўда, такі рытм вытрымліваюць далёка не ўсе. Сучасныя вяскоўцы паступова  збаўляюцца ад падсобнай гаспадаркі, сёння рэдка ў якім вясковым хляве стаіць карова, свіней таксама становіцца менш.

  Размаўляем з Іосіфам Францавічам пра перспектывы сучаснай вёскі, у яго голасе адчуваецца туга па  вёсцы яго маленства. Тады ў  яго родных Дашкаўцах была школа, бібліятэка, клуб, магазін, вёска звінела  дзіцячымі галасамі. Сёння  іх  амаль не чуваць, з даброт цывілізацыі застаўся толькі магазін.  У Мастах Правых сітуацыя лепшая там аграгарадок, прыродны газ, цэнтр сельскага Савета, школа, амбулаторыя і іншыя  сацыяльныя аб’екты, якія жыццё вяскоўца робяць камфортным.

  —Тэхнічны  і навуковы прагрэс  закрануў сёння сельскую гаспадарку і значна  аблегчыў працу жывёлавода, палявода і механізатара таксама. Хіба мог я прадбачыць, калі пачынаў працаваць механізатарам і задыхаўся  ў полі ад пылу, што ў сучасным трактары  кабіна будзе абсталявана кандыцыянерам,  што праца даяркі  на сучасным жывёлагадоўчым комплексе таксама поўнасцю будзе  механізаванай.  Відавочна, што сельская гаспадарка зрабіла крок наперад у сваім развіцці,  павысіліся надоі і ўраджайнасць, але з гадамі ў чалавека  ўзнікае настальгія па пражытым, гэтыя  ўспаміны саграваюць і радуюць  душу, — разважае  І.Ф. Лойка.   І калі  настальгія пазбаўлена прыкрых  і горкіх расчараванняў -- значыць,  жыве чалавек на зямлі правільна.               

Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧ


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио