Мікалай Міхайлавіч Бабко, ветэран Вялікай Айчыннай вайны з Заполля, былы кулямётчык, васемнаццатага мая адзначыў восемдзесят пяць гадоў. У гэты ж самы дзень шаноўны ветэран на веласіпедзе прыехаў па справе з Заполля ў Масты і на гэтым жа транспарце збіраецца дабірацца дамоў. Пятнаццаць кіламетраў язды на веласіпедзе — для Мікалая Міхайлавіча прывычная справа. Лёгкай паходкай падымаўся ён па рэдакцыйнай лесвіцы. Усе, хто ў гэты час бачыў яго, малажавага на выгляд, па-добраму пазайздросцілі яго даўгалеццю і выдатнай фізічнай форме. Як прызнаўся ён сам, да ўрачоў за дапамогай звяртаецца рэдка.
І я не ўтрымалася, каб не спытаць у Мікалая Міхайлавіча пра сакрэт даўгалецця. “Вы, напэўна, пры-трымліваецеся здаровага ладу жыцця: не курыце і не ўжываеце спіртнога?”—дапытвалася я ў паважанага ветэрана. Дзядуля з хітраватай усмешкай па-глядзеў на мяне і ўразіў нечаканай шчырасцю.
—Ведаеце, я закурыў першы раз, калі было гадоў дзесяць, не больш. З ранняй вясны да глыбокай восені мы, вясковыя хлапчукі, пасвілі кароў. Дарослыя мужчыны-пастухі курылі самасад, часцяком дзеля жарту прапаноўвалі зацягнуцца і нам. Я тады і не здагадваўся, што да гэтай брыдоты прывыкаеш даволі хутка. У гадоў шаснаццаць я ўжо «смаліў» той чортаў самасад як за-праўскі курыльшчык. Бацька памёр, таму надаваць за гэта не было каму. А ў васемнаццаць гадоў мы з сябруком Васем ужо прынялі рашэнне кінуць курыць, нават пабіліся аб заклад. Праўда, развітацца з курэннем аказалася складаней, чым нам здавалася. Пазбавіцца ад дурной звычкі нам удалося дзесьці з пятай спробы. Да сённяшняга дня я не куру. Не браўся за цыгарэты і Вася. А выпіць кілішак магу зрэдку: з нагоды, напрыклад, свята Перамогі. Як ні дзіўна, але ў Мікалая Міхайлавіча, тады яшчэ бязвусага юнага салдаціка, хапіла сілы волі не ўзяцца за цыгарэты і ў час вайны: на фронце ва Усходняй Прусіі, а пазней і ў Манжурыі, калі нават дарослыя мужчыны здымалі стрэс з дапамогай франтавых ста грамаў і цыгарэт. На Усходзе Мікалай Міхайлавіч Бабко за-трымаўся па волі лёсу аж да 1951 года.
Вярнуўся ў родную вёску, ажаніўся з мясцовай дзяўчынай Валянцінай Рыгораўнай, разам выгадавалі дзяцей і ўнукаў, дачакаліся праўнукаў, адзначылі залатое вяселле.
Усё жыццё сям’і Бабко прайшло ў працы і турботах. Каб пабудаваць дом, Мікалай Міхайлавіч некалькі разоў выязджаў на заработкі ў Комі АССР. Пазней працаваў рабочым у Запольскім лясніцтве, даводзілася ўручную валіць лес, бензапілаў у той час не было. Давялося быць і чыгуначнікам, з чыгункі і пайшоў на заслужаны адпачынак. Але, жывучы ў вёсцы, адпачываць асабліва не даводзіцца, нават у шаноўным узросце заўсёды зной-дзецца работа і ў доме, і на падворку.
Як сцвярджае старшыня Дубненскага сельвыканкама Руслана Фёдараўна Якімчук, у сям”і Бабко можна многаму павучыцца, заўсёды прыемна заходзіць у іх акуратны і ўтульны дом, дагледжаны двор. Ва ўсім адчуваюцца клапатлівыя рукі гаспадара і гаспадыні. На такіх людзях і трымаецца вёска...
Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧ
На здымку: ветэран Вялікай Айчыннай вайны М.М. БАБКО. Фота М. ПАВЯДАЙКІ
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад