У Гудзевіцкай сярэдняй школе на лінейцы, прысвечанай пачатку навучальнага года, многія вучні атрымалі ўзнагароды.
На лінейку у школу прыбылі ганаровыя госці: намеснік старшыні райвыканкама Марына Давыдзік, намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі райвыканкама Іна Балтрукевіч, старшыня Гудзевіцкага сельвыканкама Вікторыя Палойка, настаяцель храма Раства Прасвятой Багародзіцы айцец Мікалай, намеснік дырэктара ЗАТ “Гудзевічы” Марыя Палубятка і іншыя.
Права ўзняць Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь прадастаўляецца лепшым вучням школы ‒ адзінаццацікласнікам Уладзіславу Кузьміцкаму, Марыі Шчарбіна і Яўгену Серыку.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў урачыстасці звярнулася намеснік старшыні райвыканкама Марына Давыдзік.
‒ Ад імя раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў жадаю вам паспяховага навучальнага года, – сказала Марына Осіпаўна. – Адукацыі ў нашай краіне ўдзяляецца вельмі вялікая ўвага. У раёне прыкладзены ўсе намаганні, каб падрыхтаваць належным чынам усе ўстановы адукацыі да новага навучальнага года. Зараз кожная школа гатова прыняць сваіх вучняў.
Марына Осіпаўна пажадала поспехаў усім вучням, бацькам і настаўнікам, а таксама нядаўна прызначанаму дырэктару школы.
Шчыра павіншавала ўдзельнікаў лінейкі з Днём ведаў намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі райвыканкама Іна Балтрукевіч.
‒ Выказваю словы шчырай ўдзячнасці калектыву школы за выдатную падрыхтоўку да новага навучальнага года, – сказала яна. – Дзякуй вам за працу, любоў да дзяцей, за вернасць прафесіі. Жадаю ўсім вучням паспяхова закончыць навучальны год.
Іна Уладзіміраўна ўручыла ўзнагароды пераможцам абласной алімпіяды Еве Занеўскай і Арцёму Маляўка.
Дырэктар школы Валянціна Пабежка з пажаданнямі шчаслівай вучобы звярнулася да першакласнікаў, пажадала з гонарам завяршыць навучанне ў школе будучым выпускнікам, а ўсім вучням і настаўнікам ‒ плённай працы ў Год якасці.
Намеснік дырэктара ЗАТ “Гудзевічы” Марыя Палубятка падзякавала ўсім вучням школы, хто працаваў на жніве, прымаў удзел у віншаваннях перадавікоў сельгаспрадпрыемства ў полі і на Дажынках, уручыла ім прэміі.
Малітоўна і з добрым словам звярнуўся да ўсіх удзельнікаў урачыстасці настаяцель храма Раства Прасвятой Багародзіцы айцец Мікалай.
Са сваімі віншаваннямі і наказам да першакласнікаў звярнуліся адзінаццацікласнікі.
Настаўніца Святлана Траццяк і яе падапечныя першакласнікі павіншавалі ўсіх удзельнікаў школьнай лінейкі з пачаткам новага навучальнага года.
Па даўняй традыцыі ён пачынаецца з першага званка. Гонар яго даць быў прадстаўлены лепшым вучням школы адзінаццацікласнікасм Ганне Насенка і Данілу Урбановічу, а таксама вучаніцы першага класа Злаце Цынкус.
Затым пачаліся ўрокі.
Станіслаў ЗВЯРОВІЧ
Фота аўтара
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад