З удзячнасцю жыхары вёскі Лабзова сустракалі работнікаў сельскага клуба “Азёркі”, якія падарылі ім цудоўны настрой, вясёлыя песні і добрыя словы.
…У адзін з пагодлівых жнівеньскіх дзён невялікую вёску Лабзова, дзе цяпер пражывае ўсяго толькі 15 чалавек, наведалі работнікі Азёркаўскага сельскага клуба Ірына і Галіна Шалястовічы з мясцовымі самадзейнымі артыстамі. На свята сабраліся амаль усе мясцовыя жыхары.
“Дзень добры, родныя мясціны!” – гэтай песняй прывітаў іх вакальны гурт “Азяраначка”.
Калісьці вёска Лабзова была вялікай і заможнай. Праз лёс яе жыхароў можна прасачыць лёс нашай Гродзеншчыны. У час Вялікай Айчыннай вайны 22 жыхары вёскі пайшлі абараняць Радзіму ад ворага. Дзесяць з іх загінула. Тыя, каму пашчасціла вярнуцца дамоў, старанна працавалі ў калгасе, стварылі сем’і, гадавалі дзяцей. Зараз у вёсцы няма ўжо ніводнага ветэрана. Жыхары і госці свята мінутай маўчання ўшанавалі памяць аб загінуўшых і памерлых.
“Мой родны кут - прыгожы і непаўторны. Бацькава хата, матчына песня, спеў жаўрука, росныя раніцы – усё гэта малая радзіма”, – такімі шчырымі і сардэчнымі словамі вітала ўсіх вядучая свята Ірына Шалястовіч, загадчыца сельскага клуба. Ірына Мікалаеўна ўспомніла лепшых людзей вёскі, якімі ганарацца землякі. Валянціна Траян была звеннявой у паляводстве, затым даяркай, працавала ўсюды добрасумленна. Валянціна Пятроўна мае шмат узнагарод. Старанна працавалі даяркамі таксама Клаўдзія Пяцюшык, Ганна Ермаловіч, Марыя і Валянціна Пяцюшыкі. Вядомымі ў гаспадарцы паляводамі сталі Ганна Буцько, Ірына і Марыя Януль.
Ім на свяце дарылі кветкі, цёплыя і сардэчныя словы і песні артысты Алена Чудзілоўская, Ксенія Шалястовіч, Аня Жук, Ірына і Галіна Шалястовічы. А вось сатырычныя гумарэскі, вершы і прыпеўкі выканала для прысутных Кацярына Галіцкая.
На свяце ўшанавалі і лепшых цяперашніх працаўнікоў гаспадаркі Аляксандра Рабцэвіча, Мікалая Грынцэвіча, Анатоля Траяна, Людмілу Цярэшку, Аляксандра Траяна, Тамару Сакалоўскую.
Не забылі арганізатары мерапрыемства ўшанаваць і доўгажыхароў вёскі. 5 жніўня Зінаідзе Паўлаўне Януль споўнілася 104 гады. Жанчына атрымала падарунак ад цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, цёплыя словы пра яе сказала вядучая. Доўгажыхарцы ўручылі кветкі, артысты ў яе гонар выканалі песню “Вышыванка”. На свяце таксама віншавалі з 87 годам нараджэння добрую, працавітую і прыгожую жанчыну Ганну Пракопаўну Буцько. Гучалі таксама добрыя словы і ў адрас былой настаўніцы, вельмі добрасумленнай і стараннай жанчыны Веры Уладзіміраўны Кухарчык.
Вельмі цёпла, дружнымі апладысментамі дзякавалі артыстам жыхары вёскі за песні “Вёсачка мая”, “Бульбачка”, “Распусціла косы”, “Белыя сады”, “Госці маё”, “Мы вам жадаем” і іншыя.
Удзельнікаў мерапрыемства пачаставалі таксама смачным духмяным караваем.
Упрыгожыла свята выстаўка дываноў, ручнікоў, вышыванкаў, а таксама дароў зямлі: яблык, памідораў, капусты, цыбулі, часныку, якія вырасціў жыхар Лабзова Анатолій Януль. Дарэчы, свята ладзілася каля яго хаты, дзе цвітуць вельмі прыгожыя кветкі.
Падзяку артыстам за падараваны добры настрой, за ўшанаванне людзей вёскі выказала Вера Кухарчык.
С.ЗВЯРОВІЧ
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад