Гудзевіцкая зямля – малая радзіма доктара юрыдычных навук, прафесара Валянціны Мікалаеўны Бібіла. Цяпер яна працуе на кафедры крымінальнага працэсу і пракурорскага нагляду Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Нядаўна Валянціне Мікалаеўне споўнілася 70 гадоў. Адзначыць свой юбілей яна прыехала ў родныя мясціны, дзе прайшло дзяцінства і юнацтва. Урачыстасць адбылася ў Гудзевіцкай сельскай бібліятэцы. Павіншаваць юбілярку прыйшлі старшыня Гудзевіцкага сельсавета Кацярына Басінская, сястра Ганна Бібіла, кіраўнікі розных устаноў і арганізацый, землякі.
У лёсе сям’і Валянціны Бібіла і яе асабістым адбіліся многія падзеі жыцця краіны і нашай Гродзенскай вобласці. Бацька Мікалай Пятровіч у першыя пасляваенныя гады працаваў старшынёй гаспадаркі ў Гудзевічах. Яго дачка Валянціна Мікалаеўна стала прафесарам, доктарам юрыдычных навук, “заслужаным работнікам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта”. Яна з’яўляецца намеснікам старшыні камісіі па абароне дысертацый, членам Навукова-кансультатыўнага савета пры Вярхоўным судзе Рэспублікі Беларусь, уваходзіць у склад рэдкалегій шэрагу часопісаў, якія выдаюцца ў нашай краіне.
Брат Пётр Мікалаевіч – вядомы беларускі вучоны ў галіне кібернэтыкі і інфарматыкі, загадчык лабараторыі лагічнага праектавання Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі НАН Беларусі, доктар тэхнічных навук, прафесар.
Сястра Ганна Мікалаеўна прысвяціла сябе дзяржаўнай службе: працавала загадчыкам арганізацыйнага аддзела Мастоўскага РК КПБ, загадчыкам агульнага аддзела райвыканкама. Яшчэ адна сястра Кацярына Мікалаеўна працуе на Брэстчыне настаўніцай, сее разумнае, добрае, вечнае ў душах падрастаючага пакалення.
– Мы даўно збіраліся адзначыць юбілей нашай знакамітай зямлячкі, запрасіць яе на сваю малую радзіму, – сказала загадчыца Гудзевіцкай сельскай бібліятэкі – цэнтра нацыянальнай культуры В. Пранько.
–Жыхары Гудзевіч заўсёды добрым словам успамінаюць прадстаўнікоў сям’і Бібіла. Калісьці і я маладой дзяўчынай прыехала на працу у калгас імя Карбышава, дзе лёс звёў мяне з гэтай сям’ёй. Успамінаю яе я з вялікай павагай і хваляваннем. І вось сёння ў нас ў гасцях прадстаўнік гэтай сям’і вельмі паважаны ў краіне чалавек Валянціна Мікалаеўна Бібіла.
Загадчыца бібліятэкі на правах гаспадыні і вядучай мерапрыемства папрасіла госцю расказаць, што запомнілася ёй з маленства і стала вызначальным у далейшым жыцці, каго яна памятае, хто аказаў значны ўплыў на яе лёс.
–Нарадзілася я ў вёсцы Пачуйкі, хадзіла ў Сямашскаўскую пачатковую школу, яна была далекавата, прыходзілася ісці праз палі і балота. З прыемнасцю ўспамінаю сваіх першых настаўнікаў. Потым бацькі пабудавалі хату ў Гудзевічах. Побач была вялікая школа, – ўспомніла Валянціна Мікалеўна. Дзяўчынка ў Гудзевічах пайшла вучыцца ў пяты клас, а бацьку неўзабаве выбралі старшынёй мясцовай гаспадаркі.
З цеплынёй успомніла Валянціна Бібіла многіх сваіх настаўнікаў, якія далі трывалыя веды, добрыя парады, як трэба паступаць у жыцці. Сярод іх Алесь Мікалаевіч і Вера Ігнатаўна Белакоз, Валянціна Сямёнаўна Радзевіч, Ніна Пятроўна Крук і многія іншыя.
Побач з домам Бібілаў была ўчастковая бальніца. Дзяўчынка не раз заходзіла туды, ведала ўсіх медыцынскіх работнікаў, а таксама хто чым займаецца. Нават першы ўкол зрабіла ў бальніцы медсястры Розе. Медыцына ёй спадабалася і недзіўна, што пасля школы паступіла ў Слонімскае медыцынскае вучылішча. Вучыцца ў той пасляваенны час было цяжка, не хапала падручнікаў. Выручыў галоўны ўрач участковай бальніцы ў Гудзевічах Адам Павядайка – даў падручнікі для медінстытута. Па іх і вучылася. Затым працавала ў Ваўкавыскім раёне загадчыцай фельчарска – акушэрскага пункта.
Аднойчы Валянціна Мікалаеўна падумала: “У медыцыне я ведаю амаль што усё, ці не паспрабаваць мне стаць юрыстам”.
Правазнаўства ёй таксама падабалася з дзяцінства. Бываючы ў кніжных магазінах, заўсёды купляла і прачытвала якую-небудзь кнігу па праблемах законнасці. Можа таму, што пэўным чынам была ўжо падрыхтавана да вучобы, паспяхова паступіла на стацыянар юрыдычнага факультэта Белдзяржуніверсітэта пры конкурсе ў 23 чалавекі на месца.
Вучыцца ёй падабалася, з’явіліся грамадскія нагрузкі, актыўна ўдзельнічала ў студатрадаўскім руху. Факультэт закончыла з адзнакай і атрымала накіраванне ў аспірантуру. Пасля абароны кандыдацкай дысертацыі засталася працаваць на юрыдычным факультэце. Потым стала дацэнтам, а пасля абароны доктарскай дысертацыі, прафесарам кафедры крымінальнага працэсу і пракурорскага нагляду. Цяпер яшчэ па сумяшчальніцтву працуе яшчэ прафесарам кафедры канстытуцыйнага і адміністратыўнага права Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Валянціна Мікалаеўна выдала дзевяць кніг, мае 320 навуковых работ. Дзве свае кнігі яна падарыла Гудзевіцкай бібліятэцы. Як аказалася тут ужо ёсць кніга па кібернетыцы яе брата, прафесара Пятра Бібілы.
– Мяне найбольш цешыць, наша сям’я дала добры падмурак сваім дзецям, – сказала Валянціна Бібіла. –Успаміны аб маёй малой радзіме найбольш яркія ў маім жыцці. І заўсёды памятаю сваіх землякоў.
Шчыра і сардэчна віншавалі мясцовыя жыхары ў той дзень заслужанага чалавека, якім ганарыцца не толькі наша Мастоўшчына, але і краіна.
С.ЗВЯРОВІЧ
Фота аўтара
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад