У народзе кажуць: “Калі цябе хвалюе заўтрашні дзень – сей зерне, калі будуеш планы на дзесяць год наперад – садзі сад, калі ж на сто гадоў- выхоўвай дзяцей…”. Вось і я ўжо сорак гадоў выхоўваю сваіх вучняў, з дня ў дзень ходзячы знаёмай сцяжынкай у родную Азёркаўскую школу, якую сама закончыла ў 1980-ым годзе.
Ляцяць дні. Зімы змяняюцца вёснамі, на змену прыходзіць лета, восень. І так за годам год.
У кожнага чалавека свае зімы, свае вёсны…
Мая вясна дазволіла мне выбраць правільны шлях у жыцці. Менавіта тады ў мяне ўзнікла жаданне стаць настаўнікам. Менавіта тады я зразумела, што кожны дзіцячы лёс – гэта гісторыя маленькай планеты, асобая, свая…
Ужо тады я вызначыла прынцыпы, якімі кіруюся ў сваёй дзейнасці і сёння: дапамагаць, разумець, падтрымліваць, супрацоўнічаць і, вядома ж, любіць. Толькі той, хто любіць дзяцей, любіць сваю справу, можа дарыць любоў іншым. Праз любоў, узаемапавагу, дабрыню, міласэрнасць ідзе станаўленне маленькай чалавечай асобы.
Для сябе вызначыла, што вельмі важна не толькі даваць веды па прадмеце, але весці і краязнаўчую работу, займацца этнаграфічнай дзейнасцю, развіваць творчыя здольнасці, выхоўваць патрыятычныя пачуцці, культуру здаровага ладу жыцця, фарміраваць маральныя якасці, светапогляд навучэнцаў.
За вясною прыходзіць лета. Гарачая пара, час надзей і спадзяванняў. Маё лета асаблівае. Гэта час рэалізацыі планаў. Вызначыўшы асноўныя накірункі дзейнасці, абраўшы правільны жыццёвы шлях, імкнуся апрабіраваць задумкі на практыцы. Важнай умовай для паспяховай працы з’яўляецца ўзаемапаразуменне з навучэнцамі. Трэба вельмі пастарацца, каб дастукацца да душы кожнага вучня, каб цябе слухалі, трэба, каб табе верылі. Верылі ў тваю справядлівасць, непадкупнасць, шчырасць. Уся мая праца грунтуецца на асобасна-арыентаваным падыходзе. Непасрэдныя дзіцячыя натуры вельмі тонка адчуваюць фальш у адносінах. Таму дабрыню душы трэба дзяліць пароўну паміж выхаванцамі.
Для мяне, як настаўніка роднай мовы, прыдатнай глебай для рэалізацыі выхаваўчай задачы з’яўляецца этнаграфія і краязнаўства. Праз пазакласную, навукова-даследчую дзейнасць знаёмімся з самабытнасцю беларускага народа. А вандроўкі! Колькі іх было за гэты час! Думаецца, што вучні, якія шчыра любяць сваю Радзіму, ведаюць яе гісторыю, з павагай адносяцца да сваіх землякоў, не здольны здзяйсняць дурныя ўчынкі.
І вось зноў гучыць званок. Гэта значыць, што прыйшла восень – час збору ўраджаю. Які ён, мой ураджай? Гэта, безумоўна, вынікі працы. А яны былі за ўсе гады працы. Мае вучні з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі разнастайных конкурсаў. Разам з імі мы пішам сачыненні, вершы, распрацоўваем сцэнарыі, арганізуем выступленні, удзельнічаем у конкурсах і канферэнцыях. На працягу некалькіх гадоў мае дзяўчынкі был прызёрамі алімпіяд. Слёзы радасці з’яўляюцца на вачах, калі бачыш радасныя эмоцыі, якія перажываюць вучні ў такія хвіліны шчасця. Тады разумееш, што толькі дзеля гэтага варта працаваць.
Так, перамогі заўсёды радуюць. Але жыццё не стаіць на месцы. Надыходзіць час, калі я павінна зрабіць прамежкавы вынік сваёй дзейнасці. Гэта перыяд роздуму, асэнсавання памылак. Гэта яшчэ адна прыступка да ўсведамлення таго, што я на правільным шляху, што не збілася з яго.
“Адукацыя праз усё жыццё, – так гучыць мой дэвіз. Я ўпэўнена, што менавіта дзеці ўвесь час застаўляюць мяне вучыцца, адкрываць для сябе нешта новае. Гэта для іх я пазнаёмілася з многімі педагагічнымі тэхналогіямі, навучылася планаваць урок так, каб ён быў інфармацыйна насычаны, развіццёвы, выхаваўчы, здароўезберагальны. Гэта для іх я авалодала інфармацыйнымі сродкамі навучання, імкнуся зрабіць навучанне цікавым, выкарыстоўваючы разнастайныя формы і метады ў рабоце. Адчуваеш, што і сам расцеш духоўна, гледзячы на нашы агульныя поспехі.
Не магу ўявіць сваё жыццё без школы, без сваіх выхаванцаў. Навучаючы, выхоўваць – вось галоўнае прызначэнне педагога. Быць настаўнікам – гэта не толькі павышаць інтэлектуальны ўзровень вучняў, але і ўзбагачаць іх духоўна.
І так за годам год…Будуць новыя зімы, новыя вёсны. Такія ж падобныя, і ўсё ж кожны раз новыя…
Паважаныя калегі! З Днём настаўніка вас! Здароўя моцнага, творчых ідэй і задумак, здзяйснення мар, новых перамог! Няхай у кожнага з вас будуць рамантычныя вёсны, цёплае лета, шчодрая восень і спакойныя зімы! Няхай вам шчасціць на працягу ўсяго года!
Таццяна ГАЛАВАЧ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
Азёркаўскай сярэдняй школы
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад