Мінулы год для калектыву бытавога абслугоўвання насельніцтва і яго кіраўніка Андрэя Генрыхавіча Дзікевіча быў адметным па многіх прычынах. Як лічыць дырэктар, асабліва радуе тое, што ўдалося завяршыць вонкавую рэканструкцыю Дома быту. У гэтым вялікую дапамогу аказала мясцовая ўлада. Як адзначыў Андрэй Генрыхавіч, на рэканструкцыю будынка па ініцыятыве старшыні райвыканкама Аляксея Сцяпанавіча Шафарэвіча з раённага бюджэту ў 2010 годзе было выдаткавана больш як 300 мільёнаў рублёў. Цяпер Дом быту радуе позірк мастаўчан і гасцей горада. Гэта па-першае.
Па-другое, мастоўскія бытавікі ў верасні мінулага года прымалі ўдзел у рэспубліканскім хлебаробскім кірмашы «Дажынкі-2010». У сталіцы хлебаробскага свята Лідзе яны гандлявалі сваімі вырабамі. Як паведаміў Андрэй Генрыхавіч, за два кірмашовыя дні мастоўскія бытавікі прадалі тавараў больш як на 6 мільёнаў рублёў.
Можна дадаць, што тады з «Дажынак» мастоўскія бытавікі амаль не прывезлі дадому тавараў -- практычна ўсё, што бралі з сабой на «Дажынкі» ў Ліду, там і прадалі. Затое прывезлі Падзяку Міністэрства гандлю РБ і некалькі дыпломаў. Дыплом Генеральнага дырэктара Белбыту -- адзіны на Гродзенскую вобласць -- быў уручаны менавіта мастоўскім бытавікам. Зараз гэтыя ўзнагароды размешчаны на бачным месцы ў кабінеце дырэктара УП бытавога абслугоўвання насельніцтва.
Высокая ацэнка набыткаў мастоўскіх бытавікоў на рэспубліканскіх «Дажынках» прыдала ім ўпэўненасці ў тым, што цяпер яны могуць вырашаць задачы любой складанасці. Варта дадаць, што задач гэтых у кіраўніцтва прадпрыемства па бытавому абслугоўванню насельніцтва ў той час пабольшала. У прыватнасці, з”явілася ідэя, як зменшыць выдаткі, што траціліся да гэтага на сябе.
Справа ў тым, што дырэкцыя і бухгалтэрыя быткамбіната да нядаўняга часу мясціліся ў асобным будынку. Толькі за ацяпленне яго ў мінулым годзе было затрачана 60 мільёнаў рублёў. Лічылася, што так і павінна быць.
А вось новы кіраўнік калектыву, які ўзначаліў калектыў бытавікоў вясной 2010 года, паглядзеў га гэтую праблему пад іншым вуглом. У выніку сёння адміністрацыя размяшчаецца ў Доме быту, а будынак, дзе яна мясцілася да гэтага, вырашана аддаць у арэнду. Мясцовыя бытавікі займаюцца вязкай трыкатажных вырабаў для розных узроставых груп насельніцтва і індывідуальным пашывам адзення. Прычым, без перабольшання, атрымліваецца ў іх гэта вельмі добра. У тым мастоўскія бытавікі пераканаліся, калі былі на «Дажынках» у Лідзе: іх вырабы там карысталіся вялікім попытам.
Улічваючы гэтую акалічнасць, было вырашана ў Доме быту стварыць магазін, у якім можна прадаваць свае вырабы. Зараз тут такі магазін адчыніў дзверы. Тут маецца і вязаны тракатаж, і пашытае адзенне рознага прызначэння: ад святочнага да рабочага. Тут працуюць тры прадаўцы. Наталля Іванаўна Кузменскене -- адна з іх. Яна не толькі абслугоўвае наведвальнікаў, але кваліфікавана дае парады ім, дапамагае падабраць абноўку, каб яна найлепш пасавала менавіта гэтаму пакупніку.
У Дом быту вярнулася цырульня. Пакуль тут працуюць два майстры -- Таццяна Уладзіміраўна Аляхновіч і Вольга Алегаўна Тарашкевіч. Амаль тры дзесяцігоддзі Таццяна Уладзіміраўна займаецца сваёй справай, таму стрыжэ і робіць прыгожымі і жанчын, і мужчын. А ў бліжэйшай перспектыве ёсць намер расшырыць у Доме быту цырульню -- стварыць тут яшчэ пяць рабочых месцаў.Па-ранейшаму мастоўскія бытавікі мыюць бялізну, чысцяць пуха-пер”евыя вырабы, вырабляюць рытуальныя прыналежнасці. А не так даўно тут адкрыўся ўчастак па рамонту мэблі.
Добрыя перамены адбываюцца ў бытавым абслугоўванні не толькі гарадскога насельніцтва, але і на сяле. Комплексныя прыёмныя пункты адкрыты ва ўсіх аграгарадках. Апошнія два гасцінна адчынілі дзверы ў Стральцах і Струбніцы. У Пацавічах комплексны прыёмны пункт перасялілі ў адрамантаванае памяшканне. У сельскай мясцовасці зараз працуюць 19 комплексных прыёмных пунктаў, і тым самым сацыяльны стандарт па аказанні бытавых паслуг насельніцтву на Мастоўшчыне выконваецца.
М. ПАВЯДАЙКА
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад