Адбыўся справаздачна-выбарчы сход пярвічнай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” Гудзевіцкага сельскага Савета, якую ўзначальвае Ірэна Адольфаўна Жукоўская.
Творчы падыход да афіцыйнага мерапрыемства, нестандартны фармат зносін, цёплая і душэўная атмасфера – чым яшчэ здзівілі і ўразілі гудзевіцкія жанчыны карэспандэнта раёнкі, у нашым матэрыяле.
Аказваецца, нават такое афіцыйнае мерапрыемства, як справаздачнавыбарчы сход, можна ператварыць у сяброўскую сустрэчу. Што паспяхова і рэалізавалі гудзевіцкія жанчыны, аб’яднаныя ідэямі Беларускага саюза жанчын, пры фінансавай падтрымцы закрытага акцыянернага таварыства “Гудзевічы”.
Звычайная сакавіцкая серада, дзякуючы намаганням старшыні і актыву пярвічнай арганізацыі жансавета, у Гудзевічах стала сапраўдным святам. Яно распачалося у мясцовым музеі знаёмствам з выставай творчых работ членаў жансавета. Наталля Аляксандраўна Ралейнік, Зоя Уладзіміраўна Салтан, Валянціна Міхайлаўна Бурмакіна, Кацярына Канстанцінаўна Аксаміт, Ядвіга Іосіфаўна Грышкевіч, Ірэна Адольфаўна Жукоўская, Валянціна Фёдараўна Гедрэвіч, Тамара Адамаўна Бобрык – вось імёны майстрых, што дэманстравалі свае творчыя здольнасці.
Далейшая работа сходу працягнулася ў фармаце агеньчыка. Гэтаму садзейнічала ўтульная атмасфера кафэ “Пралеска”.
-- Мне хацелася, каб нашы жанчыны не толькі паслухалі даклад аб зробленым, але і хоць крыху адпачылі ад сваіх шматлікіх клопатаў, а таксама ў прыемнай кампаніі, за кубачкам духмянага чаю абмеркавалі планы на будучае і ўнеслі свае прапановы, як зрабіць жыццё нашага жансавета больш насычаным, цікавым і змястоўным, -- расказвае старшыня пярвічкі Ірэна Адольфаўна Жукоўская, аднагалосна перавыбраная на гэтую грамадскую пасаду на чарговы тэрмін.
Зараз пярвічная арганізацыя жансавета Гудзевіцкага сельсавета налічвае 37 чалавек. Гэта прадстаўніцы ўсіх галін народнай гаспадаркі, якіх вызначае актыўная жыццёвая пазіцыя. Гэта клапатлівыя маці, жонкі і бабулі, адказныя працаўніцы, верныя сяброўкі і дбайныя гаспадыні. Да таго ж, у іх хапае часу і сіл, каб дапамагчы мясцовай гаспадарцы прыняць гасцей з усяго раёна на свята “Дажынкі”, ці паўшчуваць горабацькоў і паўдзельнічаць у лёсе дзетак з неблаганадзейнай сям’і.
Тое, што стылізаваны падворак ЗАТ “Гудзевічы” падчас мінулагодняга свята горада Масты быў названы лепшым, а сям’я Палойка стала прызёрам рэспубліканскага этапа конкурсу “Уладар сяла”, таксама вынік творчых памкненняў, фізічных і маральных намаганняў членаў жансавета.
І можна не сумнявацца, што гудзевіцкія актывісткі жаночага руху прымуць актыўны ўдзел у запланаваных мерапрыемствах на бягучы год, дастойна адсвяткуюць 25годдзе Беларускага саюза жанчын, яшчэ больш згуртуюцца на добрыя справы.
Па словах Ірэны Адольфаўны Жукоўскай, тактыку работы сваёй пярвічнай арганізацыі яны вывяраюць не толькі актуальнасцю і грамадскай значымасцю справы, але і сэрцам. А ў гэты сакавіцкі дзень сэрцы нашых сучасніц былі настроены на лірычны лад. Таму і гучалі ў зале кафэ задушэўныя песні пад акампанемент дырэктара Гудзевіцкага цэнтра вольнага часу і культуры А. М. Чэрнік. Таму і сустракалі апладысментамі жанчыны жартоўныя вершы і байкі павучальнага зместу свайго земляка М. П. Іваноўскага. Таму і застаўся ў душы кожнай з удзельніц адгалосак сустрэчы, якую з нецярпеннем будуць чакаць зноў.
Н.ШЭЎЧЫКФота аўтара
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад