Штогод 13 ліпеня да мемарыяльнага комплексу савецкім воінам, партызанам і ахвярам фашызму ля вёскі Шымкі збіраюцца жыхары Мастоўскага раёна, прадстаўнікі ўлады, працоўных калектываў, грамадскіх аб’яднанняў, структур прафсаюзных арганізацый вобласці, моладзь.
Радасная і светлая падзея – Дзень вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў – азмрочана тысячамі ахвяр нашых землякоў і воінаў Чырвонай арміі, што загінулі ў полымі самай жорсткай і кровапралітнай вайны за свабоду і незалежнасць Мастоўскага краю. Іх імёны выбіты на плітах мемарыяла, захоўваюцца ў сэрцах родных і блізкіх, назаўсёды – у памяці ўдзячных нашчадкаў.
– Збіраючыся тут, на гэтым свяшчэнным для мастаўчан месцы, мы ўспамінаем тых, чый лёс апаліла вайна, аддаём даніну памяці ўсім, хто здабыў Вялікую Перамогу, хто безыменным спіць у брацкіх магілах, хто без вестак прапаў у барацьбе з карычневай чумой, – падкрэсліў старшыня Мастоўскага райвыканкама Андрэй Санько, звяртаючыся да землякоў падчас урачыстага мітынга-рэквіема. – За гады акупацыі, якая працягвалася для мастаўчан 1 115 дзён і начэй, фашысты замучылі і расстралялі 2680 нашых землякоў, 950 мастаўчан не вярнуліся з фронту, больш за 100 загінулі ў партызанскіх атрадах, каля 1000 ураджэнцаў раёна былі вывезены на прымусовыя работы ў Германію.
Вялікая Айчынная вайна – гэта не толькі мінулае, яе дыханне многія адчуваюць і сёння. Яна паглынула ў сваім полымі мільёны людзей, прынесла цэлым народам каласальныя разбурэнні, пакуты і горыч, якія і сёння трывожаць людскую памяць. Тыя страшныя падзеі заўсёды будуць нагадваць нам аб тым, да якіх жахлівых трагедый прыводзяць ідэі нацызму, нецярпімасці і імкнення навязаць сваю волю сілай палітычнага і экамічнага ціску.
– Няма той сям’і ў Беларусі, якую б не закранула сваім чорным крылом вайна. На плітах гэтага мемарыяла ёсць і імя дзеда майго мужа – Паўшка Івана Лаўрэнцьевіча з вёскі Касілы. Немцы забілі яго за сувязь з партызанамі. Мой бацька Будрэвіч Іван Станіслававіч быў прызваны ў армію яшчэ да вайны, трапіў у палон, два гады знаходзіўся ў канцэнтрацыйным лагеры Асвенцым. Цудам выжыў, вярнуўся дамоў, а кожную ноч у сне моцна крычаў. Гэтая боль ніколі не пакідала яго. З лагера бацька прывёз сваю робу, над якой часта плакаў. Маці спаліла яе, але ці можна спаліць, выкінуць з памяці ўсё, што давялося перажыць за гады вайны нашаму народу?! – не хаваючы эмоцый, распавяла страшную гісторыю сваёй сям’і старшыня пярвічнай ветэранскай арганізацыі Лунненскага сельсавета Марыя Паўшок.
Не стрымлівалі слёз удзельнікі мітынгу і падчас театралізацыі на верш Вольгі Кіеўскай “Балада пра маці”. Балюча, калі на тваіх вачах гінуць ободва твае сыны…
Гучыць метраном, што адлічвае хвіліну маўчання… Рэхам у вершалінах дрэў і над воднай гладдзю Шчары раздаецца яго шчымліва-трывожны гук. Да падножжа мемарыяла кладуцца жывыя кветкі ад удзячных нашчадкаў…
Сённяшнія думкі і пачуцці жыхароў Мастоўшчыны можна апісаць трыма словамі: гонар, павага, будучае. Гонар за нашу вялікую гісторыю, за слаўную дату вызвалення ад фашысцкай навалы. Павага да людзей, якія заваявалі для нас Перамогу і паднялі, адбудавалі дзяржаву. А будучае мы створым самі. Дастойнае будучае нашага Мастоўскага краю, дзе жывуць, працуюць, гадуюць дзяцей працалюбівыя, гасцінныя, мірныя людзі – разам, як адна сям’я.
Наталля ШЭЎЧЫК
Фота аўтара
Оперативные и актуальные новости в нашем Telegram-канале
Подписывайтесь по ссылке
#память #освобождение #ВОВ #Мостовщина
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад