Быць у гасцях заўсёды прыемна, а асабліва, калі гаспадары цікавыя і гасцінныя. У рамках праграмы “Да суседзяў” навучэнцы дзяржаўнай установы адукацыі “Пескаўскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа”, наведвальнікі аздараўленчага лагера “Экаландзія”, пабывалі ў сваіх суседзяў у горадзе Шчучыне. Горад невялікі, але вельмі цікавы па сваіх дастапомнасцях. Вельмі многія гарады маюць на плошчах гадзіннікі, ды не ва ўсіх з іх такая прыгожая назва – “Шчучынскі Біг-Бэн”, які адбівае кожную гадзіну амаль як Маскоўскія Куранты.
Прайшоўшы трошкі далей, за помнікам Леніна і загінуўшым землякам, мы ўбачылі расчыненыя дзверы царквы Святога Міхаіла Архангела. У царкве знаходзіўся толькі адзін чалавек. На жаль, мы не запыталі ні яго імя, ні кім ён з’яўляецца, але колькі цеплыні ішло ад яго аповеду пра гісторыю самой царквы і кожнай іконы ўвасобку.
Помнік Алаізе Пашкевіч (Цётцы), беларускай паэтэсе, якая нарадзілася недалёка ад Шчучына, у вёсцы Песчына, знаходзіцца амаль побач, ў самым цэнтры горада.
Быць у Шчучыне і не бачыць самалётаў, такое ўявіць немагчыма! Мы пабычылі цэлых два самалёты-помнікі.
Канчатковай мэтай нашага наведвання была экскурсія ў палац Друцка-Любецкіх. Гэта сапраўдная жамчужына горада. Толькі расчыніўшы дзверы, так і хочацца сказаць словамі паэта “тут мінуўшчына з сучаснасцю сышліся”. Адрамантаваны і аздоблены ў сучасным стылі, стары палац захаваў свой больш за стагадовы дух, сваю веліч і прыгажосць. Захапляльная экскурсія па палацы і музейным пакоі пазнаёміла нас з гісторыяй горада і гісторыяй роду Сціпіон дэль Кампо і Друцка-Любецкіх. Зараз у ім знаходзіцца Шчучынскі палац творчасці дзяцей і моладзі.
Нягледзечы на зменлівае восеньскае надвор’е, якое не зусім спрыяла нашай экскурсіі, хочацца сказаць, што Шчучын – горад, у які мы абавязкова прыедзем ізноў. Дзякуем Вам, суседзі!
Вялічка Рэгіна Станіславаўна,
педагог-арганізатар
ДУА “Пескаўскі вучэбна-педагагічны комплекс
дзіцячы сад-сярэдняя школа”
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад