28 кастрычніка абласны каардынацыйны савет па турызме прайшоў на базе санаторыя «Альфа Радон» у Дзятлаўскім раёне. Удзел у ім бралі больш за 30 дэлегатаў — куратары сацыяльнай сферы кожнага з раёнаў вобласці, начальнікі аддзелаў спорту і турызму райвыканкамаў, прадстаўнікі турыстычных арганізацый, іншыя зацікаўленыя ў развіцці рэгіянальнага турызму людзі.
Старшынствавалі на савеце намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Лісковіч, начальнік Гродзенскага абласнога ўпраўлення Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Анатоль Ганчар, начальнік упраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама Алег Андрэйчык.
Як павысіць напаўняльнасць у санаторыях вобласці, якімі мерамі нарасціць экспарт турыстычных паслугаў, як рэалізаваць дагэтуль не скарыстаны турыстычны патэнцыял рэгіёнаў — толькі некаторыя з актуальных пытанняў, якія разглядаліся на абласным каардынацыйным савеце.
Пра стан санаторна-курортных паслугаў у Гродзенскай вобласці прысутным паведаміў начальнік Гродзенскага абласнога ўпраўлення Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Анатоль Ганчар. Ён зазначыў, што цяпер стабільнай і эфектыўнай работай ніводная здраўніца вобласці, за выключэннем санаторыя “Радон”, не вызначаецца. За 9 месяцаў гэтага года санаторыямі вобласці было рэалізавана больш за 40 тысяч пуцёвак (за аналагічны перыяд мінулага года – каля 44 тысяч), сярэдняя запаўняльнасць санаторыяў за гэты перыяд – 77,8%. Анатоль Часлававіч заўважыў, што на сёння недастатковы пералік паслугаў санаторна-курортнага лячэння, якія ўваходзяць у кошт пуцёўкі: аказваецца 4-6 “пакетных” паслугаў (пры рэкамендаваных 8-10).
Намеснік начальніка ўпраўлення антыманапольнай і цэнавай палітыкі Гродзенскага аблвыканкама Вольга Кароткая ў сваім дакладзе звярнула ўвагу на асноўных пытаннях цэнаўтварэння на санаторна-курортныя паслугі. Па яе словах, змяненне кошту на санаторна-курортныя паслугі за 9 месяцаў 2015 года склала 1,3%. Вольга Васільеўна зазначыла, што цяпер дзяржава дазваляе ўстановам, якія аказваюць санаторна-курортныя паслугі, аналізаваць свае выдаткі і аператыўна рэагаваць на эканамічныя змяненні ў краіне, самім устанаўліваць кошты на свае паслугі.
Уласным вопытам па эфектыўным продажы санаторна-курортных паслугаў падзяліўся начальнік аддзела маргетынгу ААТ “Белаграздраўніца” Міхаіл Ярохін. Міхаіл Міхайлавіч сказаў, што ва ўсіх васьмі санаторыях аб’яднання застаецца нязменнай палітыка вызначэння прыкладна аднолькавых коштаў для ўсіх катэгорый грамадзян.
Начальнік упраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкма Алег Андрэйчык закрануў тэму выканання прагнознага паказчыка па экспарце турыстычных паслугаў у Гродзенскай вобласці.
—— Мы аказаліся не гатовыя да негатыўных змяненняў у сусветнай эканоміцы, – заўважыў на пачатку выступлення Алег Яўстаф’евіч. – У гэтых умовах даводзіцца па-новаму будаваць сістэму сэрвісу, маркетынгу, аздараўлення, нарэшце, самога турызму.
Па тэмпах росту экспарту турыстычных паслугаў Гродзеншчына – трэцяя ў краіне. Аднак ніводзін з раёнаў вобласці не выканаў прагнозны паказчык у 120% росту экспарту турыстычных паслугаў да ўзроўню мінулага года, вызначаны рашэннем Гродзенскага аблвыканкама.
На пасяджэнні абласнога каардынацыйнага савета па турызме былі не толькі ўзняты праблемы, якія на сёння існуюць у галіне, але і прапанаваны спосабы іх вырашэння. Па-першае, гэта цеснае ўзаемадзеянне санаторыяў з установамі аховы здароўя, спартыўнымі таварыствамі; адкрыццё аддзяленняў рэабілітацыі, што прывядзе да павышэння напаўняльнасці. Па-другое, развіццё прафесійнага турызму, падзейнага турызму, калі знакавая падзея ў пэўным рэгіёне прыцягвае турыстаў не толькі з Беларусі, але і з замежжа. Як прыклад прыводзіўся сёлетні фестываль “Аўгустоўскі канал у культуры трох народаў”, у межах якога прайшлі спаборніцтвы па заплыве “На чым папала” і балотным футболе. Па словах намесніка старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктара Лісковіча, такое мерапрыемства плануецца зрабіць штогадовым.
Таксама прапаноўвалася развіваць як абавязковы фактар прыцягнення турыстаў, гасцінічную сістэму, комплекс установаў харчавання (асабліва развіццё нацыянальнай кухні рэгіёнаў), больш актыўна рэкламаваць сябе праз Інтэрнэт (у тым ліку, на замежных мовах). На абмеркаванне будзе вынесена прапанова аб прысваенні не толькі гасцініцам, але і санаторна-курортным установам “зорнай” сістэмы, калі колькасць зорак будзе вызначаць ступень камфорту і ўзровень аказання паслугаў. Пільная ўвага бліжэйшым часам будзе звернута на развіццё агратурызму: прыватныя прадпрымальнікі, гаспадары аграсядзібаў, дадуць справаздачу па аказанні турыстычных паслугаў. У перспектыве можа прайсці конкурс на лепшую аграсядзібу рэгіёна.
Каардынатар міжнароднага праекта “Планета ідэяў – трансгранічны трансфер у галіне прыцягнення інвестыцый для памежнага турызму” Сяргей Каляда прадставіў прысутным плён каманднай працы калектыву аўтараў – кнігу турыстычнага патэнцыялу Гродзенскай вобласці, выдадзеную невялікім накладам (200 асобнікаў) на трох мовах – беларускай, польскай і ўкраінскай. Выданне ўтрымлівае інфармацыю пра тое, як стаць удзельнікамі трансгранічных праектаў, расказвае аб правільным падыходзе да развіцця турызму, паказвае, аналізуе існуючыя і патэнцыяльныя турыстычныя аб’екты, маршруты. Кніга, як кіраўніцтва да дзеяння і дапаможнік, прызначана найперш для тых, хто працуе ў сферы турызму. Таму ўдзельнікі каардынацыйнага савета атрымалі выданне ў падарунак. Дадаткам да кнігі з’яўляецца карта турыстычнага патэнцыялу Гродзеншчыны, дзе можна знайсці і наш Дзятлаўскі раён.
Па словах Сяргея Іванавіча, будучыня турызму ў рэгіёне – за прыгодніцкім і актыўным адпачынкам, які сёння ўсё больш прываблівае беларускіх і замежных турыстаў. “Не толькі зарабляць грошы, але праз гэту прызму праслаўляць тую зямлю, на якой мы жывём” – падвёў вынік нарады Віктар Лісковіч, вызначыўшы прыярытэты далейшага развіцця турыстычнай галіны на Гродзеншчыне.
У межах каардынацыйнага савета яго ўдзельнікам прапанавалі азнаямляльную экскурсію па санаторыю «Альфа Радон».
«Перамога»
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад