Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноГод исторической памятиГод исторической памятиМолодёжьМолодёжьСоциумОбщественная жизньНовости МостовщиныНовости Мостовщины

Мы даведаліся ў жыхароў Мастоўшчыны, што яны ведаюць пра жыццё і творчасць Янкі Купалы

Мы даведаліся ў жыхароў Мастоўшчыны, што яны ведаюць пра жыццё і творчасць Янкі Купалы07 июля 2022 — 16:49

Сёння, 7 ліпеня, адзначаецца 140-годдзе з дня нараджэння Янкі Купалы. Як пісьменнік, менавіта ён найбольш яскрава раскрыў характар, менталітэт, нацыянальную самасвядомасць, духоўныя каштоўнасці і пачуцці беларусаў.

Напярэдадні памятнай даты мы даведаліся ў жыхароў Мастоўшчыны, што яны ведаюць пра жыццё і творчасць Песняра беларускай зямлі.

Таццяна Цеслюк, закройшчык ААТ «Матэкс»:

– 140 гадоў таму нарадзіўся выдатны беларускі паэт Янка Купала. Усе яго вершы прысвечаны жыццю беларускага народа:

Гэй, думка ўдалая,

Ты мяне нясі.

Па роднай старонцы —

Па Белай Русі!

Сёння імя Купалы носяць музеі, бібліятэкі, вуліцы, плошчы, тэатры і ўстановы адукацыі. У 1978 годзе быў адчынены Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Ляўкі».

Беларусы ганарацца сваім мінулым і павінны як мага далей захоўваць памяць аб такіх людзях, як Янка Купала.

Вольга Альховік, спецыяліст па маркетынгу:

– У школе амаль кожны год мы вывучалі розныя творы Янкі Купалы і з цягам часу даведваліся пра пісьменніка ўсё больш. Дзякуючы яго вершам мы бачылі і вучыліся любіць навакольны свет. Гэтыя лясы, якія нас атачаюць, рэкі, азёры, нашу культуру... Яго радкі прымушалі ўдумацца і зразумець, у якім цудоўным месцы мы жывём.

Таксама я памятаю, што партрэты Купалы і Коласа ўпрыгожвалі кабінет беларускай мовы і літаратуры ў нашай школе.

Летась я скончыла Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт, які носіць імя Янкі Купалы, і вельмі гэтым ганаруся! Кожны год у дзень нараджэння пісьменніка ва ўніверсітэце праходзіла акцыя «Чытаем Купалу разам». Удзел у падобных грамадскіх мерапрыемствах надаваў магчымасць разнастаіць студэнцкае жыццё.

Кацярына Лапіч, першы сакратар Мастоўскага райкама БРСМ:

– Мой любімы твор Янкі Купалы – гэта п’еса «Паўлінка». Я лічу, што ў гэтай камедыі раскрываюцца найбольш характэрныя якасці беларусаў – сумленнасць, павага, шчодрасць. Сюжэт камедыйнай п’есы вельмі просты і амаль што «банальны». Але гэта не адмоўная рыса, бо такую звыкласць камедыя набыла дзякуючы менавіта сваёй класічнасці.

Больш за ўсё мне падабаецца Паўлінка ў выкананні Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Не выпадкова першы прафесійны тэатр быў названы ў гонар славутага Песняра!

А са школы добра памятаю ўсім вядомы верш «Спадчына»:

Ад прадзедаў спакон вякоў

Мне засталася спадчына;

Памiж сваiх i чужакоў

Яна мне ласкай матчынай.

Віялета Дзямешчык, студэнтка ГрДУ імя Янкі Купалы:

– Першае, што на розум прыходзіць – гэта, вядома, «Паўлінка» ды вершы, якія вучыла ў школе сама, а потым дапамагала і малодшаму брату.

Між тым, не так даўно ў Інтэрнэце ўбачыла артыкул, дзе стылісты разбіралі знешні выгляд паэтаў і пісьменнікаў. Даведалася пра цікавы факт – наш Янка Купала быў адным з самых заядлых моднікаў і клапаціўся аб сваім знешнім выглядзе. Так што вобраз паэта не супадае з вобразамі мужчын з яго твораў. Але гэта мяне зусім не засмучае.

Аляксандр Палуйчык, стаматолаг:

– Купала ў сваіх творах паказаў нам вялізную моц чалавечага духа. Вобразы яго герояў – гэта плён глыбокага роздуму паэта над лёсам не аднаго пакалення людзей. Дзякуючы яго творам мы даведваліся не толькі аб прыгажосці навакольнага свету, але і пра быт звычайнага беларуса.

Шмат паэтаў прыйшло ў беларускую літаратуру пасля Купалы. Гэта людзі з новым вопытам жыцця, з высокім узроўнем адукацыі. Але ўсе яны звярталіся да купалаўскай паэзіі, як да узору маральных і грамадзянскіх каштоўнасцяў.

Аляксандра СЛУЦКАЯ


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио