Уборка каласавых зерневых на Мастоўшчыне завершана. Намалочана 74627 тон зерня пры ўраджайнасці ў 51,3 цэнтнера з гектара. Гэта трэці рэзультат у вобласці пасля Гродзенскага і Бераставіцкага раёнаў.
Сярод культур найбольш важкі колас сёлета дала пшаніца яравая, якой з кожнага гектара намалочвалі па 64,5 цэнтнера. Вышэй раённага паказчыка гэтыя лічбы ў сельгаскааператыве “Азяранскі” і адкрытым акцыянерным таварыстве “Чарлёна”. У апошнім, напрыклад, удалося пераўзысці адзнаку ў 76 цэнтнераў з гектара.
Азімыя культуры ў гэтым годзе з-за працяглай зімы некалькі “здалі” пазіцыі. Так, ураджайнасць азімай пшаніцы ў раёне склала 59,5 цэнтнера з гектара, азімай трыцікале – 46,5, азімага жыта – 36,3 цэнтнера з гектара. Ячмень сёлета ўрадзіў у межах 51 цэнтнера. Добрым ураджаем гэтай культуры аддзякавала ніва ў адкрытым акцыянерным таварыстве “Чарлёна” і сельгаскааператыве імя Адама Міцкевіча, дзе ўраджайнасць ячменю склала, адпаведна, 66,1 і 65,9 цэнтнера з гектара.
Аднымі з першых апошнія гектары збожжа абмалацілі хлебаробы закрытага акцыянернага таварыства “Гудзевічы” і філіяла “Дубна” ААТ “Агракамбінат “Скідзельскі”. Дажынкі адсвяткавалі таксама і ў калектыве сельгаспрадпрыемства імя Адама Міцкевіча. Пачэснае месца на свяце заняў той апошні сноп залатых каласоў, што сімвалізуе дабрабыт працавітых гаспадароў.
Па традыцыі, былі ўшанаваны лепшыя камбайнеры, вадзіцелі і машыністы сушыльных агрэгатаў, якія сваёй руплівасцю і стараннасцю забяспечылі станоўчы зыход сёлетняй уборкі.
Найбольш важкі колас сёлета вырашчаны на палях адкрытага акцыянернага таварыства “Чарлёна”, дзе сярэдняя ўраджайнасць склала 62,8 цэнтнера з гектара, а валавы намалот – 16123 тоны. Хлебная ніва ў сельгаскааператыве імя Адама Міцкевіча ўрадзіла ў межах 58 цэнтнераў з гектара.
Зараз механізатары раёна прыступілі да ўборкі грэчкі і проса, якія займаюць плошчу ў 360 і 40 гектараў адпаведна.
Н.ШЭЎЧЫК
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад