Тыя майскія дні, калі мы сустрэліся з Іванам Уладзіміравічам Карнейчыкам, кіраўніком малочнатаварнай фермы “Малочны Двор” ЗАТ “Гудзевічы”, выдаліся для яго шчаслівымі. І на рабоце ў яго ішлі справы паспяхова, і дома ў сям”і радасць: нарадзілася другая дачушка. Далі ёй імя Васіліна.
Дзяўчынку ў асноўным глядзіць мама, бо ў таты вельмі напружаная работа. Кожны дзень у 6.30 ён павінен быць ужо на сваёй ферме. “Малочны Двор” – гэта вялікая і складаная гаспадарка. Тут утрымліваецца 1640 галоў буйной рагатай жывёлы і яшчэ 230 на ферме ў “Агрызках”, што таксама ў падначаленні І.У.Карнейчыка. Аднаго дойнага статка тут 868 галоў, яшчэ 450 маладняку. Усё гэта пагалоўе павінна быць своечасова накормлена, напоена, падоена -- адным словам, дагледжана так, каб даваць усё большую аддачу. Калектыву “Малочнага Двара”, а працуе тут нямногім больш за трыццаць чалавек, гэта ўвесь час удаецца.
У мінулым годзе ферма займала першыя пазіцыі на Мастоўшчыне па вытворчасці валавой прадукцыі, у гэтым годзе таксама. За чатыры месяцы гэтага года тут надаілі 11 129 цэнтнераў малака, у мінулым годзе было 10 968. Прыбаўка склала 161 цэнтнер. Надоі на карову за гэты час выраслі на сто кілаграмаў і склалі 2757 кілаграмаў. Калісьці за год столькі надойвалі. 70 працэнтаў малака з “Малочнага Двара” прадаецца сортам “экстра”.
--У чым сакрэт поспеху?—запыталі мы ў Івана Уладзіміравіча.
-- Для мяне важнейшымі з’яўляюцца тры фактары: арганізацыя працы, кармленне і селекцыя,-- адказаў І.У.Карнейчык. -Хоць бы ў адным з іх дапушчана парушэнне, і станоўчага рэзультата не будзе. Галоўны фактар – гэта арганізацыя эфектыўнай работы ў працоўным калектыве: добрасумленнае выкананне сваіх абавязкаў, зацікаўленасць у агульным выніку працы, узаемадапамога, добры маральны мікраклімат.
“Малочны Двор” працуе з 2013 года, з гэтага часу і пачаў фарміравацца наш калектыў. І нават яшчэ раней, калі тут была невялікая малочнатаварная ферма “Поплава”, якой я кіраваў. І толькі цяпер можна сказаць, што наш калектыў згуртаваны, людзі маюць належную кваліфікацыю, кожны як належыць выконвае свае абавязкі, мае патрэбны вопыт. Асабліва хочацца адзначыць работу аператараў машыннага даення Л.В.Кулак, Т.І.Шайнога, С.Ч.Мешка, заатэхніка-селекцыянера Л.М.Кавалеўскай. Старанна працуюць і астатнія работнікі, таму і вынік іх працы добры.
Кожны год “Малочны Двор” сур’ёзна прыбаўляе ў надоях. У 2016 годзе тут упершыню пераўзышлі шасцітысячны рубеж: надаілі 6323 кілаграмы малака на карову, што на 612 кілаграмаў больш папярэдняга года. Ферма адразу выйшла ў лідары жывёлагадоўлі Мастоўшчыны. У мінулым годзе ўжо было надоена 6430 кілаграмаў малака. Плюс склаў 107 кілаграмаў. У гэтым годзе тут спрабуюць узяць рубеж па надоях у 6750 кілаграмаў. А для гэтага кіраўніку трэба прыкласці шмат намаганняў,старання, вопыту, здольнасцей. І.У.Карнейчыку гэтага не займаць.
--У Івана Уладзіміравіча ўсё павінна атрымацца,-- сказаў намеснік кіраўніка гаспадаркі па ідэалагічнай рабоце А.Г.Палойка.—Ён вельмі адказны чалавек, умее выконваць пастаўленыя задачы. Ды і калектыў там вопытны і працавіты.
І.У.Карнейчык – свой, мясцовы чалавек, гудзевіцкай загартоўкі. Нарадзіўся ў Струзе, цяпер жыве ў Пілках, дзе рэканструяваў дзедаў дом, ну а працуе ў Тоўсціках. Усе гэтыя вёскі побач, усе, як раней казалі, “карбышаўскія”. Людзі тут цягнуцца адзін да аднаго, дапамагаюць. На гэтай зямлі так дружна жылі і працавалі іх бацькі і дзяды.
А першыя прафесійныя ўрокі атрымаў у дзяцінстве ад бацькі Уладзіміра Аляксандравіча. Ён узначальваў ферму ў Пілках, затым працаваў на свінагадоўчым комплексе. Бацька і сына прывучыў любіць жывёлу, не біць яе, разу-мець, умець даглядаць. Не дзіўна, што паступіўшы ў Гродзенскі сельгасінстытут, выбраў прафесію заатэхніка. Закончыўшы ВНУ, вярнуўся ў сваю гаспадарку, працаваў заатэхнікам, амаль дзесяць гадоў назад узначаліў малочнатаварную ферму ў Тоўсціках.
Днём - работа, а вечарам Іван Уладзіміравіч спяшаецца да сям’і. Радуецца канікулам старэйшая дачка-сямікласніца Наталля. Вельмі падабаецца дзяўчынцы праводзіць час са сваёй сястрычкай Васілінкай.
С.ЗВЯРОВІЧ
Фота аўтара
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад