Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноСельская жизньСельская жизнь

Музыка і рацыяналізатар з лясной глыбінкі

Музыка  і рацыяналізатар з лясной глыбінкі28 октября 2015 — 10:00

 Сцвярджаюць, што ў жыцці здараецца рэдка, калі ад Бога адзін  чалавек атрымлівае шматлікія таленты і здольнасці, а ў  дадатак, яшчэ і працавітыя рукі. Былы настаўнік працы Галубоўскай школы Канстанцін Іванавіч Мойса, а сёння проста  вясёлы вясковы  пенсіянер, музыка-самавучка цудоўна іграе на гармоніку, бубне і нават вязальных спіцах,  з задорам выконвае прыпеўкі на тэмы вясковага жыцця, якія   сам  і складае. Без яго ўдзелу зараз не  абыходзіцца ні адно свята ў Галубах, ні адзін канцэрт  у мясцовым клубе. А мужчыны з павагай называюць  Канстанціна  Іванавіча мясцовым Кулібіным. Якой толькі тэхнікі і  прыстасаванняў няма  на яго двары! А яшчэ Канстанцін Іванавіч умее  шыць на швейнай машынцы.  Бывае, што   шые для сябе і іншых артыстаў сцэнічныя касцюмы. Атрымліваецца няблага.

Цяжка паверыць, што ў   адной асобе так арганічна спалучаюцца і артыст, і інжынер. На першы погляд, нават цяжка вызначыць артыстычнага ці тэхнічнага  больш у  натуры Канстанціна Іванавіча. На падворку стаіць трактар, ёсць да яго і многія тэхнічныя прыстасаванні,  большасць якіх  гаспадар аднавіў са старых запчастак, якія ў свой  час  былі спісаны на металалом. Вясновай  парой у час пасадкі агародаў і восенню, калі капаюць бульбу,  Канстанцін Іванавіч са сваёй тэхнікай  у вяскоўцаў нарасхват. І ў час нашага візіту трактар  у  поў-най баявой гатоўнасці стаяў каля варот, чакаючы выезду  ў поле.

З гонарам паказваў гаспадар кампрэсар, кацёл, электрычныя  сячкарню і агародніна-здрабляльнік уласнай канструкцыі. Як  апошні спрытна і  хутка  рэжа на корм свінням і карове  бульбу, яблыкі і буракі, мы  змаглі пабачыць  на свае вочы.

  Канстанцін Іванавіч  з жонкай Галінай Міхайлаўнай, якая і зараз яшчэ  выкладае замежную мову ў мясцовай школе,  адны з нямногіх у Галубах, хто  трымае карову.  Гаспадары не нарадуюцца, якое смачнае і тлустае  ў яе малако. Электрычная маслабойка ў іх доме — прадмет вельмі патрэбны, у рабоце яна  амаль кожны дзень. Калі  аднойчы ў яе згарэў матор, Галіне Міхайлаўне  доўга перажываць з-за  паломкі не прыйшлося і нават здаваць  у рамонт маслабойку не давялося. Муж сам адрамантаваў матор, і  вечарам маслабойка працавала як новенькая.

  У свой час Канстанцін Іванавіч Мойса закончыў  Жыровіцкі тэхнікум механізацыі сельскай гаспадаркі. Там палюбіў і  навучыўся  разбірацца ў тэхніцы. Пасля заканчэння 35 год адпрацаваў у школе, дзе  выкладаў хлопцам- старшакласнікам спецкурс “Трактар”.

  — На сёння амаль  усе трактарысты  галубоўскай зоны мае былыя вучні. Сярод іх і  неаднаразовы  пераможца спаборніцтва, лепшы механізатар   СПК імя А. Міцкевіча Васіль Іванавіч Жамойда,— з  задавальненнем расказвае Канстанцін Іванавіч пра  сваіх былых  вучняў.

   У мінулым годзе ў Галубы наведаліся  члены студэнцкага этнаграфічнага таварыства з Мінска. Юнакоў і дзяўчат  Канстанцін Іванавіч здолеў зацікавіць і  ўразіць  музычнымі здольнасцямі, сваімі прыпеўкамі, веданнем  мясцовых легенд і паданняў. Пасля  іх ад’езду з  Мінска Канстанціну Іванавічу прыйшло  пісьмо, якое  ён не прамінуў паказаць мне:

  «Студэнцкае этнагра-фічнае таварыства шчыра дзякуе Вам за дапамогу ў этнаграфічнай экспедыцыі, што праводзілася па Мастоўскім і Шчучынскім раёнах у жніўні 2014 года».  Сёння музыка для Канстанціна Іванавіча — любімы занятак,  а магла б стаць прафесіяй. Прыгожы голас яму і  брату Расціславу дастаўся ў спадчыну ад маці Марыі Юльянаўны. 

—У дзяцінстве я вельмі хацеў навучыцца іграць на баяне. Доўга  ўпрошваў бацькоў, каб купілі  мне яго. На такую пакупку ў бацькоў, напэўна, не хапала  грошай, і я застаўся без  баяна. Калі служыў у арміі ў Слуцку, спяваў у ваенным хоры, давялося нават выступаць  у Мінску ў Доме афіцэраў. Пазней спяваў у царкоўным хоры ў Орлі. Брат Расціслаў  таксама сёння звязаны з музыкай, ён працуе ў фірме “Зонта”, якая займаецца выпускам  многатэмбравых  баянаў. Можа, з цягам часу ў нашай сям’і з’явіцца і прафесіянальны музыкант. Унучка Дарына зараз   у  Мастах  у музычнай школе  асвойвае  ігру на флейце, —  расказвае К.І. Мойса пра свае не зусім простыя, але цудоўныя  адносіны з музыкай.  

 У тым, што нягледзячы на  абставіны Канстанцін Іванавіч на ўсё жыццё застаўся лірыкам, ёсць заслуга  яго настаўніцы роднай мовы Марыі Якаўлеўны  Ступакевіч. Ёй  удзячны вучань  праз гады напіша проста, але ад  душы :Нам з  Вамі  па-добраму пашанцавала,Настаўнікаў такіх было нямала.А Вы былі дабразычлівай,  але  строгай,Вы ідэал наш —  настаўніца ад Бога!  

 Галубы мы пакідалі  ў добрым настроі. На развітанне Канстацін Іванавіч і яго сябар Уладзімір Іванавіч Гедрэвіч, акампаніятар мясцовага сельскага клуба,  наладзілі  сапраўдны канцэрт. Уладзімір Іванавіч іграў на гармоніку. Канстанцін Іванавіч спяваў  уласныя прыпеўкі і  іграў на барабане, які  таксама змайстраваў сам, і  сцвярджаў, што ў гэтага барабана  асаблівае гучанне і ён ніколі не памяняе яго на іншы.  Каб паслухаць імправізаваны канцэрт,  каля варот прыпыняліся вяскоўцы. Усім было весела…  

Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧФота   В. ДЗЕГЕЛЕВІЧА 


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио