Сцвярджаюць, што ў жыцці здараецца рэдка, калі ад Бога адзін чалавек атрымлівае шматлікія таленты і здольнасці, а ў дадатак, яшчэ і працавітыя рукі. Былы настаўнік працы Галубоўскай школы Канстанцін Іванавіч Мойса, а сёння проста вясёлы вясковы пенсіянер, музыка-самавучка цудоўна іграе на гармоніку, бубне і нават вязальных спіцах, з задорам выконвае прыпеўкі на тэмы вясковага жыцця, якія сам і складае. Без яго ўдзелу зараз не абыходзіцца ні адно свята ў Галубах, ні адзін канцэрт у мясцовым клубе. А мужчыны з павагай называюць Канстанціна Іванавіча мясцовым Кулібіным. Якой толькі тэхнікі і прыстасаванняў няма на яго двары! А яшчэ Канстанцін Іванавіч умее шыць на швейнай машынцы. Бывае, што шые для сябе і іншых артыстаў сцэнічныя касцюмы. Атрымліваецца няблага.
Цяжка паверыць, што ў адной асобе так арганічна спалучаюцца і артыст, і інжынер. На першы погляд, нават цяжка вызначыць артыстычнага ці тэхнічнага больш у натуры Канстанціна Іванавіча. На падворку стаіць трактар, ёсць да яго і многія тэхнічныя прыстасаванні, большасць якіх гаспадар аднавіў са старых запчастак, якія ў свой час былі спісаны на металалом. Вясновай парой у час пасадкі агародаў і восенню, калі капаюць бульбу, Канстанцін Іванавіч са сваёй тэхнікай у вяскоўцаў нарасхват. І ў час нашага візіту трактар у поў-най баявой гатоўнасці стаяў каля варот, чакаючы выезду ў поле.
З гонарам паказваў гаспадар кампрэсар, кацёл, электрычныя сячкарню і агародніна-здрабляльнік уласнай канструкцыі. Як апошні спрытна і хутка рэжа на корм свінням і карове бульбу, яблыкі і буракі, мы змаглі пабачыць на свае вочы.
Канстанцін Іванавіч з жонкай Галінай Міхайлаўнай, якая і зараз яшчэ выкладае замежную мову ў мясцовай школе, адны з нямногіх у Галубах, хто трымае карову. Гаспадары не нарадуюцца, якое смачнае і тлустае ў яе малако. Электрычная маслабойка ў іх доме — прадмет вельмі патрэбны, у рабоце яна амаль кожны дзень. Калі аднойчы ў яе згарэў матор, Галіне Міхайлаўне доўга перажываць з-за паломкі не прыйшлося і нават здаваць у рамонт маслабойку не давялося. Муж сам адрамантаваў матор, і вечарам маслабойка працавала як новенькая.
У свой час Канстанцін Іванавіч Мойса закончыў Жыровіцкі тэхнікум механізацыі сельскай гаспадаркі. Там палюбіў і навучыўся разбірацца ў тэхніцы. Пасля заканчэння 35 год адпрацаваў у школе, дзе выкладаў хлопцам- старшакласнікам спецкурс “Трактар”.
— На сёння амаль усе трактарысты галубоўскай зоны мае былыя вучні. Сярод іх і неаднаразовы пераможца спаборніцтва, лепшы механізатар СПК імя А. Міцкевіча Васіль Іванавіч Жамойда,— з задавальненнем расказвае Канстанцін Іванавіч пра сваіх былых вучняў.
У мінулым годзе ў Галубы наведаліся члены студэнцкага этнаграфічнага таварыства з Мінска. Юнакоў і дзяўчат Канстанцін Іванавіч здолеў зацікавіць і ўразіць музычнымі здольнасцямі, сваімі прыпеўкамі, веданнем мясцовых легенд і паданняў. Пасля іх ад’езду з Мінска Канстанціну Іванавічу прыйшло пісьмо, якое ён не прамінуў паказаць мне:
«Студэнцкае этнагра-фічнае таварыства шчыра дзякуе Вам за дапамогу ў этнаграфічнай экспедыцыі, што праводзілася па Мастоўскім і Шчучынскім раёнах у жніўні 2014 года». Сёння музыка для Канстанціна Іванавіча — любімы занятак, а магла б стаць прафесіяй. Прыгожы голас яму і брату Расціславу дастаўся ў спадчыну ад маці Марыі Юльянаўны.
—У дзяцінстве я вельмі хацеў навучыцца іграць на баяне. Доўга ўпрошваў бацькоў, каб купілі мне яго. На такую пакупку ў бацькоў, напэўна, не хапала грошай, і я застаўся без баяна. Калі служыў у арміі ў Слуцку, спяваў у ваенным хоры, давялося нават выступаць у Мінску ў Доме афіцэраў. Пазней спяваў у царкоўным хоры ў Орлі. Брат Расціслаў таксама сёння звязаны з музыкай, ён працуе ў фірме “Зонта”, якая займаецца выпускам многатэмбравых баянаў. Можа, з цягам часу ў нашай сям’і з’явіцца і прафесіянальны музыкант. Унучка Дарына зараз у Мастах у музычнай школе асвойвае ігру на флейце, — расказвае К.І. Мойса пра свае не зусім простыя, але цудоўныя адносіны з музыкай.
У тым, што нягледзячы на абставіны Канстанцін Іванавіч на ўсё жыццё застаўся лірыкам, ёсць заслуга яго настаўніцы роднай мовы Марыі Якаўлеўны Ступакевіч. Ёй удзячны вучань праз гады напіша проста, але ад душы :Нам з Вамі па-добраму пашанцавала,Настаўнікаў такіх было нямала.А Вы былі дабразычлівай, але строгай,Вы ідэал наш — настаўніца ад Бога!
Галубы мы пакідалі ў добрым настроі. На развітанне Канстацін Іванавіч і яго сябар Уладзімір Іванавіч Гедрэвіч, акампаніятар мясцовага сельскага клуба, наладзілі сапраўдны канцэрт. Уладзімір Іванавіч іграў на гармоніку. Канстанцін Іванавіч спяваў уласныя прыпеўкі і іграў на барабане, які таксама змайстраваў сам, і сцвярджаў, што ў гэтага барабана асаблівае гучанне і ён ніколі не памяняе яго на іншы. Каб паслухаць імправізаваны канцэрт, каля варот прыпыняліся вяскоўцы. Усім было весела…
Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧФота В. ДЗЕГЕЛЕВІЧА
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад