Заря над Неманом Идет подписка О газете Контакты

Музычны спектакль на сцэне Мастоўскага цэнтра культуры

Музычны спектакль на сцэне Мастоўскага цэнтра культуры31 января 2019 — 08:52

Сотні рабят з устаноў адукацыі горада Масты сталі  гледачамі дзіцячага музычнага спектакля па п’есе паэтэсы і драматурга Машы Лукашкінай, які адбыўся на галоўнай сцэне Мастоўскага цэнтра культуры. Было шмат эмоцый, захапленняў і бурных апладысментаў.

Дзесяць рабят са школ горада другі год займаюцца ва ўзорным тэатры Мастоўскага цэнтра культуры, якім кіруе рэжысёр Ала Герасімчык. У канцы мінулага года на суд гледача яны вынеслі прэм’еру спектакля “Як навучыць умывацца коціка”. Выдатная ігра маленькіх акцёраў, якія таленавіта ўвасобіліся ў казачныя ролі, прыгожыя дэкарацыі, цудоўная музыка нікога не пакінулі абыякавымі.

І вось пастаноўка спектакля адбылася ў другі раз. І зноў поўная зала гледачоў і цудадзейства на сцэне.

- Я знаходзілася ў зале ў час спектакля, - расказала загадчык сектара культуры райвыканкама Анастасія Палуйчык, - і бачыла, з якім захапленнем глядзелі яго рабяты. Яны вельмі эмацыянальна рэагавалі на  ўсе падзеі, перажывалі за герояў, падтрымлівалі іх апладысментамі.

На спектаклі прысутнічала і метадыст Гродзенскага  абласнога метадычнага цэнтра  народнай творчасці Аліцыя Рабцава.

- Аліцыя Людвікаўна, як вы ацэньваеце спектакль і наогул дзейнасць узорнага тэатра Мастоўскага цэнтра культуры?- запыталі мы ў яе.

- На Гродзеншчыне ажыццяўляюць сваю дзейнасць каля трох дзясяткаў народных і ўзорных тэатральных калектываў, і мастоўскі – адзін з лепшых, - сказала А.Рабцава. -  Рэжысёр яго Ала Герасімчык працавала і са старшакласнікамі, і з рабятамі сярэдняга ўзросту і заўсёды дабівалася поспеху на абласным фестывалі ўзорных тэатраў “Слонімскія цудадзействы”. Былі і першыя, і другія месцы, і спецыяльныя прызы. Тэатр пастаянна развіваецца. Цяпер Ала Мікалаеўна знайшла агульную мову з малодшымі дзецьмі, і спектакль удала атрымаўся. Гэта было бачна па псіхалагічным і эмацыянальным уздзеянні персанажаў спектакля  на гледача, па тым, наколькі ўпэўнена ўвайшлі рабяты ў свае ролі, былі вывераны кожны жэст, кожнае дзеянне.

- Аліцыя Людвікаўна як спецыяліст у чарговы раз  дала нашаму тэатру нямала каштоўных парад, - расказала А.Герасімчык. - Мы іх абавязкова ажыццявім і, вядома ж, будзем удзельнічаць у абласным фестывалі. Лічу, што ўсе дзеці таленавітыя, толькі трэба развіць гэты талент. Прыемна бачыць, як рабяты мяняюцца, становяцца больш разняволеннымі, камунікабельнымі. Займаюцца ўжо другі год, і ніводнае дзіця  не пакінула  тэатр.

Пошук добрага матэрыялу для пастаноўкі заўсёды справа няпростая, а тым больш для дзяцей. Але яна з цікавым сюжэтам, добрая і павучальная. Персанажам агучваць вершаваны тэкст цяжэй чым празаічны, аднак рабяты справіліся.

- Добра ігралі свае ролі Міхаіл Самусеў,  Цімафей Васіленка, Аляксандра Шчапаньска, Насця Шэйн, Жэня Добры, Насця Кулажэнка, Арцём Клачко, Влад Чаркоўскі, Карына Дзянісік і Даша Дольнік. Дапамаглі таксама калегі. Шаміль Тайраў напісаў выдатную музыку і зрабіў аранжыроўку, харэограф Аксіння Занкавец навучыла рабят дакладным рухам на сцэне, дэкарацыі і грым дапамагла стварыць мастак-пастаноўшчык Ірына Агей, светлавое і гукавое  афармленне - Аляксандр Матусевіч і Дзмітрый Шапялевіч.  Прыемна, што наш спектакль высока ацанілі мастаўчане, - адзначыла Ала Герасімчык.

С.ЗВЯРОВІЧ

Фота аўтара

 

 

При использовании авторских материалов гиперссылка на сайт www.mosty-zara.by обязательна. 


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка О газете Контакты