
У год 80-годдзя Вялікай Перамогі ў Гудзевічах ля адміністрацыйнага будынка аформілі стэнд з партрэтамі мясцовых жыхароў, удзельнікаў вайны.
Устаноўлены ён у вельмі зручным месцы. Многія з тых, каму па справах неабходна звярнуцца да адміністрацыі, затрымліваюцца ля стэнда, бачачы знаёмыя прозвішчы і фотаздымкі аднавяскоўцаў. Усе яны вярнуліся з вайны з франтавымі ўзнагародамі і ў мірны час вельмі старанна працавалі ў сваіх гаспадарках, якія з часам аб’ядналіся ў закрытае акцыянернае таварыства “Гудзевічы”.
Уладзімір Аксаміт з Радзявіч ваяваў пад Кёнігсбергам, узнагароджаны медалём “За адвагу”. Яго аднавясковец Павел Багдан служыў сувязістам, быў цяжка паранены. З вайны вярнуўся інвалідам. Браў Кёнігсберг таксама Уладзімір Ягнешка з Дублян. Медалём “За адвагу” адзначаны ратныя справы Івана Бурага з Адзверна, Уладзіміра Дзямбіцкага з Радзявіч, Адольфа Рыжэўскага з Дублян. Адольф Янавіч сустрэў Перамогу у Берліне. Іван Хомка з Сямірэнак таксама ваяваў у Германіі, а яго аднавясковец Уладзімір Ціхай вызваляў Варшаву. Да нямецкай сталіцы дайшлі дарогамі вайны Мікалай Улановіч з Куляўшчыны і Станіслаў Олек з Дублян.
Усяго ў Гудзевіцкім сельсавеце пражывала 107 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны.
Станіслаў ЗВЯРОВІЧ
Фота аўтара
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад