Больш як пяць дзесяцігоддзяў радуе слухачоў сваёй творчасцю народны мужчынскі хор, што працуе пры Мастоўскім раённым цэнтры культуры. Аднак, каб загучаць пановаму, калектыву патрэбны маладыя галасы.
Афіцыйным часам стварэння мужчынскага хору з’яўляецца 1966 год, а яго першым кіраўніком быў Вацлаў Людвікавіч Гайдукевіч. У 1977 годзе хор атрымаў званне народнага, і гэта быў першы калектыў на Мастоўшчыне, удастоены такога высокага звання.
Двойчы на працягу свайго творчага шляху ўдзельнікі хору станавіліся лаўрэатамі Усесаюзнага фестывалю самадзейнай творчасці. Калектыў прымаў удзел у тэлевізійным конкурсе “Таварыш, песня”, а ў 2015 годзе стаў лаўрэатам III ступені рэспубліканскага фестывалю харавога мастацтва “Пеўчае поле”.
Сваё майстэрства адзіны на Гродзеншчыне мужчынскі хор дэманструе не толькі ў родным краі, але і за яго межамі. Ён гастраляваў і выступаў з канцэртамі ў Польшчы, Літве, Латвіі, Расіі.
Але час няўмольны: рысы вопыту і мудрасці, што набыў калектыў за паўстагоддзя, маюць і адваротны бок – энтузіясты песеннага мастацтва становяцца больш сталымі і пакідаюць хор і сцэну.
Не сакрэт, што большасць з удзельнікаў хору – людзі старэйшага пакалення, пенсіянеры. Некаторыя з іх размянялі ўжо восьмы дзясятак, а гэта не дадае сіл і здароўя, адзначае цяперашні кіраўнік калектыву Аляксандр Міхайлавіч Коцка. – Нам неабходна абнаўленне, хочацца, каб хор загучаў маладымі галасамі. У вэтэранаў нашага калектыву столькі бясцэннага вопыту, аптымізму і сілы духу, што яны з задавальненнем падзеляцца імі са сваімі пераемнікамі. Упэўнены, што сярод мастаўчан ёсць аматары добрай песні, якія любяць музыку ўсёй душой і хацелі б парадаваць сваім талентам і майстэрствам нашых шматлікіх слухачоў.
Усіх жадаючых стаць удзельнікамі народнага мужчынскага хору запрашаюць 19 верасня, у 17.00 гадзін, у Мастоўскі раённы цэнтр культуры. І няхай загучаць знаёмыя мелодыі новымі галасамі!
Н.ШЭЎЧЫК
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад